Затрыманы на пратэстах пасля рэферэндума: "У людзях, якія выйшлі ў той дзень, я бачыў адчай і смеласць"
Віталя (імя мужчыны змененае ў мэтах бяспекі – заўвага) тройчы за два гады затрымлівалі на «суткі». Першы раз – на раённым Маршы ў 2020 годзе, другі – пасля рэферэндума ў лютым 2022 года, трэці – прэвентыўна перад Днём волі ў сакавіку 2022 года. Асцерагаючыся ўжо крымінальнага пераследа, Віталь быў вымушаны з'ехаць за мяжу.
Хлопец распавёў "Вясне", як за гэты час змяняліся ўмовы ўтрымання ў ЦІП і стаўленне супрацоўнікаў розных устаноў, а таксама пра прычыны затрымання людзей, з якімі ён сустракаўся падчас "сутак".
2020 год
Першы раз Віталя затрымалі ў лістападзе 2020 года. Хаця хлопец удзельнічаў амаль у кожным Маршы і дагэтуль, яму шчасціла не апынацца ў спісе затрыманых. Але ў той дзень праходзіў першы раённы марш, на якім дзецюка і затрымалі.
— Яны пагналіся за мной, калі я ўцякаў, — узгадвае Віталь. — Каб спыніць мяне, далі дубінкай па галаве так, што я на поўнай хуткасці паляцеў на зямлю, я вырубіўся на пару секунд. У мяне нават зляцелі акуляры — пакуль я намагаўся іх адшукаць, на мяне ўвесь час крычаў чалавек у зялёнай форме. Я моцна садраў калена — потым у РАУС мне дазволілі прамыць яго маім жа перакісам вадароду. Гадзіны дзве мы паездзілі па горадзе на аўтазаку, пасля чаго нас прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Там нас не білі, але дапускалі жарты кшталту «Зараз устроім вам на трэцім паверсе «маскі-шоў». Следчы доўга намагаўся вывесці мяне на спрэчку і распытваў, навошта мы ўсё робім, что мы будзем рабіць далей — маючы на ўвазе “пасля змены рэжыму”.
У РАУС затрыманым нават аддалі перадачы, якія за гэты час паспелі прынесці сваякі, але дазволілі забраць толькі рэчы, якія зможаш апрануць на сябе. Пасля гэтага ўсіх завезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
— Там медсястра сказала, што з маёй пабітай галавой і каленам усё будзе нармальна, — усміхаецца Віталь. — У першай камеры нас было васьмёра на пяць месцаў, нам далі пяць матрацаў. Нехта з супрацоўнікаў нават параіў нам раскласці іх на падлозе і спаць «штабелямі». Там было цёпла, але ежа не вельмі смачная. Вакно не адчынялася, вада цякла толькі халодная, а туалетная папера хутка скончылася. Пакуль мы дапрасіліся новы скрутак, прыйшлося пусціць на гэтыя мэты кнігу.
Праз два дні Віталя на Акрэсціна па скайпу асудзілі на 15 сутак. Перад гэтым яму давялося 40 хвілін чакаць суда ў спецыяльна адведзеным для гэтага пакоі, пасля чаго супрацоўнікі абвінавацілі яго ў тым, што ён «выдаліў ім скайп» на камп'ютары, хаця па камерах яны маглі праверыць, што ён не чапаў яго. Потым яны жартавалі, што калі б не спрычыніўся да гэтага, далі б 13 сутак. Праз двое сутак Віталя перавялі ў Баранавічы.
— Мясцовым мы нібыта былі крыху больш у навінку, — распавядае хлопец. — Яны былі менш стомленыя, маглі нефармальна пагутарыць з намі нават. Была смачная ежа — нават тушонка і кісель. Даходзіла шмат лістоў. У нас былі матрацы, падушкі, коўдры, кубачкі. Спачатку 12 чалавек сядзелі ў вялікай 12-мясцовай камеры, потым – пяцёра ў сямімясцовай. Там з намі знаходзіўся чалавек з пратэзам замест нагі. Амаль усе «суткі» ён трымаў «сухую галадоўку».
