Затрыманне былога палітвязня і мужчыну за сімволіку вольнай Расіі: хроніка пераследу 11 красавіка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрымалі байкера, які ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мотапрабегу салідарнасці
У пакаяльным відэа мужчына кажа, што падпісаны на "дэструктыўныя тэлеграм-каналы", з якіх рабіў рэпосты. Яму пагражаюць узбуджэннем крымінальнай справы.
Былы ўладальнік крамы "Кубик" стаў падазраваным па крымінальнай справе
Антон Янкоўскі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.19.10 і ч.2 арт.19.11 КаАП, а таксама 30 студзеня прызнаны падазраваным ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.361-1 КК "Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім".
Як паведаміў тэлеграм-канал Право имеют, пра гэта стала вядома з дакументаў, якія даслалі Вользе Бондаравай у адказ на яе просьбу правесці праверку. Янкоўскага затрымалі за рэгістрацыю ў чат-боце “План Перамога” і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў "Вконтакте".
Праваабаронцам стала вядома, што сёння зранку ў Дзяржынску зноў адбываюцца ператрусы і затрыманні.
Падрабязнасці высвятляюцца.
У гомельскай вобласці сілавікі затрымалі адразу шэсць мужчын і адну дзяўчыну
Іх абвінавачваюць у датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці.
Адзін з мужчынаў у пакаяльным відэа кажа, што быў падпісаны на "экстрэмісцкія" тг-каналы і заклікаў да экстрэмізму іншых.
"Пісаў у чатах і раіў, што і як рабіць. Пра лазерныя ўказкі і ўсё астатняе".
У Жлобіне міліцыя затрымала былога палітвязьня, які правёў на волі толькі два тыдні
Пра гэта паведаміла Радыё Свабода.
Гэта актывіст БСДП Пятро Канстанцінаў. Ён выйшаў на волю 28 сакавіка. Канстанцінаў цалкам адбыў тэрмін у 2 гады ў калёніі ў Навасадах Барысаўскага раёну.
Пятра затрымалі ў чэрвені 2021 году ў Жлобіне. Крымінальная справа тычылася пратэстаў 9-10 жніўня 2020 года.
У Мінску затрымалі грамадзяніна Расіі за бела-сіне-белую налепку на машыне
Мужчына родам з Пскова. У пакаяльным відэа ён кажа, што набыў дома машыну і прыехаў на ёй у Беларусь.
Гэтую сімволіку выкарыстоўвае таксама легіён "Свободная Россия", які ваюе на баку Украіны. Сілавікі называюць арганізацыю тэрарыстычнай і закідваюць мужчыну прапаганду тэрарызму.
У Віцебску людзей масава выклікаюць у пракуратуру
Папярэдне, мясцовых жыхароў, якія раней падвяргаліся адміністрацыйнаму пераследу праз палітычныя прычыны, запрашаюць у пракуратуру на "прафілактычную гутарку".
Падчас размовы ў людзей спрабуюць даведацца, ці кантактавалі яны з офісам Святланы Ціханоўскай, ці мелі дачыненне да выбарчага штабу Ціханоўскай у 2020 годзе, а таксама ці былі яны звязаныя з Каардынацыйнай Радай.
Крыніцы MAYDAY апісваюць колькасць выкліканых людзей як "вельмі вялікую”. Па выніках сустрэч з людзей бяруць подпіс аб праведзенай гутарцы.