25 сакавіка 2004 году Судовая Калегія па Грамадзянскім Справам Брэсцкага абласнога суду не задаволіла скаргу Ніны Давыдоўскай, аштрафаванай за распаўсюд улётак-віншаваньняў з Міжнародным днём правоў чалавека (10 сьнежня 2003 года).
25 сакавіка 2004 году Судовая Калегія па Грамадзянскім Справам Брэсцкага абласнога суду ў складзе Дмітрука Г.Р., Усьцімчук Н.С. і Чэбушавай Н.С. “разгледзела” касацыйную скаргу грамадзянкі Ніны Давыдоўскай і пакінула пастанову Адміністратыўнай камісіі адміністрацыі Маскоўскага раёну г. Брэста ад 19.10.2003 году “без зьменаў, без задавальненьня”.
19 сьнежня 2003 году Адмінистратыўная камісія адміністрацыі Маскоўскага раёну г. Брэста прыцягнула да адміністратыўнай адказнасьці Ніну Давыдоўскую ў выглядзе штрафу ў памеры 49.000 рублёў за парушэньне ч. 3 арт. 172 КаАП РБ.
Ніне Давыдоўскай ставілася ў віну тое, што яна “…ля прахадной заводу “Колератрон”, што па вуліцы Суворава, 55, распаўсюджвала ўлёткі, вырабленыя з парушэньнем вызначанага парадку і ня маючых выходных дадзеных, зьмест якіх накіраваны на нанясеньне шкоды дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку і законным інтарэсам грамадзян”.
Варта адзначыць, што старшынствуючы Судовай Калегіі Дмітрук Г.Р. не агучыў у поўным аб’ёме матэрыялы справы, пэўна жадаючы схаваць факт парушэньня правоў чалавека ў Брэсьце ад прысутных на “разглядзе” справы студэнтаў-практыкантаў.