Люты 2022
У лістападзе 2021 года пасля забойства Зельцэра пачаў адчуваць фонавы неспакой: рэгулярна глядзець у вочка дзвярэй, прыслухоўвацца да гукаў на пляцоўцы.
— Але пасля пачатку вайны 24 лютага 2022 года я зразумеў, што маральна не магу застацца дома, — узгадвае хлопец. — У той час даўно нічога не адбывалася, усё ў краіне заставалася гэтак жа дрэнна, але ўсе нібыта пагадзіліся з гэтым. Патрэбен быў трыгер — і вось ён адбыўся. Я ўкладаў вялікія надзеі ў 27 лютага. У людзях, якія выйшлі ў той дзень, я бачыў адчай і смеласць. Памятаю, нейкія жанчыны нават звярталіся да супрацоўнікаў і прасілі адумацца, што яны робяць.
Але людзям не далі сабрацца. Хаця іх было нямала, іх пачалі затрымліваць, кагосьці — валіць на зямлю і збіваць дубінкай. Натоўп то падступаў, то адступаў, уздоўж Камуністычнай пачала рухацца тэхніка: аўтазакі і вайсковыя грузавікі. Таму Віталь вырашыў, што час адступаць.
— Але мяне ззаду схапілі за плячо, і я зразумеў, што ўцякаць — не варыянт, — распавядае хлопец. — Мяне павялі ў транспарт з людзьмі ў зялёнай форме — напэўна, то былі салдаты ўнутраных войскаў. Яны разблакавалі мой тэлефон і накрычалі, што ў тэлеграм стаяла аватарка з украінскім сцягам. Спыталі — «Ты што, украінец?» І вярнулі тэлефон.
У Заводзкім РАУС затрыманыя на Маршы і выбарчых участках доўга сядзелі і чакалі, нас па двое выводзілі паразмаўляць з пракурорам раёна. Ён папярэджваў, што калі за год затрымаюць тры разы, то будзе заведзеная крымінальная справа. Віталю ён даў падпісаць паперку, што гэта чакае яго, нават калі будзе затрыманы ў другі раз. Пасля гутаркі затрыманых перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.
— Адрозненні, у параўнанні з мінулым разам, адразу кінуліся ў вочы, — распавядае Віталь. — На ўваходзе ў камеру не далі зменны абутак, мы былі там басанож. Але падлога была драўляная, таму было адносна нармальна. На пяць месцаў у камеры было 14-15 чалавек, матрацы не выдалі. Клімат у камеры быў нармальны.
"Газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас"
Памесячная хроніка затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна.
Пасля дзвюх начэй на Акрэсціна хлапцоў павезлі ў суд Заводскага раёна. У вялікім аўтобусе завезлі ў задні падворак суда, дзе зачыняецца вялікая клетка, і па чарзе выводзілі на суды. Абвінавачанне зноў грунтавалася выключна на сведчаннях міліцыянта, які нібыта затрымліваў Віталя. Яму зноў далі 15 сутак і адвезлі ўжо ў ЦІП на Акрэсціна.
— Там спачатку пасадзілі 16 палітычных у чатырохмясцовую камеру, — успамінае хлопец. — Там бракавала паветра, было вельмі горача, па сценах цёк кандэнсат — сапраўдная лазня. Але калі спачатку нам дазволілі прыадчыніць «кармушку», то потым калі аднаму чалавеку сталі дрэнна і мы прасілі адчыніць яе крыху больш і дапамагчы яму хоць як, яе зачынілі зусім. У такіх умовах мы правялі дзве ночы. Потым нас на чатыры гадзіны пакінулі ўчацвярох у камеры, дзе мы змаглі крыху падыхаць. Пасля чаго зноў перавялі ў суседнюю камеру з такімі ж умовамі. Там таксама ўсе былі палітычныя, затрыманыя за 27 лютага.
Там нам трапілася добрая змена: яны далі інструменты, каб мы змаглі хаця б прыадчыніць акно. Бо пакуль яно было зачыненае, я не паспаў ніводнай ночы. Спалі мы там на падлозе, шконках, сталах, лавачках. Потым мяне зноў перавялі: там у васьмімясцовай камеры знаходзілася ад 24 да 36 чалавек. Пад канец тэрміна туды закінулі яшчэ двух бясхатнікаў, але маральна там было знаходзіцца ўсё адно лягчэй: прасторна, шмат з кім можна было пагутарыць.
