IAPB: Беларусы ўсё гэтак жа гатовыя дакументаваць выпадкі грубых парушэнняў правоў чалавека Дакумент
Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) выпусціла трэцюю справаздачу аб выніках працы за люты-верасень 2022 года. Прыводзім вытрымкі з яе і публікуем дакумент цалкам.
У справаздачы адзначаецца, што негледзячы на рэпрэсіі і іншыя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца цяпер беларусы, яны ўсё гэтак жа гатовыя дакументаваць выпадкі грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі працягваюць збіраць інфармацыю і сведчанні ў пацярпелых/сведак, якія Платформа кансалідуе, захоўвае і аналізуе разам з інфармацыяй з адкрытых крыніц для садзейнічання працэсам прыцягнення да адказнасці.
З 1 красавіка 2021 года "Вясна" і Міжнародны камітэт сабралі інфармацыю і сведчанні ў 857 пацярпелых і іншых сведак (584 мужчын і 273 жанчын) аб меркаваных злачынствах па міжнародным праве, уключаючы адпаведныя дакументальныя сведчанні, такія як медыцынскія і судовыя матэрыялы, у выніку чаго агульная колькасць дакументаў склала каля 20 000. Акрамя таго, Платформа сабрала больш аднаго мільёна матэрыялаў з адкрытых крыніц, уключаючы 82 000 відэа, 238 292 выявы і 159 030 тэкставых матэрыялаў з 213 крыніц.
На 30 верасня 2022 года было рэструктуравана і загружана ў лічбавы архіў Платформы каля 14 300 дакументаў, якія тычацца 2 052 пацярпелых і сведак, у тым ліку паказанні сведак, медыцынскія заключэнні і судовыя матэрыялы, а таксама адпаведныя пераклады на ангельскую мову. Акрамя таго, Платформа захавала сабраныя дадзеныя з адкрытых крыніц, уключаючы важныя метададзеныя, што забяспечыць іх даступнасць для мэтаў прыцягнення да адказнасці ў будучыні. На 30 верасня 2022 года Платформа разгледзела і маркіравала 1 800 файлаў з адкрытых крыніц у адпаведнасці са сваёй стратэгіяй па апрацоўцы матэрыялаў.
Адзначаецца, што Платформа працягвала ўзаемадзейнічаць і падтрымліваць органы па прыцягненні да адказнасці, у тым ліку з групай УВКПЧ па разглядзе сітуацыі ў Беларусі, Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і шматлікімі нацыянальнымі органамі крымінальнага правасуддзя.
Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) – гэта кааліцыя няўрадавых арганізацый на чале з DIGNITY, ПЦ “Вясна” і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. IAPB збірае, правярае і захоўвае інфармацыю, дакументы і доказы сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі са жніўня 2020 года.