Брэст: за "Жыве Беларусь” на “Табакерцы" — два месяцы арышту
Суд Маскоўскага раёна Брэста 9 лютага завяршыў разгляд крымінальнай справы 20-гадовага жыхара абласнога цэнтра Артура Джамбурыева, абвінавачанага ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса.
Справу разглядала суддзя Таццяна Лаўранюк.
Паводле абвінавачання, вечарам, 4 снежня 2022 года, Артур папрасіў знаёмых, з якімі ехаў у адным аўтамабілі, высадзіць яго на прыпынку грамадскага транспарту. Затым абвінавачаны нанёс на сцены гандлёвага аб'екта, які знаходзіўся на прыпынку, цынічныя надпісы. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія патрулявалі тэрыторыю, аператыўна затрымалі Джамбурыева.
Артур напісаў на брэсцкім шапіку «Табакеркі» фразу «ACAB» і двойчы «Жыве Беларусь». За гэта налічылі 18 рублёў "шкоды" (які хлопец кампенсаваў да суда).
Раней Джамбурыева затрымлівалі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў-2020.
Пракурор Мельнікаў прасіў прызнаць вінаватым у псаванні маёмасці і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух месяцаў арышту. Суддзя пагадзіўся з прапановай абвінавачання.
Пасля абвяшчэння прысуду Джамбурыева не заключалі пад варту. Такім чынам, ён пакуль што застаецца на волі да ўступлення прысуду ў законную сілу, піша "Брэсцкая вясна".