Сяргей Дубавец – Алесю Бяляцкаму: “Ты зрабіў невераемна шмат для сваёй краіны, але наперадзе ў цябе яшчэ мноства зьдзяйсьненьняў”
З нагоды Дня палітвязняў Беларусі “Вясна“ публікуе серыю адкрытых лістоў сваім калегам у турмы. У час, калі для тысячаў зняволеных беларусаў ствараюцца штучныя перашкоды ў ліставанні з роднымі і сябрамі, гэтая акцыя павінна паказаць і беларускаму грамадству, і тым служкам рэжыму, якія выконваюць сваю брудную ролю, што ніводзін з палітвязняў не забыты, што людзі памятаюць пра ўсіх, каго ўлада пазбавіла волі за свае перакананні. Гэтым разам публікуем ліст публіцыста і літаратара Сяргея Дубаўца лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, стваральніку і старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму, якога асудзілі да дзесяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за праваабарончую дзейнасць.
Дарагі Алесь!
Мы ведаем цябе як надзейнага сябра, як будаўніка грамадзянскай супольнасьці, як асьветніка і гуманіста, як праваабаронцу, што здабыў Беларусі найвялікшую славу ва ўсім сьвеце. Звычайна, Нобэлеўскімі прэміямі мераюцца ня тыя, хто іх атрымаў, а народы і краіны, да якіх належаць ляўрэаты. На першы погляд, тут ёсьць парадокс: Беларусь атрымала Нобэля і Беларусь пасадзіла Нобэлеўскага ляўрэата ў турму. Насамрэч у турму пасадзіў той прарасейскі рэжым, які сілаю захапіў уладу ў Беларусі і ўчыніў у краіне масавыя рэпрэсіі, такая самыя, якія некалі рабіў Сталін. Гэтай атакай на цябе рэжым канчаткова аддзяліў сябе і ад Беларусі, і ад закону, паказаўшы ўсяму сьвету сваю бесчалавечную сутнасьць.
Вядома, рэжым зусім ня ставіў сабе за мэту выставіць сябе ў такім страшным сьвятле. Дыктатуры звычайна прыхарошваюцца і прыкрываюцца клопатам пра краіну і народ, надзяваюць маску міратворцаў і добрых гаспадарнікаў. Гэта ты з тваім Нобэлем гэтую маску сарваў, паказаўшы антыгуманнасьць гэтага рэжыму, разьвеяўшы ілюзіі наконт „беларускіх уладаў“, якія напавер цалкам антыбеларускія і антычалавечыя.
Тры гады ў Беларусі адбываецца масавы тэрор. Многія тысячы ні ў чым не вінаватых людзей — у турмах, сотні тысяч былі вымушаныя ўцякаць за мяжу. Мільёны ў сябе дома затоена чакаюць стуку ў дзьверы. На ўручэньні Нобэля твая жонка Натальля сказала, што ўся Беларусь сёньня ў турме. Гэта былі важныя словы, бо каб зрабіць крок да вызваленьня, трэба прызнаць, дзе ты знаходзісься. І гэта важнае прызнаньне для ўсіх беларусаў, якое сваёй прэміяй зрабіў ты. Ружовы туман рэжымнай прапаганды больш ня зможа здавацца праўдай. А масавыя арышты і катаваньні ў тваёй краіне больш ня змогуць стаць нормай жыцьця.
Мы абсалютна перакананыя, што ні табе, ні іншым палітвязьням не давядзецца пакутаваць прызначаныя драконаўскія тэрміны за кратамі. Што ў Беларусь вернецца мір, закон і нармальнае жыцьцё. Што зусім хутка зможам сьціснуць цябе ў братэрскіх абдымках.
Трымайся, дарагі дружа! Ты зрабіў невераемна шмат для сваёй краіны, але наперадзе ў цябе яшчэ мноства зьдзяйсьненьняў, якія мы будзем рабіць разам. Верым, любім, кожны дзень думаем пра цябе і пра тое, што можам зрабіць для вызваленьня.
Сяргей Дубавец, публіцыст і літаратар.
*У тэкстце захаваны аўтарскі правапіс.
Падтрымайце Алеся лістамі салідарнасці: ПК № 9. 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16. Аляксандр Віктаравіч Бяляцкі.