viasna on patreon

"Народжаная пад дубінкамі на Чарнобыльскім шляху". Як пачыналася "Вясна"

2023 2023-04-24T12:09:30+0300 2023-04-24T16:02:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/1996-viasna_gistoryja.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з’явіўся ў 1996 годзе. Тады Алесь Бяляцкі быў дырэктарам музея Максіма Багдановіча ў Мінску, але пасля разгонаў масавых пратэстаў ён пачаў дапамагаць рэпрэсаваным разам з іншымі супрацоўнікамі музея. У гэты час у Бяляцкага і ўзнікла ідэя стварэння праваабарончага цэнтра. Мы сабралі ўспаміны розных людзей, якія засведчылі той час. У матэрыяле выкарыстаны ўрыўкі з кніг "20-я Вясна. Зборнік эсэ і ўспамінаў", "Наша Вясна. Гісторыя ў асобах".

1996-viasna_gistoryja.jpg
Чарнобыльскі шлях-1996

Алесь Бяляцкі:

«Вясна» пачыналася тады, калі цэлую вясну 96-га года ішлі масавыя акцыі, якія адбываліся з розных прычынаў. У красавіку — у сувязі з так званай Саюзнай дамовай з Расіяй, якую Лукашэнка збіраўся заключаць з Ельцыным. Перад гэтым адзначалася 15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі, затым 25 сакавіка — Дзень Волі, калі прайшла вялікая дэманстрацыя па праспекце Незалежнасці да Опернага тэатра і будынку Белтэлерадыёкампаніі на Чырвонай, дзе патрабавалі прамога эфіру, бо тады ўжо былі праблемы з інфармацыяй і яе распаўсюдам. Тады была ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне парадку, але яна нічым не скончылася. А 26 красавіка на плошчы Якуба Коласа сабралася 40-50 тысяч чалавек, якія пайшлі затым па праспекце Незалежнасці да цырка і па вуліцы Багдановіча да Палацу спорта, дзе былі праведзены мітынгі. Падчас гэтай дэманстрацыі міліцыя перакрыла дарогу машынамі, былі выстаўлены кардоны АМАПу, і ўсё гэта суправаджалася жорсткімі сутычкамі з людзьмі.

bialiiacki_sharecki.png
Алесь Бяляцкі спрачаецца з Сямёнам Шарэцкім, у той час — дэпутатам, старшынёй прэзідыюму Вярхоўнага савету, які заклікае людзей на плошчы разысціся. Фота з кнігі Сяргея Навумчыка "Дзевяноста шосты"

Для мяне было гранічна зразумела, што праявіўся напоўніцу фірмовы стыль Лукашэнкі і што так яно і будзе надалей. Трэба было штосьці супрацьстаўляць гэтаму дзяржаўнаму гвалту. Неўзабаве на офісе БНФ па маёй ініцыятыве была сабраная група людзей, у якую ўваходзілі Галіна Вашчанка, Мая Кляшторная ды яшчэ некалькі асобаў, якая распачала тэрміновыя дзеянні па зборы інфармацыі пра затрыманых, пошук дапамогі сем’ям. Хутка такую дапамогу ў выглядзе харчоў: макароны, алей, крупа – мне перадаў адзін з маіх добрых знаёмых, прозвішча якога пакуль што рана яшчэ называць. У музеі Багдановіча мы з супрацоўнікамі музея фасавалі гэтыя харчы ў поліэтыленавыя пакеты з фірмовым знакам музея Багдановіча, а затым раздавалі пацярпелым ды іх сем’ям.

kliashtornaja.jpeg
1997. Дачка расстралянага паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная (справа) на чале калёны з абразам Маці Божай Чарнобыльскай. Фота: "Радыё Свабода"

