Палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі за напад на Маршы на Азаронка і яго аператара
У судзе Заводскага раёна Мінска 21 снежня вынеслі прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да 25-гадовага палітзняволенага Арцёма Забелянкова. Яго асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 198 Крымінальнага кодэкса (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста) за ўдзел у "Маршы гонары" 11 кастрычніка 2020 года і патрабаванне ў прапагандыста Рыгора Азаронка і аператара Андрэя Іваненкі спыніць відэаздымку. Суддзя Алена Капцэвіч прызначыла хлопцу два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Паводле версіі абвінавачвання, Арцём Забелянкоў удзельнічаў у Маршы 11 кастрычніка 2020 года, дзе патрабаваў у аднаго з супрацоўнікаў дзяржканала спыніць здымку, пагражаў гвалтам аператару Андрэю Іваненку і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўніка дзяржканала СТВ Рыгора Азаронка. Дзеянні хлопца кваліфікавалі ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 198 Крымінальнага кодэкса (перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста). Затрымалі Арцёма 14 ліпеня 2022 года і змясцілі пад варту ў СІЗА-1.
Працэс над ім распачаўся 20 снежня ў судзе Заводскага раёна Мінска. Па справе выступалі два пацярпелых — Рыгор Азаронак і Андрэй Іваненка. Першы на суд не з'явіўся, а другі прасіў на працэсе не пазбаўляць хлопца волі. Азаронак у суд перадаў заяву, у якой казаў, што не мае прэтэнзій да абвінавачанага.
На судзе Забелянкоў прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. Паводле палітвязня, пра несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, якое праходзіла на праспекце Незалежнасці 11 кастрычніка 2020 года, ён даведаўся з сацыяльных сетак і накіраваўся туды "з цікаўнасці". Растлумачыць матывы нападу на журналіста Забелянкоў не змог. Ён таксама прызнаў, што мог пляскаць рукамі і выкрыкваць лозунгі, а таксама адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі.
Пракурор запрасіў для Забелянкова два гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. На наступны дзень суддзя Алена Капцэвіч прызначыла менавіта тое, што прасіла дзяржабвінавачванне.