viasna on patreon

За 2022 год у Беларусі судамі рэпрэсаваныя ў крымінальным парадку не менш за 1242 чалавекі (інфаграфіка)

2023 2023-01-06T14:05:27+0300 2023-01-06T14:05:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kryminal_vynik1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу ўсяго 2022 года фіксаваў актыўнае прымяненне беларускай судовай сістэмай мер крымінальнай адказнасці ў дачыненні да грамадзян па палітычных матывах.

Крымінальны пераслед і асуджэнні грамадзян па палітычных матывах: аналіз тэндэнцый 2022 года

На працягу ўсяго перыяду 2022 года ПЦ "Вясна" збіраў інфармацыю пра крымінальны пераслед і асуджэнне грамадзян па палітычных матывах. Расказваем аб асноўных тэндэнцыях, якія былі характэрныя для такіх крымінальных працэсаў.

За мінулы год "Вясне" ўдалося сабраць звесткі пра не менш чым 1242 асуджаных па палітычных матывах. З гэтага ліку колькасць асуджаных мужчын складае 942 чалавекі, жанчын – 300.

Сумарна па вядомых "Вясне" палітычных крымінальных справах за 2022 год суды вынеслі наступныя пакаранні:

  • 2501 год і 3 месяцы пазбаўлення волі ў дачыненні да 636 чалавек;
  • 6 месяцаў пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання для 1 чалавека;
  • 452 гады і 2 месяцы абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія») у дачыненні да 190 чалавек;
  • 893 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненні да 373 чалавек;
  • 5 гадоў і 7 месяцаў арышту ў дачыненні да 24 чалавек;
  • 2380 базавых велічынь штрафу ў якасці асноўнага пакарання ў дачыненні да 12 чалавек;
  • 38010 базавых велічынь штрафу ў якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да 144 чалавек;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным наглядам для 6 чалавек;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння разам з іншымі відамі пакарання ў дачыненні да 9 чалавек;
  • 20 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў у дачыненні да 4 чалавек разам з пазбаўленнем волі кожнаму;
  • 5 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з праходжаннем службы ў праваахоўных органах у дачыненні да 1 чалавека;
  • пазбаўленне вайсковых званняў "падпалкоўнік" і "старшы прапаршчык у адстаўцы" ў дачыненні да 2 чалавек разам з пазбаўленнем волі.

Паводле вядомых праваабаронцаў прысудаў у 2022 годзе суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 51.21% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 15.3% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 30.03% вядомых выпадках асуджэння грамадзян. Арышт суды ўжывалі ў 1.93% выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычных спраў. Прымусовыя меры стацыянарнага характару ўжывалі ў 0.48% выпадкаў. Штраф прымяняўся як мера крымінальнай адказнасці ў 0.97% выпадкаў асуджэння. Умоўнае пазбаўленне волі - у 0.08%.

Такім чынам, у 2022 годзе пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі», арышту і прымусовых мер стацыянарнага характару, суды ўжывалі ў 98.95% выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.

Па падліках праваабаронцаў, больш за ўсё крымінальных судоў па палітычных матывах праходзіла па такіх артыкулах Крымінальнага кодэкса, як 342 КК (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 368 КК (Абраза А. Лукашэнкі).

Больш за ўсё асуджаных па палітычна матываваных крымінальных справах зафіксавана праваабаронцамі ў Мінску (542 чалавекі). Па рэгіёнах у лідарах Брэсцкая і Гомельская вобласць (па 166 чалавек).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства