Таццяна Нядбай – Уладзіміру Лабковічу: “Некалі ў Вольнай Беларусі вашымі імёнамі назавуць вуліцы”
З нагоды Дня палітвязняў Беларусі “Вясна“ публікуе серыю адкрытых лістоў сваім калегам у турмы. У час, калі для тысячаў зняволеных беларусаў ствараюцца штучныя перашкоды ў ліставанні з роднымі і сябрамі, гэтая акцыя павінна паказаць і беларускаму грамадству, і тым служкам рэжыму, якія выконваюць сваю брудную ролю, што ніводзін з палітвязняў не забыты, што людзі памятаюць пра ўсіх, каго ўлада пазбавіла волі за свае перакананні. Гэтым разам публікуем ліст старшыні Беларускага ПЭНа, паэткі і перакладчыцы Таццяны Нядбай праваабаронцу і юрысту Уладзіміру Лабковічу, якога асудзілі да сямі гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Дарагі Уладзю!
За дзень да твайго затрымання, мы коратка перакінуліся рэплікамі ў месенджары:
– Ты сам не збіраешся сюды?
– Збіраюся 19 ліпеня, калі паспею)
– Ну, а я ўжо 19-га буду ў Беларусі
– Таксама, калі паспееш)
Назаўтра цябе затрымалі, я скроліла навіны з бяспечнай кватэры нашага сябра, чытала, як аднаго за адным хапалі калег і сяброў, урываліся ў офісы і дамы людзей, уся віна якіх была ў тым, што яны хацелі зрабіць свет лепшым, хацелі зрабіць Беларусь краінай, у якой кожны чалавек мог адчуваць сваю годнасць, а правы чалавека былі б базавым прынцыпам дзяржавы. Я перакананая, што гэта яшчэ адбудзецца, вашыя ахвяры недарэмныя, усё не дарэмна.
Але тады, у ліпені 2021 ні ты, ні я нікуды не паспелі. Кожны раз, калі я згадваю тую размову ці распавядаю пра яе супольным знаёмым, маю дрыжыкі на скуры і фізічна адчуваю несправядлівасць, якая махінай падмінае чалавечыя жыцці і лёсы.
Мне вельмі баліць, калі думаю пра тваіх дзетак, калі згадваю, як цёпла ты заўжды адгукаўся пра сваю сям’ю, якой ты сёння пазбаўлены, якая пазбаўленая цябе, а самае жудаснае, што потым немагчыма будзе пражыць нанова гэты час, вярнуцца на тую прыступку, з якой нас змыла навальніца. Мне вельмі бракуе твайго пачуцця гумару, магчымасці параіцца з табой па працы, адчування твайго пляча ў нашай агульнай справе. І разам з тым хачу сказаць табе, што ты заўсёды побач.
Нам абарвалі магчымасць размаўляць, сумоўнічаць, заставацца на сувязі. І так – на сёння я магу зрабіць для цябе менш, чым ты для мяне. Я не магу падтрымаць цябе, падзяліцца цытатамі з улюбёных фільмаў, распавесці пра тое, што згадваем цябе і іншых нязменна падчас сяброўскіх і працоўных сустрэч. Але ты – ты падтрымліваеш мяне. Кожны раз, калі хочацца здацца, калі бракуе сілаў і апаноўвае адчай, я згадваю пра вас – тых, хто знаходзіцца «ў кіпцюрох», у засценках, пазбаўлены годнасці. Усё значна больш складана, чым мы думалі, мы недаацэньвалі зло, супраць якога змагаемся, нам хацелася верыць у лепшае. Але сёння, калі гэтае зло нас падмінае, ёсць тое, што мяне мабілізуе і не дае магчымасці здавацца. Гэта разуменне таго, што ты ў закладніках і павінен як найхутчэй апынуцца на волі са сваёй сям’ёй. Усведамленне таго, што я мушу стаць у пэўным сэнсе на тваё месца і працягваць працу, якую ты працягваць пакуль што не можаш.
Некалі ў Вольнай Беларусі вашымі імёнамі назавуць вуліцы – вашы ахвяры, вашы скрадзеныя гады жыцця і здароўя не будуць дарэмнымі. Твае дзеці будуць ганарыцца сваім татам, а я – сяброўствам з табой.
Абдымаю, Таня.
Падтрымайце вясноўца лістамі салідарнасці: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 Уладзімір Мікалаевіч Лабковіч