Суд па "справе Nexta": дапыталі Пратасевіча і сведку-блогера
Мінскі абласны суд 16 лютага пачаў разглядаць крымінальную справу супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Іх абвінавачваюць па шэрагу крымінальных артыкулаў, а таксама да іх заяўлены пазоў на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў. Судовы працэс вядзе суддзя Вячаслаў Тулейка. Пуцілу і Рудзіка судзяць завочна, а Пратасевіч выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве ў поўным аб'ёме, таму застаецца пад хатнім арыштам — ён адзіны з абвінавачаных, хто фактычна ўдзельнічае ў судовым працэсе. У судзе дапыталі Пратасевіча, а таксама сведку-блогера Максіма Пушкіна.
Як праходзіць суд?
Судовы працэс праходзіць у будынку суда Мінскага раёна. Справу разглядае суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка, бок дзяржабвінавачвання падтрымлівае пракурорка Наталля Сакалова.
24-гадовы Сцяпан Пуціла і 29-гадовы Ян Рудзік знаходзяцца за мяжой, таму судзяць іх завочна.
27-гадовы Раман Пратасевіч, які быў затрыманы 23 траўня 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск", цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам. Паводле следства, Пратасевіч "выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве ў поўным аб'ёме", таму яму змянілі меру стрымання.
Паводле дзяржаўных СМІ, абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1 586 злачынстваў. Раней Генеральная пракуратура паведамляла, што ў дачыненні да абвінавачаных таксама заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.
Раман Пратасевіч прызнаў віну ў поўным аб'ёме, а "Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік цяпер хаваюцца ад органаў папярэдняга следства за мяжой".
Падчас першых трох пасяджэнняў пракурорка Сакалова зачытвала абвінавачванні. 21 лютага ў судзе перайшлі да допыту Рамана Пратасевіча.
Пра што ў сваіх паказаннях распавёў Раман Пратасевіч?
Па словах абвінавачанага, пасля затрымання Уладзіміра Чудзянцова, які пісаў сцэнары для тэлеграм-канала Nexta, дапамогу Сцяпану з гэтай справай вырашыў аказваць сам Раман. Пуціла вёў YouTube-канал, а Пратасевіч і Рудзік займаліся тэлеграм-каналам. Паводле Пратасевіча, за грошы і заробкі адказваў Пуціла. Пазней яны пачалі ствараць чаты з назвай "97", але некаторыя з іх былі створаны невядомымі людзьмі, таму не былі падкантрольныя рэдакцыі.
"Пасля выбараў, калі пачалася страляніна, я быў вельмі шакаваны. Я падумаў, што гэта фэйк, і што ў цэнтры Мінска не могуць выбухаць святлошумавыя гранаты. Я, як галоўны рэдактар, доўга не верыў, што гэта можа адбывацца і мы сталі самыя апошнія, хто апублікаваў гэту інфармацыю. Людзі ставілі проксі, нам прыходзіла па 140 паведамленняў у хвіліну. Гэта быў поўны хаос, самыя розныя навіны былі перамяшаны: і вынікі выбараў, і пра пацярпелых, і пра тое, што патрэбна далей выходзіць", — цытуе Пратасевіча "Мінская праўда".
Паводле ягоных паказанняў, месца збору на Маршах абмяркоўваліся ў чаце "Хата" і на Zoom-канферэнцыях. Акрамя гэтага, маршруты нібыта абмяркоўваліся з палітзняволеным Эдуардам Пальчысам. Пасля таго, як яго затрымалі, маршрутамі, іх часам і анонсамі займаўся Пратасевіч. Па яго словах, жаночымі маршамі займалася Анастасія Касцюгова. За камунікацыі з іншымі арганізацыямі і тэлеграм-каналамі адказваў Рудзік.
Пракурорка таксама цікавілася і пра камунікацыю Рамана з Сяргеем Ціханоўскім, штабам Віктара Бабарыкі, Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам. Ціханоўскі першапачаткова збянтэжыў Пратасевіча, піша "Мінская праўда", бо той нібыта "раз'язджаў на аўтамабілі з расійскімі нумарамі". Але ў выніку Пратасевіч адказаў, што не меў зносіны з імі.
Пасля пераезду ў Вільню, па словах Пратасевіча, яму прапанавалі адміністраваць тэлеграм-канал "Беларусь головного мозга". Пазней ён пазнаёміўся з камандай тг-канала "Чорная Кніга Беларусі".
"Са студзеня 2021 года мы пачалі працаваць больш актыўна. Аднак у мяне ўзнікалі канфлікты са штабам Ціханоўскай. Таму што мяне ледзь не прымусова прымушалі пісаць і прыдумляць пратэсты, якія на той момант у Беларусі здуліся. У нас ужо было мала эксклюзіва. У асноўным журналісты проста перапісвалі інфармацыю, а я іх папраўляў. Гэта быў перыяд стагнацыі", — сказаў Пратасевіч.
Допыт блогера Максіма Пушкіна
22 лютага ў суд выклікалі сведку па справе — блогера Максіма Пушкіна, які таксама некаторы час быў у чаце "Хата".
Пушкін растлумачыў пракурору, што з Пратасевічам яны пазнаёміліся падчас працы для аднаго з медыя-рэсурсаў. Тады ж Чудзянцоў пазнаёміў Максіма і са Сцяпанам.
Па словах блогера, у пачатку 2020 года быў створаны чат "Хата", каб адміністратары тэлеграм-каналаў не кралі кантэнт адзін у аднаго. Асабліва гэта было актуальна ў перыяд пандэміі, калі ўсе запар пісалі пра каранавірус.
"Я быў у чаце да лета, а потым выйшаў, калі пачалася ўся гэтая палітычная тэма. Мне здаецца, што яго стварыў Пальчыс, гэта мая здагадка. Прызнаюся, я рэдка чытаў гэты чат", — перадае "Мінская праўда".
Другі сведка, праграміст Ігар Кабушкоў у суд не з'явіўся, бо выехаў у Польшу. Яго ранейшыя паказанні зачыталі ў судзе.
Як пішуць прапагандысты, Ігар "на дадзены момант падтрымлівае дзяржаўную ўладу ў Беларусі, хоць раней быў іншага меркавання, не маючы перад сабой поўнай карціны". Хлопец са сваёй дзяўчынай Алесяй Вакуліч і яшчэ некалькімі валанцёрамі вёў у 2020 годзе моладзевы тэлеграм-канал "Отчислено".
"На мяне быў падпісаны кожны чацвёрты студэнт, таму канал хацелі выкарыстоўваць для раскруткі пратэстаў сярод моладзі", — казаў сведка.
З чата Кабушкаў выйшаў летам 2020 года. Як ён растлумачыў, іншыя ўдзельнікі лічылі яго праўладным. А Франак Вячорка паведаміў у чаце, што нібыта плануе балатавацца ў прэзідэнты. Перыядычна, пасля затрымання ўдзельнікаў, чат пераназываўся. Спачатку ўдзельнікі "Хаты" верылі, што Ціханоўская пераможа, але потым зразумелі, што гэтага не здарыцца, і сталі прасоўваць пратэсны парадак.
Публікацыі пра план Б і пра тое, як станавіцца ў счэпку, Кабушкоў упершыню ўбачыў менавіта на Nexta, які, на яго погляд, быў самым радыкальным з усіх.