viasna on patreon

Ад паэта і літаратара да грамадскага дзеяча. Як прайшла прэзентацыя кнігі “Алесь Бяляцкі” на паэтычным фэсце ў Вільні

2023 2023-02-11T22:06:58+0300 2023-02-12T15:11:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kniga_ales-bialiacki-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” імя Міхася Стральцова ў Вільні ўпершыню прэзентавалі кнігу“Алесь Бяляцкі”, прысвечаную знакамітаму беларускаму праваабаронцу, Нобелеўскаму лаўрэату і палітзняволенаму стваральніку Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Кніга “Алесь Бяляцкі” пабачыла свет дзякуючы выдавецтву “Полацкія лабірынты” і Беларускаму ПЭНу. Гэта зборнік тэкстаў:  і ад Алеся Бяляцкага, і пра яго. Таму на вокладцы кнігі выразна бачна слова “АЛЕСЬ”, адзначыла падчас прэзентацыі прадстаўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай:

“Сёмага кастрычніка мы даведаліся пра Нобелеўскую прэмію міра Алесю Бяляцкаму і зразумелі, што мы мусім выдаць пра яго кнігу, сабраўшы ў яе найлепшыя тэксты, выдадзеныя ў папярэднія гады. Кніга рыхтавалася вельмі хутка — мы цягам меяца павінны былі паспець да цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру [10 студзеня] — і паспелі: кніга пабывала ў Осла.

Хачу падзякаваць праваабарончаму цэнтру “Вясна”, які выдаваў кнігі Алеся раней — дзякуючы гэтаму нам было з чым працаваць. Мы пералапацілі ўсе выданні і выбралі тое, што магло раскрыць чытачу Алеся як шматгранную асобу, каб паказаць яго не толькі як праваабаронцу, але як літаратара, як пісьменніка, як культурніцкага дезяча, як дысідента познесавецкіх часоў. Каб такая кніга магла і беларусам расказаць, хто такі Бяляцкі, і замежнікам таксама.

Што праўда, калі гэту кнігу перакладаць на замежныя мовы (мы працуем над гэтым), то яна павінна была б ужо, без сумневаў, папаўняцца матэрыяламі з суда, які сёння адбываецца над Алесем. Пракурор запрасіў 12 год зняволення”.

niadbaj_hareuski_paetychny-fest.jpg
Таццяна Нядбай падчас прэзентацыі кнігі "Алесь Бяляцкі" у Вільні

У кнігу ўвайшлі і некаторыя лісты Алеся Бяляцкага на волю. Таксама — тэксты, апублікаваныя незалежнымі беларускімі СМІ і ў інтэрнэт-блогах Алеся Бяляцкага. Яшчэ адна важная частка кнігі — выказванні калег, сяброў і паплечнікаў Бяляцкага, праз якія можна паглядзець на тое, якім Алесь быў у іх жыцці. Уключаны ў кнігу і фотаздымкі з розных часоў.

Тэматычна кніга складаецца з дзвюх частак: часы да ўтварэння праваабарончага цэнтра “Вясна” ў 1996 годзе (Частка 1. МАЛАДЫЯ І ДЗЯДЫ) і пасля ўтварэння (Частка 2. ТУРМА І “ВЯСНА”).

Падчас прэзентацыі кнігі беларускі літаратар і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі расказаў пра значэнне асобы Алеся Бяляцкага і Нобелеўскай прэміі міру для Беларусі:

“Алесь – легендарная постаць у гісторыі Беларусі. І факт уручэння яму Нобеля — гэта акурат той шчаслівы выпадак, калі чалавека пачалі ацэньваць ягоныя сябры, знаёмыя, паплечнікі, аднадумцы, аднагрупнікі — ацэньваць ягоную ролю ў нашай гісторыю, дзякуй богу, яшчэ пры яго жыцці".

siargej_hareuski_paetycnhy-fest_2023-02-
Сяргей Харэўскі

"Са свайго досведу я памятаю, як яшчэ за доўга да гэтак званай “перастройкі” у пачатку 80-х сапраўды літаральна адзінкі — Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец — фактычна сталі той косткай у тым будучым яблыку, у якім імкліва нарастаў гэты плод. Вакол іх пачалі гуртавацца іх сябры, вакол іх вырасла універстітэцкая майстроўня, затым “Тутэйшыя”. Мне пашчасціла разам з Алесем Бяляцкім, Анатолем Сысом і з Міхасём Талочкам прасіць дазвола Ніла Гілевіча прыткнуцца ў Доме літаратара. На просьбу Бяляцкага я рабіў ім эмблему. На той час гэта выглядала ў пэўным сэнсе гульнёй — маладыя літаратары хочуць прачытаць і выславіць свае вершы…” , — падзяліўся ўспамінамі Сяргей Харэўскі.

На прэзентацыі выступілі сябры і паплечнікі Алеся Бяляцкага. Вось што яны казалі:

Паэт і журналіст Сяржук Сыс

sys_paetycnhy-fest_2023-02-11.jpg
Сяржук Сыс

“Нездарма прэзентацыя гэтай кнігі адбываецца падчас паэтычнага фестывалю — бо я ведаю вершы Алеся. У 1979 годзе мы разам выдавалі рукапісны альманах [Сыс вучыўся разам з Бяляцкім на філалагічным факультэце Гомельскага ўніверсітэта — Заўв]. Тады выйшла два нумары — і ў кожным з іх былі вершы Алеся, якія мы абмяркоўвалі. Зараз не памятаю іх дакладны змест —памятаю толькі, што “дворнічыха грэбла жоўтае лісце”— то бок такое штосьці рамантычнае. А потым Алесь стаўся чытачом маіх вершаў, і быў маім першым літаратурным крытыкам.