...Такі быў пачатак дзейнасці Праваабарончага цэнтру «Вясна». Канчаткова рашэнне пра стварэнне самастойнай праваабарончай арганізацыі наспела неўзабаве, калі на адным з мітынгаў я падыйшоў да кіраўнічкі БХК і спытаўся, чаму яны не дапамагаюць матэрыяльна Славаміру Адамовічу (паэт, быў першы, хто падчас прэзідэнцтва Лукашэнкі запатрабаваў у судзе перакладчыка з расейскай на беларускую мову, быў асуджаны на 10 месяцаў турмы за верш «Убей президента» — заўвага рэд.), які на той час сядзеў ужо ў віцебскім СІЗА. У Славаміра была адна толькі маці, якая жыла на вёсцы і не мела істотных матэрыяльных даходаў. Натуральна было, што яго трэба было падтрымліваць перадачамі. Таццяна адказала, што Хельсінкскі камітэт ставіць больш шырокія задачы і не займаецца індывідуальнай дапамогай сядзельцам. На гэтым жа мітынгу я пахадзіў сярод удзельнікаў і пазбіраў грошы на дапамогу Славаміру. Там жа знаходзілася і ягоная маці. Усе сабраныя грошы былі перададзеныя ёй. А я вырашыў, што калі Хельскінкскі камітэт не лічыць патрэбным гэтым займацца, значыць, гэтым будзем займацца мы.

Таксама ад самага пачатку я пачаў ствараць хроніку рэпрэсаваных, першы варыянт якой з’явіўся ў кніжцы «Мінская Вясна-96», а затым яна рэгулярна папаўнялася ў «Беларускіх ведамасцях», якія на эміграцыі пачаў выдаваць Зянон Пазняк. Фіксацыя парушэнняў правоў чалавека стала адной з галоўных задачаў ПЦ «Вясна».

Цэнтральным кірункам нашай працы стала дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і інфармаванне грамадскасці пра гэтыя рэпрэсіі. Усё рабілася на абсалютна добраахвотных пачатках. У той час я працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, быў сакратаром Управы БНФ. Улічваючы, што тады Фронт быў асноўнай актыўнай вулічнай сілай, найбольш ахвяраў было якраз сярод сяброў БНФ. У 97-м годзе да гэтай працы далучыліся некалькі дзяўчат-валанцёрак з ліку супрацоўніц музея – напрыклад, Паліна Сцепаненка. Паступова мы расшырылі сваю працу і пачалі шукаць кантакты ў рэгіёнах, таму што рэпрэсіі разгарнуліся па ўсёй Беларусі.

Пасля некалькіх месяцаў працы Таццяна Процька прапанавала мне ачоліць Мінскую гарадскую арганізацыю БХК. Але, параіўшыся з Вінцуком Вячоркам, я вырашыў не кідаць спробы стварэння самастойнай праваабарончай арганізацыі. Як паказваюць апошнія 15 гадоў нашай дзейнасці, гэта быў правільны шлях».

Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага:

«Трэба разумець, што Алесь — чалавек з абвостраным пачуццём справядлівасці. Таму ўсе гэтыя працэсы адбываліся натуральным чынам, як працяг рэалізацыі яго як асобы і таго, што ён лічыў справядлівым. Колькі я яго ведала, ён знаходзіўся ў тых ці іншых суполках: «Тутэйшыя» і гэтак далей. Гэта ўсё лагічна выцякала адно з другога, у тым ліку і праваабарона. Алесь заўсёды ў эпіцэнтры беларускага жыцця, ён дзейнічае там, дзе найперш патрэбна дапамога.

Для яго гэта было важна, а інакш ён проста не мог. Ненармаваны працоўны дзень — гэта пра Алеся. Я заўсёды здзіўлялася, адкуль у яго сілы браліся. Яму ад нараджэння вельмі шмат дадзена, ён можа брацца за некалькі справаў адначасова і ўсё гэта рабіць».

Галіна Вашчанка (Пазняк), дэпутатка Менскага гарсавету, жонка Зянона Пазняка:

vashchanka.png
Галіна Вашчанка (злева) на мітынгу БНФ супраць путчу ў 1991 годзе

«На падтрымку ўсіх затрыманых і іх сем’яў грошы ў Фронце збіраліся актыўна. Ужо была ўтворана Камісія па збору сродкаў у падтрымку рэпрэсаваным з некалькіх чалавек. На ўсе ахвяраваньні складаліся справаздачы (колькі грошай і хто здаў, каму былі размеркаваныя). Найчасцей я старалася выдаткаваць Ганне Сіўчык (жонка актывіста БНФ Вячаслава Сіўчыка – заўв.), памятаю, Алесь Бяляцкі мяне нават стрымліваў: «Дастаткова, ты ўжо занадта шмат ёй выдзяляеш». Потым, калі я паехала ў эміграцыю, ён узначаліў гэтую камісію, і яна ўвайшла ў "Вясну-96"».

