У Жлобіне асудзілі непаўнагадовага за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе
Суд Жлобінскага раёна 1 лютага вынес прысуд непаўнагадоваму Леону Салдаценку, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Судовы працэс праходзіў у выязным пасяджэнні ў будынку мясцовага РАУСа.
Справу разглядала суддзя Святлана Андрэева.
Як устаноўлена ў ходзе судовага следства, непаўнагадовы Салдаценка увечары 9 жніўня 2020 года прыбыў у цэнтральную частку Жлобіна, дзе адбывалася акцыя пратэсту.
Па матэрыялах абвінавачання Леон, сумесна з іншымі асобамі падчас несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў стаяў на праезнай частцы вуліцы Першамайскай і перашкаджаў руху грамадскага і іншага транспарту. Выкрыкваў розныя лозунгі, рабіў гучныя воплескі рукамі і свістаў. На законныя патрабаванні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў не рэагаваў.
Супрацьпраўныя дзеянні абвінавачанага пацягнулі спыненне транспарту ад плошчы "Вызваліцеляў" да скрыжавання вуліц Першамайскай і Барташова.
У судовым пасяджэнні абвінавачаны віну прызнаў і раскаяўся.
Суд прызначыў Салдаценку пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін адзін год 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.