viasna on patreon

Спявачку вінавацяць па "народным артыкуле", вакаліста «Бан Жвірбы» змяшчаюць на суткі: хроніка пераследу 12-13 лютага Дапоўнена

2023 2023-02-13T10:20:00+0300 2023-02-13T13:14:12+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zaharyk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 лютага  збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Віцебску затрыманы Вячаслаў Лазараў — у яго забралі тэлефоны і відэакамеру

Затрыманне адбылося ўвечары 9 лютага, два наступныя дні сваякі высвятлялі, дзе ён знаходзіцца і ў чым яго вінавацяць.

Спачатку Вячаслава павезлі ў Следчы камітэт, і амаль суткі родныя не ведалі пра далейшы ягоны лёс. Толькі раніцай 11 лютага стала вядома, што Вячаслава трымаюць у віцебскім ІЧУ, але сутнасць абвінавачвання па-ранейшаму пад пытаннем, паведамляе БАЖ.

Пазней стала вядома, што ператрус правялі таксама і па месцы прапіскі ягонай жонкі, таксама забралі мабільныя тэлефоны і ноўтбук. Жонка распавяла праваабаронцам, што ў пастанове на ператрус паспела прачытаць, нібыта супраць Вячаслава Лазарава распачата крымінальная справа.


Палітвязня Яўгена Рубашку на месяц змясцілі ў ПКТ

Анархіста Яўгена Рубашку, асуджанага да пяці гадоў пазбаўлення волі, адміністрацыя папраўчай калоніі № 2 змясціла ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) на месяц. Як паведамляе @belarus_abc, перад гэтым яго тройчы змяшчалі ў ШІЗА агулам на 24 дні па надуманых прычынах.

Яўген Рубашка

Нагадаем, 22 красавіка 2022 года суд прызнаў чатырох анархістаў вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК і ч. 3 арт. 361-1 КК і прызначыў Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў калоніі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года калоніі.


Вакаліста гурта «Бан Жвірба» Дзмітрыя Гаўрыліна зноў арыштавалі на 15 сутак

Пра гэта паведаміў актывіст Ілля Міронаў. Гаўрыліна разам з жонкай затрымалі ў канцы студзеня. Пазней яму прызначылі 15 сутак арышту, пасля якіх ён павінен быў выйсці на волю 9 лютага.

«Зноў затрыманне, як гэта правільней сказаць і чарговыя 15 сутак, калі адбылося судовае паседжанне і па якім артыкуле невядома», — піша Міронаў.


Пінскага блогера Мікалая Клімовіча пакаралі штрафам

Адміністрацыйны працэс адбыўся ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска 10 лютага.

Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера і грамадскага актывіста Мікалая Клімовіча вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі і прызначыў яму штраф – 111 беларускіх рублёў, піша БАЖ.


Затрыманага ў Расіі беларускага псіхолага прывезлі ў віцебскі следчы ізалятар

Жыхар Воршы 43-гадовы  Андрэй Рускіх, якога расейская паліцыя затрымала ў маі 2022 года ў Санкт-Пецярбургу, будзе знаходіцца ў СІЗА №2 Віцебска пакуль пройдуць следства і судовы разгляд ягонай крымінальнай справы. Улады вінавацяць Андрэя ў абразе А. Лукашэнкі (артыкул 368 КК Беларусі) і «распальванне варожасці» (артыкул 130 КК Беларусі), паведамляе "Віцебская вясна".

Андрэй Рускіх

1 сакавіка 2022 года Аршанскі міжраённы аддзел Следчага камітэта вынес пастанову аб прыцягненні Рускіх у якасці абвінавачанага па справе аб абразе Лукашэнкі. 7 красавіка з'явілася пастанова аб прыцягненні яго ў гэтай якасці ўжо па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Затрыманы псіхолаг быў 28 мая 2022 года на вакзале ў Санкт-Пецярбургу, куды прыехаў для сустрэчы са сваёй дзяўчынай. Яго адправілі пад варту.


Спявачку Аляксандру Захарык перавялі ў СІЗА — супраць яе распачалі справу па «народным» артыкуле

34-гадовай дзяўчыне інкрымінуюць арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Аляксандра выступала з гуртом Apple Tea, працавала над уласным праектам ZAKHARIK, удзельнічала ў праекце «Голас» і адборах на «Еўрабачанне» ад Беларусі.

Падтрымаць спявачку: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Захарык Аляксандра Мікалаеўна.


Затрымалі жыхара Мастоўскага раёна, які спрабаваў уступіць у»Полк Каліноўскага"

28-гадовы жыхар Мастоўскага раёна ў студзені напісаў у чат-бот палка, што хоча прыняць удзел у баявых дзеяннях. У адказ ён атрымаў дакладныя інструкцыі. Пасля гэтага быў затрыманы.

Узбуджана крымінальная справа за ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання. Хлопцу пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Па сцвярджэнні міліцыі, раней ён неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці.


Чарговае папаўненне «экстрэмісцкага» спісу

Міністэрства інфармацыі зноў абнавіла Рэспубліканскі Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:

Музычная кампазіцыя «Наш дом Беларусь»;
Telegram-каналы і чаты «Мертвые русские | Груз 200», «Молодечно 97%», «TPBELA», «Беларусь в шоке!», «Wotan + Jugend», «Белый Бобр», «Яська гаспадар з-пад Вiльнi»;
Instagram-акаунт «Мозырь для жизни»;
Старонка ў «Аднакласніках» «Anna Fedoronok»;
Facebook-старонка «Беларусы ЗША. Разам лягчэй»;
TikTok-акаўнты «zrblmn», «zerkalo.іo».


У Берасці на трое сутак затрыманы блогер ”Барадач”

У Берасці ў ізалятар часовага ўтрымання змясцілі звольненага з мясцовага аўтапарку кіроўцу Міхаіла Сідарэнку, вядомага як блогер «Барадач».

Ён страціў працу пасля таго, як пачаў распавядаць пра праблемы на прадпрыемстве. Мужчыну затрымалі ў пятніцу, 10 лютага, калі ў раённым судзе пачаўся разгляд ягонага іску аб узнаўленні на працы ў аўтапарку. Сідарэнка мусіць вызваліцца ў панядзелак, піша Белсат.

Паводле якога артыкулу яго затрымалі на трое сутак, пакуль не вядома.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства