Сумесная заява беларускіх праваабарончых арганізацый наконт распаўсюду юрыдычным факультэтам Белдзяржуніверсітэта "пакаяльных" відэа
24 мая 2023 года ў афіцыйным акаўнце юрыдычнага факультэта БДУ ў Інстаграм былі апублікаваныя відэа, дзе студэнт юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта "прызнаецца" ў распаўсюдзе "дыскрэдытуючых звестак у дачыненні да адміністрацыі юрыдычнага факультэта, а таксама звестак, якія ганьбуюць БРСМ юрыдычнага факультэта". Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, звяртаем увагу на тое, што стварэнне і распаўсюджванне такіх відэазапісаў недапушчальнае і з'яўляецца супрацьпраўным дзеяннем. Акрамя гэтага, асобна хочам падкрэсліць, што ў дадзеным выпадку ў супрацьпраўныя дзеянні ўцягнутая адміністрацыя юрыдычнага факультэта БДУ, а таксама квазі-грамадскія студэнцкія арганізацыі, якія дзейнічаюць з ведама і пад кантролем адміністрацыі (студэнцкі саюз, прафсаюзная арганізацыя і БРСМ юрыдычнага факультэта).
З 2020 года ў прапагандысцкіх Telegram-каналах і Telegram-каналах беларускіх сілавых структур сталі распаўсюджвацца "пакаяльныя" відэа, у якіх людзей прымушалі "прызнавацца" ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў, якіх яны не здзяйснялі, і ў шэрагу выпадкаў раскрываць пра сябе асабістую інфармацыю (напрыклад, аб сэксуальнай арыентацыі або памеры зарплаты). Звяртаем увагу на тое, што відэа са студэнтам юрыдычнага факультэта БДУ з'яўляецца падобнай практыкай. У канцы відэа студэнт кажа "ў здзейсненым віну прызнаю цалкам, каюся". Відэа выклікала шырокае абмеркаванне ў сацыяльных сетках і незалежных СМІ. Праз некаторы час пасля першага відэа з'явілася і другое з гэтым жа студэнтам, якога гэтым разам прымусілі тлумачыць, што ён здымаўся ў першым відэа добраахвотна.
Практыка стварэння падобных відэа неаднаразова асуджалася праваабарончымі арганізацыямі, а таксама ў дакладзе місіі АБСЕ па ўстанаўленні фактаў у Беларусі 2023 г. Незалежна ад дэклараваных удзельнікамі ў здымцы прычын, а таксама матывацыі тых, хто здымае падобныя відэа, абставіны стварэння такіх відэа кажуць аб сістэмных фактах прымусу, якія ў дадзены момант перайшлі з практык дзейнасці сілавых ведамстваў у практыку дзейнасці ВНУ, і, што асабліва шакуе, у дзейнасць флагмана беларускай юрыдычнай адукацыі — юрыдычнага факультэта БДУ. У сувязі з гэтым хочам нагадаць, што стварэнне і распаўсюджванне падобных відэа парушаюць свабоду ад абыходжання, якое зневажае годнасць, свабоду выказвання меркавання, права на неўмяшанне ў асабістае жыццё. Калі такія дзеянні здзяйсняюцца на тэрыторыі ўстановы адукацыі, гэта таксама з'яўляецца і парушэннем права на адукацыю (у частцы акадэмічнай свабоды і стварэння ў адукацыйнай установе спрыяльнай атмасферы без абраз і прыніжэння годнасці).
У адпаведнасці з артыкулам 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ніхто не павінен зазнаваць катаванні або жорсткія, бесчалавечныя або прыніжаючыя яго годнасць абыходжанне або пакаранне. Сам факт запісу падобнага відэа пад прымусам, прымус маладога чалавека "віну прызнаваць цалкам, каяцца" ў публічнай прасторы з'яўляецца прыніжаючым годнасць зваротам.
Згодна з часткай 1 артыкула 17 Пакта ніхто не можа падвяргацца адвольнаму або незаконнаму ўмяшанню ў яго асабістае і сямейнае жыццё, адвольным або незаконным замахам на недатыкальнасць яго жылля або таямніцу яго карэспандэнцыі або незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю. Малады чалавек вымушаны назваць сваё імя, прозвішча, месца вучобы, паказваць свой твар, прызнавацца ў здзяйсненні нейкіх дзеянняў, якія нібыта ганьбуюцца грамадствам. Усё гэта ўяўляе сабой ўмяшанне ў яго асабістае жыццё і з'яўляецца незаконным замахам на яго гонар і рэпутацыю.
Студэнт "рэкамендуе" іншым маладым людзям "сачыць за тым, што, каму і ў якіх сітуацыях яны кажуць" і "працаваць на карысць нашай краіны". Права на свабоднае выказванне меркаванняў абавязкова ўключае ў сябе свабоду не выказваць сваё меркаванне (Заўвага агульнага парадку № 34 Камітэта па правах чалавека, пункт 10). Аналагічная норма ўтрымліваецца і ў частцы 2 артыкула 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх.
Відавочна, што пры стварэнні і распаўсюдзе падобных відэа дадзеныя правы ніяк не ўлічваліся. Выклікае здзіўленне, як падобныя парушэнні правоў чалавека спалучаюцца з наяўнасцю на юрыдычным факультэце кафедры канстытуцыйнага права і прадмета "Права правоў чалавека".
Таксама мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, выказваем асаблівую занепакоенасць у сувязі з тым, што дадзенае відэа з'явілася менавіта ў афіцыйных каналах вышэйшай навучальнай установы, якая рыхтуе самую вялікую колькасць юрыстаў у краіне і прэтэндуе на званне ВНУ, якая забяспечвае лепшую юрыдычную адукацыю ў Беларусі.
У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 13 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах адукацыя павінна быць накіравана на поўнае развіццё чалавечай асобы і стварэнне яе годнасці і павінна ўмацоўваць павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў.
У сілу пункта 38 Заўваг агульнага парадку № 13 Камітэта ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах права на адукацыю можа ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці ў выкладчыкаў і навучэнцаў акадэмічнай свабоды. Згодна з пунктам 39 вышэйзгаданых заўваг акадэмічная свабода ўключае права асоб свабодна выказваць меркаванні аб установе або сістэме, у якіх яны працуюць, выконваць свае функцыі, не зазнаваючы праяў дыскрымінацыі або страху перад пераследам з боку дзяржавы ці іншага суб'екта, прымаць удзел у працы прафесійных або прадстаўнічых навуковых органаў і карыстацца ўсімі міжнародна прызнанымі правамі чалавека, уласцівымі іншым асобам паводле той жа юрысдыкцыі.
Ні пра якую акадэмічную свабоду, магчымасць мець сваё меркаванне аб якасці адукацыі, пра ініцыятывы, якія прасоўваюцца, пра развіццё рознабаковых асоб у ВНУ, дзе практыкуюцца падобныя рэакцыі ў дачыненні да студэнтаў, гаворка не ідзе.
Рэалізацыя права на адукацыю — гэта не толькі магчымасць наведвання вучэбных заняткаў і атрыманне ведаў у розных сферах, але і карыстанне акадэмічнай свабодай, а таксама правамі чалавека.
Згодна з пунктам 9 Асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў, урада, прафесійныя асацыяцыі юрыстаў і навучальныя ўстановы забяспечваюць належную кваліфікацыю і падрыхтоўку юрыстаў і веданне імі прафесійных ідэалаў і маральных абавязкаў, а таксама правоў чалавека і асноўных свабод, прызнаных нацыянальным і міжнародным правам.
Практыка запісу "пакаяльных відэа" ў сценах юрыдычнага факультэта пагражае сваімі доўгатэрміновымі наступствамі ў супольнасці юрыстаў, сведчыць пра непавагу да права, заахвочванне адміністрацыяй факультэта неправавых падыходаў, сродкаў і метадаў. Усё гэта фармуе зусім неадэкватныя ўяўленні ў студэнтаў пра права ў цэлым, пра правы чалавека і магчымасці іх рэалізацыі. Цяжка ўявіць, што будучыя юрысты, атрымаўшы такі "вопыт" рэалізацыі базавых правоў чалавека, змогуць адэкватна разумець сутнасць гэтых правоў і абараняць гэтыя правы ў будучыні. Наступствы дзеянняў па разбурэнні базавых асноў юрыдычнай адукацыі, якія зыходзяць ад адміністрацыі вышэйшых навучальных устаноў, маюць вельмі глыбокі і цяжка ліквідаваны характар, таму асабліва важна, каб гэтыя дзеянні атрымалі прынцыповую ацэнку.
Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, рашуча асуджаем дзеянні прадстаўнікоў юрыдычнага факультэта БДУ, адказных за размяшчэнне "пакаяльнага відэа", і выказваем сваю падтрымку студэнту, якога прымусілі зняцца ў гэтых роліках.
Мы патрабуем ад адміністрацыі юрыдычнага факультэта, уключаючы дэкана А.Шыдлоўскага, намеснікаў дэкана А.Пабярэжную, У.Сухапарава, С.Калініна, а таксама прарэктара БДУ па ідэалагічнай працы А.Бакун спыніць супрацьпраўную практыку санкцыянавання і/ці арганізацыі такіх метадаў уздзеяння на студэнтаў, прыняць усе меры па аднаўленні парушаных правоў, прынесці прабачэнні студэнтам, якія падвяргаліся запалохванню, а таксама спрыяць вяртанню духу акадэмічнай свабоды ў ВНУ і забяспечыць павагу і захаванне правоў чалавека ў дачыненні да студэнтаў.
Мы заклікаем партнёраў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і юрыдычнага факультэта давесці да ведама адміністрацыі ўніверсітэта сваю пазіцыю аб недапушчальнасці такіх дзеянняў, нагадаць пра важнасць захавання прынцыпаў акадэмічнай свабоды і правоў чалавека і пераглядзець сваё супрацоўніцтва з БДУ да моманту аднаўлення парушаных правоў і вяртання ў працу ВНУ прынцыпаў акадэмічнай свабоды.
Акрамя таго, асабліва звяртаемся да прадстаўнікоў юрыдычнай супольнасці Беларусі і іншых краін, якія ў тым ці іншым выглядзе супрацоўнічаюць з юрыдычным факультэтам Белдзяржуніверсітэта, і нагадваем пра асаблівую сацыяльную адказнасць і важнасць дзейнічаць у духу права. І таксама заклікаем пераглядзець сваю падтрымку і супрацоўніцтва да моманту аднаўлення рэальных прававых сэнсаў у юрыдычнай адукацыі, якое забяспечвае БДУ.
Права на Абарону;
Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Дом правоў чалавека ім. Б. Звазскова;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend.