Шэсць еўрапейскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" для беларускіх палітвязняў
Да кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай "Libereco — Партнёрства за правы чалавека", далучыліся шэсць еўрапейскіх парламентарыяў. Сімвалічныя “хросныя” з'явіліся ў палітзняволеных Сяргея Пляшкуна, Віталя Мельніка, Анастасіі Кухты, Аляксандра Данілевіча, Андрэя Паднябеннага, Валерыі і Іны Глінскіх.
Дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі Наталі Імбодэн стала хроснай Сяргея Пляшкуна і заявіла:
"Каб не дапусціць праходу расійскіх вайсковых канвояў і транспартавання баявых сродкаў ва Украіну, Сяргей Пляшкун рызыкнуў усім. Ён паспрабаваў паралізаваць беларускі ўдзел у захопніцкай вайне Расіі ва Ўкраіну і быў асуджаны за гэты мужны ўчынак на 16 гадоў зняволення. Я глыбока не згодна з гэтым рашэннем беларускай судовай сістэмы і заклікаю Аляксандра Лукашэнку гарантаваць правы чалавека, спыніць удзел Беларусі ў вайне і неадкладна вызваліць Сяргея і ўсіх палітычных зняволеных".
Макс Лукс, дэпутат нямецкага Бундэстагу і былы хросны бацька Івана Андрушойця і Івана Комара, трэці раз стаў хросным — гэтым разам Віталя Мельніка. Ён растлумачыў:
"Я рашуча асуджаю павялічэнне колькасці неправамерных палітычных зняволеных у Беларусі і масавыя напады на свабоду сходаў і выказвання меркаванняў у краіне. Віталя Мельніка асудзілі ў закрытым судовым паседжанні на 13 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму нібыта за сабатаж на чыгуначнай лініі, захоўванне зброі і крытычныя выказванні ў адрас Лукашэнкі ў сацыяльных сетках. Я абураны тым, што падчас затрымання яму былі зламысна нанесеныя траўмы! Разгляд справы ў закрытым судовым паседжанні з адсутнасцю грамадскасці, назіральнікаў і незалежнай прэсы з'яўляецца грубым парушэннем працэсуальных правоў абвінавачаных. Я салідарны са сваякамі Мельніка і разам з імі патрабую справядлівага суда і неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі! Я зноў заяўляю пра сваю вялікую салідарнасць са смелай беларускай грамадзянскай супольнасцю і тысячамі затрыманых, якія бясстрашна змагаюцца за дэмакратыю і свабоду на сваёй радзіме!"
Дэпутат нямецкага Бундэстагу, былы хросны бацька Вікторыі Гранкоўскай і Аляксандра Васілевіча Олівер Качмарэк стаў хросным бацькам Анастасіі Кухты. Ён падкрэсліў:
"Толькі ў пачатку сакавіка 2023 года спецыяльная дакладчыца ААН па Беларусі папярэджвала аб далейшым пагаршэнні і без таго дрэннай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Ажыццяўленне свабоды выказвання сістэматычна караецца. Анастасія Кухта — адна з многіх нявінна асуджаных, якія змагаліся за свабоду слова, самавызначэнне і дэмакратыю ў Беларусі. Права на свабоду выказвання меркаванняў замацавана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь ратыфікавала гэты Пакт, што юрыдычна абавязвае яе да яго выканання. Я асуджаю прысуд у дачыненні да Анастасіі, які парушае правы чалавека, і патрабую неадкладнага вызвалення Анастасіі Кухты! Акрамя таго, я як дэпутат хацеў бы прыцягнуць увагу да становішча іншых несправядліва асуджаных палітычных зняволеных у Беларусі".
Дэпутат нямецкага Бундэстагу Філіп Крэмер стаў хросным Аляксандра Данілевіча. Ён кажа:
"Аляксандр Данілевіч (юрыст і суддзя Міжнароднага спартыўнага арбітражнага суда CAS) трапіў у турму за тое, што выступіў за дэмакратыю, за асноўныя правы і супраць вайны. Я цалкам салідарны са смелымі людзьмі ў Беларусі, якія працягваюць змагацца за дэмакратычную Беларусь, нягледзячы на пагрозу арыштаў і жорсткага гвалту. Я рашуча асуджаю дзяржаўны гвалт супраць іх. Аляксандр — адзін з такіх мужных людзей. Я выбраў яго ў якасці хрэсніка. Ён і ўсе іншыя палітвязні павінны быць вызваленыя неадкладна і безумоўна".
Анэтэ Відман-Маўц, дэпутатка нямецкага Бундэстагу і былая хросная маці цяпер ужо вызваленай Яны Арабейкі, стала хроснай Андрэя Паднябеннага. Яна падкрэсліла:
"Многія людзі ў Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца ў незаконным зняволенні за тое, што яны выступаюць у абарону дэмакратыі, свабоды і вяршэнства закона. Так і Андрэй Паднябенны быў зняволены падчас масавых пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў і неўзабаве пасля гэтага асуджаны амаль на 16 гадоў турмы. Раней як назіральнік на выбарах ён падаў скаргу ў беларускую пракуратуру на фальсіфікацыю выбараў. Такія смелыя людзі, як Андрэй Паднябенны, з'яўляюцца прыкладам барацьбы за лепшую будучыню сваёй краіны. Таму іх лёс не павінен быць забыты. Менавіта таму я заклікаю да неадкладнага вызвалення Андрэя Паднябеннага і іншых больш за 1400 палітычных зняволеных у Беларусі".
Каці Піры, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нідэрландаў і былая хросная маці Дзмітрыя Кулакоўскага, які тым часам выйшаў на волю, стала хроснай Валерыі і Іны Глінскіх. Яна заявіла:
"Выклікае абурэнне той факт, што ў Беларусі — краіне, якае мае агульную мяжу з ЕС, — больш за 1400 чалавек знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах. У якасці прыкладу можна прывесці маці і дачку Іну і Валерыя Глінскіх, асуджаных на жорсткія 7 і 6,5 гадоў пазбаўлення волі. Я заклікаю да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і да вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі!"
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
#WeStandBYyou. Распавядаем, хто такія "хросныя" палітвязняў і чым яны займаюцца