Аднаго хлопца — Сашу Рапея — з жонкай дома затрымаў ГУБАЗ. Іх асудзілі на «суткі», потым яго перазатрымалі, бо знайшлі сторыз у інсце. Па-мойму, з ім запісвалі «пакаяльнае» відэа, што ён заклікаў у сацсетках забіваць рускіх, хаця гэта было не так.
Я сустракаўся з палітвязнем Дзімам Іванчанкам. ГУБАЗ моцна збіў яго пры затрыманні, яны таксама катавалі яго электрашокерам. Ён быў увесь у сіняках.
Потым пачалі прыводзіць людзей, якіх затрымлівалі ўжо пазней. Быў адзін журналіст, якога забралі проста з вуліцы. Быў таксіст, які падвозіў нейкага чалавека, убачыў на праспекце Незалежнасці бабульку са сцягам СССР і зрабіў нейкі каментар у бок яе і дзяржаўнага сцяга. Пасажыр абурыўся, стаў крычаць на яго, і ў той жа вечар кіроўцу затрымалі і далі «суткі».
Сакавік 2022
Трэці раз Віталя затрымалі дома. Напярэдадні Дня волі 23 сакавіка да яго дадому а 10-й вечара прыйшлі супрацоўнікі і сказалі, што трэба паехаць на прафілактычную гутарку. У ліфце на пытанне, ці ёсць у хлопца шанец сёння вярнуцца дадому, супрацоўнік груба пасміхнуўся і сказаў, што няма. Яго прывезлі ў РАУС, увесь час падкрэсліваючы, што Віталь ведае, за што яго затрымалі, яго называлі «экстрэмістам».
— Спачатку мяне завялі ў камеру РАУС, — узгадвае Віталь. — Там было чацвёра бясхатнікаў і трое такіх жа «прафілактычных», як і я. Мы намагаліся паспаць, але недзе ў гадзіну ночы нас адвезлі на Акрэсціна. Спачатку — у карцар ІЧУ з бетоннай падлогай і шконкай, якую нельга было акідваць нават на ноч. Там я зноў убачыў Дзіму Іванчанку — ягоныя сінякі больш-менш сыйшлі на той момант. Яго зноў перазатрымалі і інкрымінавалі ўжо крыміналку. Увесь гэты час ён сядзеў у карцары.
Таксама сустракаўся там з Аляксандрам Еўдакімчыкам са Свабоднага прафсаюзу металістаў. Калі мы гулялі камерай у «Гарады», ён заўсёды заставаўся апошнім. Дзядзька са стрыжнем, спыняў спрэчкі. Бачыў, што потым яго затрымалі па крыміналцы.
Раніцай Віталя адвялі на суд. Гэтым разам яго судзілі за непадпарадкаванне: нібыта калі яго дастаўлялі ў РАУС на гутарку, ён пачаў размахваць рукамі, упірацца і хапаць супрацоўнікаў за вопратку. На судзе адзначылі, што відэакамеры, якія віселі на РАУС, у той момант не працавалі. Сведкай быў Александровіч у балаклаве. Віталю зноў далі 15 сутак.
— Увесь тэрмін 16 чалавек правялі ў чатырохмясцовай камеры, — распавядае Віталь. — Нам зноў закідвалі бясхатнікаў — аднаго з іх я пазнаў яшчэ з мінулай адсідкі. Ад іх мы падхапілі вошы. Палова затрыманых былі такія ж «прэвентыўныя», некалькіх ГУБАЗІК затрымаў за каментары са збіццём і электрашокерам.
Калі Віталя выпусцілі, ён з'ехаў за мяжу. Цяпер ён уладкаваўся на працу і рыхтуецца паступаць на лінгвіста-дыялектолага, але пры магчымасці хацеў бы вярнуцца ў Беларусь.
Праваабаронцы працягваюць збор і дакументаванне фактаў катаванняў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org |