Крыўдна, што калі яму споўнілася 50 гадоў — вялікі юбілей — ён быў у турме [першае зняволенне Алеся Бяляцкага — Заўв.]

[25 верасня 2022 года] яму споўнілася 60 гадоў —  ён таксама ў турме…

Але тое, што ён зрабіў, засталося ва ўсіх нас. Тое, што ён яшчэ зробіць – таксама”.


Паэт і грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў

uladzimir_niakliaeu_paetycnhy-fest_2023-
Уладзімір Някляеў

“Алесь – незвычайна светлы і чысты чалавек. І калі каму-небудзь за змаганне, за волю нашу, за мову, і за мір даваць Нобелеўскую прэмію — то гэта яму.

Я яго ўгаворваў ледзь не на каленях з’ехаць [з Беларусі], калі “Вясну” пачалі арыштоўваць: “Алесь, з’едзь, твая прыйдзе чарга!” – “Не, я не магу пакінуць сваіх людзей, яны сядзяць, я не магу гэтага зрабіць”, адказваў ён.

Беларусь ператвораная проста ў лагер, у турму. І там, у гэтай турме — лепшыя нашыя сённяшнія сыны і дочкі. Там — і Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, адзін з самых годных людзей, якіх мне пашчасціла ў гэтым свеце проста спаткаць. І якім будзе ганарыцца наша Беларусь ва векі вечныя”.


Праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова

alena_masliukova_paetycnhy-fest_2023-02-
Алена Маслюкова (злева) распавядае пра маладога Алеся Бяляцкага

“Мы з Алесем даўно знаёмыя, разам навучаліся ва ўніверсітэце. Я вельмі добра памятаю, як ён, віхрасты малады хлопец, “цягаў” нас, першакурснікаў.  Ён беларускамоўны, а мы па-беларуску тады не размаўлялі — і сваім прыкладам Алесь, канешне, нас захапіў.

Мне заўсёды ўзгадваецца наша падарожжа ў Мірскі замак. Ён стаяў развалінамі, а Алесь казаў: “Вось тут наша гісторыя, вось тут нашыя карані, адсюль мы мусім ісці і будаваць Беларусь”. Гэта казаў хлопец, якому было крыху за дваццаць!”


Прадстаўнік ўпраўлення Шведскага ПЭНа Дзмітрый Плакс

dzmitry_plaksa_paetycnhy-fest_2023-02-11
Дзмітрый Плакса

“Цікава, што ў мяне ў жыцці было два разы, калі ўсе мае мэйлы, тэлефоны, сацыяльныя сеткі раптам выбухалі – і ва ўсім Каралеўстве Швецыя я станавіўся патрэбны. Першы раз — калі Святлана Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію.  А другі раз — калі Алесь Бяляцкі.

Ад асобы Шведскага Пэна я магу сказаць, што мы робім усё, каб распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Беларусі і што адбываецца ў часе працэса над Алесем Бяляцкім”.


Пісьменнік Алег Мінкін

aleg_minkin_paetycnhy-fest_2023-02-11.jp
Алег Мінкін

“Алеся Бяляцкага я ведаю з пачатку 80-х гадоў.

Потым, калі я яшчэ не выдаў першы зборнік [“Сурма” выйшла ў 1985 годзе — Заўв.], а быў проста яшчэ невядомым, Алесь разгледзеў ва мяне паэта. Аказалася, што Алесь выдатна піша літаратурную крытыку. Упершыню я і пра сябе прачытаў вельмі цікавы артыкул. З таго часу мы рэгулярна з Алесем сустракаліся.

І потым, калі я пераехаў у Вільню, 1991 год, я даведаўся, што Алесь кінуў справу літаратурнай крытыкі і заняўся грамадскай дзейнасцю. Я думаў: “Навошта ён заняўся грамадскай дзейнасцю? Пісаў бы артыкулы літаратурныя”. Я доўга гэтага не разумеў. І толькі потым я зразумеў гэтую “кухню”.

І сёння, можа быць, я да канца зразумеў, што такое Алесь Бяляцкі ў іншай іпастасі”.


Дырэктарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Людвіка Кардзіс

liudvika_kardzis_paetycnhy-fest_2023-02-
Людвіка Кардзіс

“З Алесем я знаёмая з 1988-га ці з 1989 года. Напэўна, больш адданага Беларусі чалавека вельмі цяжка знайсці. Чалавека настолькі шматграннага.  Я думаю, калі б мы пачалі пералічаць ініцыятывы, у якіх Алесь удзельнічаў, яны былі б бясконцыя. Яму ўсё было цікава і ён на ўсё знаходзіў час.

Калі шведскае тэлебачанне здымала фільм пра Алеся, я сказала такую фразу: “Мне здаецца, што Алесь сказаў бы, што гэта нобелеўская прэмія міру—прэмія не яму, а ўсяму беларускаму народу”. А пазней мне пацвердзілі, што ён дакладна сказаў так слова ў слова. Разумееце: наколькі чалавек шмат усяго рабіў, а ў той жа час вось гэта сціпласць асобы!

Я зычу Алесю хутчэйшага вызвалення!”

Кнігу “Алесь Бяляцкі” можна набыць у Моладзевым Хабе ў Варшаве (plac Konstytucji 6 ), а таксама замовіць праз інтэрнэт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства