Паўтара года кожны тыдзень. Як беларусы Масквы пішуць паштоўкі палітвязням
Ужо паўтара года беларусы Масквы пішуць віншаванні палітвязням Беларусі. Робяць яны гэта кожны тыдзень — і не спыняюцца. Вясна звязалася з Наталляй — прадстаўніцай дыяспары беларусаў Масквы. Адкуль бярэцца матывацыя, як яны віншуюць палітвязняў з Днём народзінаў і якія адказы атрымліваюць?
Матывацыя
"Для мяне было важна, каб помніць майго земляка Вітольда Ашурка, — кажа Наталля. — Каб ушанаваць памяць пра яго і каб паказаць сабе і ўсім астатнім, што гэтая страта і ахвяра недарма. Гэта матывацыя на ўзроўні, каб зрабіць нешта для роднай Беларусі".
У Наталлі ёсць яшчэ прычыны для матывацыі — актыўным, як яна, людзям патрэбна нешта рабіць:
"Бо калі я не раблю нешта такое для супольнай справы, то мне вельмі цяжка чытаць навіны з Беларусі, немагчыма іх проста чытаць кожны дзень, пералістваць — і не думаць аб тым, якія там ахвяры зараз, як там цяжка прыходзіцца тым, хто сядзіць у турме, каго катуюць, каго арыштоўваюць за смайлікі. І вось заставацца ў старонцы — такога жадання не было. Я хацела не забываць, што наша справа яшчэ не скончаная, што вольная Беларусь наперадзе".
Віншаванні
У сярэднім за месяц беларусам Масквы атрымліваецца павіншаваць ад 30 да 80 палітвязняў. Акрамя віншаванняў, хтосьці з удзельнікаў ініцыятывы можа напісаць вялікі ліст.
"У лістах мы пішам радкі з вершаў розных паэтаў, укладваем паштовачкі. Але не заўсёды атрымліваецца напісаць вялікія лісты. І, напрыклад, калі мы падпісваем 15-20 капэртаў, то таксама 3-5 лістоў пішам дакладна. Бывае так, што мы бярэм адну двухбаковую паштоўку і падпісваем усімі удзельнікамі па некалькі радкоў — і так атрымліваецца супольнае віншаванне на адной паштоўцы".
Адказы
Каля трох дзясяткаў ужо назбіралася зваротных капэртаў — калі на самом капэрце ўказана, што палітвязень па тым адрасе ужо не ўтрымліваецца ці выбыў у іншую установу. Ці нават вызваліўся.
А самыя знатныя адказы — ад Арцёма Ласкага, палітыка Мікалая Статкевіча (адказ прыйшоў у студзені 2022 года) і сябры “Вясны” Валянціна Стэфановіча (прыйшоў у лістападзе 2022 года).
"Валянцін напісаў, што прачытаў Дуніна-Марцінкевіча, які быў вязнем таго ж самага замку, у якія ён сядзіць зараз (на час атрымання ліста — заўв.) — то бок на Валадарцы, старым Пішчалаўскім замку. Таксама ён даслаў паштоўку з Нясвіжскім замкам. А ліст скончыў словамі: “Загляне сонца і ў наша ваконца” і “Вясна прыйдзе незваротна”",— распавядае Наталля.
На штотыднёвыя ліставанні Наталля заўсёды прыносіць адказы палітвязняў:
"І тыя, хто прыходзіць на ліставанне, чытаюць іх — і ўсе вельмі задаволеныя, што мы адказы атрымліваем".