viasna on patreon

Затрымліваюць па вяртанні з-за мяжы, масавы "хапун" у Гомелі: хроніка пераследу 28 лютага Дапоўнена

2023 2023-02-28T16:16:00+0300 2023-03-02T11:21:38+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stashulionak-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Светлагорска затрымалі, калі ён прыехаў з Расіі ў Беларусь мяняць пашпарт

Сёлета мужчына, які з 2019 года жыў у суседняй краіне, страціў у Расіі пашпарт і вярнуўся на радзіму для афармлення новага. Практычна адразу ж ён быў затрыманы.

Як паведамляе МУС, у 2021 годзе ён «у групавым чаце пакінуў абразлівы допіс пад фотаздымкам міліцыянта са Светлагорскага РАУС». Яму інкрымінуюць «абразу службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў».


Пасля вяртання з-за мяжы быў затрыманы чарговы беларус 

Праваабаронцам стала вядома, што ў СІЗА-1 на Валадарскага знаходзіцца 32-гадовы Максім Сташулёнак. Мужчына быў затрыманы напачатку лютага, пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы.

Яму інкрымінуецца «народны» арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

У 2020-ым годзе Максім працаваў пажарным і папярэдзіў жыхароў «Каскаду», што іх БЧБ едуць здымаць. Пасля гэтага яго звольнілі.


Супраць жыхаркі Пружанскага раёну распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю «экстрэмісцкім СМІ»

Як піша СК, 29-гадовая жанчына двойчы дала інтэрв'ю інтэрнет-рэсурсам, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі».

Зэльвенскім раённым аддзелам Следчага камітэта ёй прад'яўлена абвінавачанне па ч.1 і ч.2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). З санкцыі пракурора да яе прыменена мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Вядома, што пасля падзей 2020 года жанчына з'ехала ў Еўропу. Пражывала ў Польшчы, Італіі, Нідэрландах. Прыбыўшы на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у пачатку бягучага года, была затрымана супрацоўнікамі міліцыі.


Праваахоўнікі шукаюць Пазняка. Але не Зянона

Да сваякоў былога карэспанэдэнта рэгіянальных медыя Берасцейшчыны Аляксандра Пазняка наведаліся міліцыянты — цікавіліся ягоным месцам знаходжання. Пры гэтым прычыны падвышанага інтарэсу так і не агучылі.

У нядаўнім мінулым Аляксандр Пазняк — карэспандэнт рэгіянальнага навіновага партала “Першы рэгіён” і незалежнай газеты “Ганцавіцкі час”. Але не так даўно ён выйграў “грын-карт” ураду ЗША і ад канца 2021 года жыве ў Нью-Ёрку, піша БАЖ.


У Гомелі — масавыя затрыманні непаўналетніх

На выхадзе з ГЦ «Сакрэт» міліцыя прымяніла дубінкі.

Пазней ТГ-канал МУС Беларусі паведаміў, што каля ГЦ "Сакрэт" у Гомелі затрымана 200 чалавек, 183 з якіх-непаўналетнія. У дачыненні да дастаўленых праводзіцца праверка, іх дзеянням даецца прававая ацэнка.

Падлеткі да 16-ці гадоў атрымаюць папярэджанні з пастаноўкай на "ўлік" у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Тым, хто старэйшы за 16 гадоў, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць. Разглядаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

«ЧВК Рэдан» — новая моладзевая субкультура, якая прыйшла з Расіі.


Пасля інцыдэнту ў Мачулішчах у Дзяржынску было затрымана як мінімум 6 чалавек

Пазней усім ім прызначылі па 2 сутак арышту за «непадпарадкаванне», таму цяпер яны ўжо на волі.

Паведамляецца, што пасля затрымання людзей збівалі – рабілі гэта не мясцовыя міліцыянты, а нейкія іншыя.

Нагадаем, у нядзелю каля 9-й раніцы на аэрадроме ў Мачулішчах былі чутныя два выбухі. Паведамлялася, што пацярпеў вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50, ён быў падарваны ў двух месцах. Усяго такіх самалётаў у Расіі, спраўных і няспраўных, дзевяць. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства