Светлагорскіх "рэйкавых партызан" этапавалі ў калоніі
26 красавіка з СІЗА-3 г. Гомеля былі адпраўленыя ў калоніі трое «рэйкавых партызан» са Светлагорска. Раней паведамлялася пра этапаванне толькі аднаго з іх – Алега Малчанава.
Да месца адбывання пакарання адпраўленыя таксама Дзяніс Дзікун і Дзмітрый Равіч, паведамляе "Гомельская вясна".
Маладых людзей жорстка затрымалі 4 сакавіка 2022 года. У мэсэнджары «Тэлеграм» на канале, дзе размяшчаюцца паведамленні ад імя Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), было змешчана відэа з інфармацыяй аб тым, што затрымана група з 3-х чалавек, двое з якіх займаліся непасрэдна падпалам шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі на 57 кіламетры чыгункі ў Светлагорскім раёне. Рабілася гэта быццам бы па даручэнні, атрыманым па інтэрнэце ад кіраўніка «Байпола» Аляксандра Азарава. Падчас затрымання Дзяніс Дзікун быў моцна збіты. На час следства яны былі змешчаныя ў СІЗА-3 г. Гомеля.
27 снежня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе быў вынесены прысуд жыхарам Светлагорска, якія ў час наступлення расійскіх войск на Кіеў з Гомельшчыны спалілі на чыгунцы шафу з электронным абсталяваннем, каб запаволіць падвоз расійскай вайсковай тэхнікі да ўкраінскай мяжы.
Ад 21 да 23 гадоў калоніі: асудзілі трох светлагорскіх "партызанаў" за дыверсію на чацвёрты дзень вайны
Дзяніс Дзікун быў прыгавораны да 23 гадоў пазбаўлення волі, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч – адпаведна да 21 і 22 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Таксама кожнага падсуднага аштрафавалі ў памеры 150 базавых велічынь і ўсе каштоўныя рэчы, канфіскаваныя падчас вобшукаў, перадалі на карысць дзяржавы. Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў у закрытым рэжыме.
У чэрвені 2022 года трое «рэйкавых партызан» трапілі ў спіс «тэрарыстаў», які вядзе КДБ.
Цяпер падтрымаць палітзняволеных можна, дасылаючы ім лісты і паштоўкі на адрасы:
Дзікуну Дзянісу Сяргеевічу, ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, 213410.
Малчанаву Алегу Анатольевічу, ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211440.
Равічу Дзмітрыю Юр’евічу, ПК № 15, Слаўгарадская шаша, 183, п/а Вейна, г. Магілёў, 213105.