Алена Лапцёнак, праваабаронца “Вясны”:

«"Вясна" нарадзілася ў сценах музея Максіма Багдановіча, дзе працаваў дырэктарам на той час Алесь Бяляцкі. «Вясна» выспявала не адзін год: спачатку гэта была гарадская арганізацыя «Праваабарончы цэнтр "Вясна-96"», якая з цягам часу аформілася ў рэспубліканскае аб’яднанне з філіяламі ў розных рэгіёнах краіны. Тады праваабаронцаў у чыстым выглядзе і не было, былі партыйныя актывісты, грамадскія, культурныя дзеячы, адраджэнцы беларускай нацыянальнай ідэі. І, калі ў незалежнай Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, трэба было камусьці ўзяць на сябе арганізацыю дапамогі ахвярам палітычнага супрацьстаяння. Вось яны і ўзялі. Ужо потым сябрамі арганізацыі паступова засвойвалася тэорыя правоў чалавека, на семінарах вывучаліся міжнародныя механізмы і працэдуры».

viasnoucy.jpg
"Вясноўцы" падчас акцыі супраць палітычных знікненняў каля КДБ у 2000 г. (Злева направа: В.Стэфановіч, А.Бяляцкі, Т.Рэвяка і А.Лапцёнак)

Таццяна Рэвяка, праваабаронца:

«Тады з’явіліся першыя палітычныя зняволеныя ў найноўшай гісторыі Беларусі – быў арыштаваны Славамір Адамовіч, пасля Чарнобыльскага шляху ўпершыню былі брутальна затрыманыя больш за 200 чалавек, пачаліся крымінальныя палітычныя справы: Юрась Хадыка, Вячаслаў Сіўчык… З’явілася праблема – і нехта мусіў адказаць на новы выклік. Трэба было пачынаць з элементарных рэчаў. Людзі пайшлі на мітынг – і куды яны зніклі? Як знайсці гэтых людзей? Ніхто не ведаў, што такое Акрэсціна – гэта цяпер грамадскім актывістам гэтая вуліца вядомая з першых крокаў іх дзейнасці. І, у той самы час, пасля масавых затрыманняў на Чарнобыльскім шляху людзі прыносілі ў музей прадукты, каб перадаваць іх зняволеным і падтрымаць родных. Стыхійная дапамога. Памятаю музейныя калідоры, застаўленыя каробкамі. Супрацоўнікі музея на кухні на другім паверсе наразалі сала для перадач. Але тады не было ўспрымання, што гэта пачатак чагосці новага ў жыцці.

У нас напачатку не было адчування, што фармуецца нейкая арганізацыя. Мы думалі, што гэтыя рэпрэсіі неўзабаве скончацца, што мы ўсё пераадолеем, што цяпер трэба памагчы людзям, а потым усё будзе добра, і мы зноў будзем займацца літаратурай».

Паліна Сцепаненка, пісьменніца, літаратуразнаўца, праваабаронца:

«Вясною з’яўляецца адчуванне блізкіх зменаў. Яно ёсць, яно вісіць у паветры. Так было і ў 1996 годзе, калі ў Мінску адбыліся масавыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных акцый пратэсту. Тады і ўзнік праваабрончы цэнтр «Вясна-96» – як спадзяванне на тую вясну, якая не была яшчэ, але будзе, абавязкова прыйдзе.

