Палітзняволенаму Яну Папковічу прысудзілі 4 гады калоніі
Былому інкасатару "Белгазпрамбанка" і экс-спецназаўцу Яну Папковічу ў Мінскім гарадскім судзе 16 траўня агучылі прысуд — чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя Вера Галаўкова прызнала Яна вінаватым паводле арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 (Падрыхтоўка да ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні) Крымінальнага кодэкса.
Перад затрыманнем Ян звольніўся і збіраўся разам з жонкай Анастасіяй і братам Алесем 3 верасня 2022 года з'язджаць у Польшчу, але напярэдадні, 2 верасня 2022 года, быў затрыманы групай Альфа. Падчас затрымання Яна моцна збілі, таксама стрэлам паранілі ягонага сабаку. Для допыту Яна разам з жонкай адвезлі ў частку ўнутраных войскаў на Маякоўскага ў Мінску.
Пасля ператрусу на здымнай кватэры сілавікі паехалі па месцы прапіскі Яна, дзе жылі яго бацькі. За 20 хвілін да прыезду сілавікоў да іх прыйшоў Алесь, другі старэйшы брат Яна — ён зайшоў праведаць бацькоў і прынёс ім прадукты. Сілавікі пачалі яго збіваць на вачах бацькоў і таксама затрымалі. Пазней у гэты ж дзень Алеся і Яна перавезлі ў СІЗА КДБ.
У снежні 2022 года над Алесем адбыўся суд. Яго абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і асудзілі да двух гадоў калоніі. Цяпер ён адбывае тэрмін у віцебскай калоніі № 3.
Яна ж паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі яго наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну. Хлопца абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (Падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні).
Суд над палітвязнем распачаўся 10 траўня ў Мінгарсудзе. Па справе адбылося чатыры пасяджэнні. Вядома, што на судзе Ян сваю віну не прызнаў. Адзін са сведкаў на судзе заявіў, што "на яго аказвалі ціск, і ён падпісваў усё, што скажуць". У якасці доказаў віны Яна агучваліся ягоныя прыватныя перапіскі з жонкай, а таксама сябрамі, якія, паводле следства, служаць ва Украіне ў палку Каліноўскага.
Дзяржабвінавачанне запрасіла для Папковіча чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такі прысуд 16 траўня агучыла суддзя Вера Галаўкова.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, лістамі салідарнасці і тэлеграмамі:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2
Ян Валер'евіч Папковіч