У 1996-м годзе, калі праходзілі масавыя акцыі, сапраўды была такая сітуацыя, што няясна было, колькі людзей затрымалі, куды іх вязуць. Гэта зараз ужо ўсе гэтыя назвы — Акрэсціна ці СІЗА КДБ — на слыху, а раней людзі гэтага не ведалі, бо не было масавых затрыманняў. Людзі шмат ведалі пра сталінскія рэпрэсіі, што тады ў Курапаты вазілі, а куды вазілі ў 96-м фактычна было невядома. І вось тады з'явілася ініцыятыўная група, якая збірала гэту інфармацыю, дапамагала сваякам, насіла перадачы (на той час, відаць, быў толькі Беларускі Хельсінкскі камітэт, які не займаўся такімі практычнымі пытаннямі, як перадачы, складанне спісаў затрыманых). Усе людзі, якія ўваходзілі ў гэту ініцыятыўную групу, працавалі яшчэ недзе на дзяржаўнай працы — тады гэта было магчыма. Мы вось працавалі ў музеі Максіма Багдановіча.

Аднойчы я ўбачыла, як Алесь Бяляцкі нясе нейкае сала, кажа: «Дапамажы мне парэзаць». Запытваюся: «Навошта?». Кажа: «На перадачы». Мы сталі наразаць сала, раскладаць часнык, а пасля павезлі ўсё гэта на Акрэсціна. І Бяляцкі мне ўсю дарогу казаў: «Ты перадаеш перадачу Барысу Хамайду. Запомні — Барысу Хамайду!» Барыса Хамайды я на той момант ніколі не бачыла і ўвогуле ўпершыню ўбачыла яго дзесьці ў 2010-м годзе, а дагэтуль для мяне ён быў такі міфалагічны чалавек».

muzej_akcyia.jpeg
Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча на акцыі памяці паэта. Мінск, травень 1996(7) г. Фота: БДПЧ

Сяргей Навумчык, журналіст

«У той час дзяржаўныя СМІ ўжо не паведамлялі таго, пра што, як лічылі ўлады, людзям ведаць было ня трэба. Не паведамілі яны і пра стварэньне «Вясны-96», якая пазьней ператварылася ў аўтарытэтную праваабарончую арганізацыю на чале з Алесем Бяляцкім. Але ўлетку 96-га арганізацыя склала вялікі сьпіс пабітых, затрыманых ды асуджаных. Поўніліся аповедамі рэпрэсаваных і нешматлікія незалежныя выданні».

Таццяна Ждановіч (Снітко), журналістка

«Вось гэта, падаецца, і ёсць самае цікавае ў гісторыі праваабарончага руху Беларусі – тое, што пасля валу рэпрэсій 1996 года абсалютна незалежна адна ад адной узнікалі групы людзей, якія часам амаль не былі знаёмыя адзін з адным, але імкнуліся да салідарнасці з пацярпелымі ад рэпрэсій.

У адрозненне ад мноства неабыякавых адзіночак-аматараў, кола Алеся Бяляцкага было больш арганізаваным. Таму яно праіснавала ў канцы 90-х даўжэй, каб у хуткім часе перайсці ў новую форму. Самае ж галоўнае было ў тым, што Бяляцкі і ягоныя сябры падыйшлі да справы сістэмна. Яны вывелі справу дапамогі рэпрэсаваным з узроўню аматарскага на сапраўды прафесійны.

Нават тое, каго і як Алесь запрашаў супрацоўнічаць, ужо казала аб яго назіральнасці і абазнанасці, хто ёсць кім і хто што робіць».

Алесь Бяляцкі:

Пэўна што кожны год жыцця «Вясны» можна залічыць за два, а то і за тры, як гэта рабілі некалі на вайне, залічываючы такім чынам вайсковы «працоўны стаж». У гэтыя гады нас уздымала ў нябёсы і кідала ўдол, нам давалі праваабарончыя прэміі і ўламваліся ў офіс і забіралі камп’ютары, нас ганілі па дзяржаўнай тэлевізіі і намі захапляліся на еўрапейскіх каналах, нас арыштоўвалі і з намі сустракаліся прэзідэнты і нобелеўскія лаўрэаты. Што за фантастычная карціна! Нашая «Вясна» размаляваная крывёю збітых і слязьмі арыштаваных, яна пахне спецпрыёмнікам і турмой. Народжаная пад дубінкамі на Чарнобыльскім шляху, «Вясна» аказалася надзіва жывучай істотай. Ото ж, гэта сапраўдная беларуская вясна!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства