viasna on patreon

Як у розных краінах адзначалі ўручэнне Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру

2022 2022-12-12T13:46:00+0300 2022-12-13T12:28:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fakelnae-szesce_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У розных гарадах 10-11 снежня адбыліся сустрэчы з нагоды ўзнагароджання старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру. Урачыстая цырымонія супала з Днём правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генасамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

Беларусы ў розных краінах арганізавалі трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая адбывалася ў Осла, выходзілі на мітынгі ў падтрымку беларускіх палітзняволеных, збіраліся на супольныя размовы, дзе абмяркоўвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а паплечнікі Алеся дзяліліся пра яго ўспамінамі.

pinchuk_nobel_transliacyja_vilnia.jpg
Падчас анлайн-прагляду ў Вільні. Замест Алеся Бяляцкага, які ў зняволенні, узнагароду атрымала яго жонка Наталля Пінчук

Сумесны прагляд анлайн-трансляцыі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру прайшоў у Вільні — у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Беларускім доме). А пасля прагляду прысутныя падзяліліся сваімі ўспамінамі ад знаёмства з Алесем Бяляцкім і бачаннем яго дзейнасці. 

liudvika_kardzis.jpg
Людвіка Кардзіс, дырэктарка Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні

"Выразна памятаю 1989 год, другі сойм моладзевых суполак у Вільні. І Алесь падышоў да мяне і спытаў: “Як ты ставішся да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні?” Я кажу: “Станоўча”. І ён сказаў: “Пайшлі”. І я вельмі выразна памятаю, як мы шлі ў стары горад у бок касцёла Святога Мікалая і ўвесь час гаварылі з ім. І фактычна гэта быў штуршок да адраджэння беларускага касцёла ў Вільні. Алесь — не толькі праваабаронца, але і хрысціянін.

Калі Алесь пасля першай сваёй адсідкі прыехаў ў Вільню, мы спаткаліся з ім і таксама гаварылі пра музей. Адразу пайшлі ў мэрыю і гаварылі пра лёс музея ў Вільні.

Я памятаю апошнюю нашу сустрэчу: Мы падышлі да гэтага будынку, на вуліцы Віленскай, 20 — і Алесь адразу выказаў сваё бачанне, як мусіць працаваць музей. Ён казаў, што музей павінен быць абавязкова".

belarusy-ljublina_2.jpg
Беларусы Любліна падчас акцыі салідарнасці
belarusy-ljublina_3.jpg
Беларусы Любліна падчас акцыі салідарнасці

Беларусы Любліна выйшлі, каб нагадаць пра важнасць правоў чалавека і падтрымаць палітзняволеных праваабаронцаў.

“Надышла нашая чарга абараніць тых, хто дзесяцігоддзямі змагаўся за правы чалавека ў Беларусі. У сітуацыі, калі самыя выбітныя праваабаронцы краіны знаходзяцца за кратамі, мы мусім стаць іх голасам. Мы мусім распавядаць пра парушэнні, падтрымліваць палітвязняў, распавядаць іх гісторыі і працягваць іх справу”, — заяўляюць беларусы.

nobel_warsaw_1.jpg
Сустрэча беларускіх і польскіх праваабаронцаў у Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве

На сустрэчы ў Хабе беларускія і польскія праваабаронцы паразмаўлялі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і аб магчымых супольных дзеяннях дзеля яе паляпшэння.

Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы, падзяліўся успамінамі пра свайго паплечніка Алеся Бяляцкага і прыгадаў цікавы выпадак з яго жыцця:

"Алесь заўсёды быў чалавекам няўрымслівым, актыўным, неабыякавым да несправядлівасці. Ён адзін з першых пачаў адкрываць у Беларусі нефармальныя грамадскія арганізацыі.

Успамінаецца цікавы выпадак. Алесь прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці БНФ. На адну з сустрэч арганізацыі ў Чырвоным касцёле прыйшоў супрацоўнік КДБ па прозвішчу Музук і пачаў перашкаджаць правядзенню мерапрыемства. Алесь на той сустрэчы з іншымі хлопцамі сачыў за парадкам і меў адпаведную павязку на рукаве. У сітуацыю ўмяшаўся нават Васіль Быкаў, які таксама там прысутнічаў. Алесь Бяляцкі вырашыў дзейнічаць рашуча: разам з хлопцамі яны ўзялі камітэтчыка пад рукі і спакойна вывелі на вуліцу.”

belarusy-krakava.jpg
Беларусы Кракава падчас акцыі салідарнасці

ў Кракаве на цэнтральнай плошчы падчас беларуска-ўкраінскай акцыі быў выступ у падтрымку Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

«Мы ганарымся выбітным суайчыннікам і жадаем яму і ўсім палітвязням хутчэй апынуцца на волі. Жыве Беларусь! Свабоду Алесю Бяляцкаму! Свабоду Вясне! Свабоду ўсім палітвязням!», — кажуць беларусы Кракава.

belarusy-varszavy.jpg
Беларуская акцыя салідарнасці 11 снежня каля помніка Мікалаю Каперніку ў Варшаве

11 снежня беларусы Варшавы зладзілі мітынг каля помніка Мікалаю Каперніку з нагоды Дня правоў чалавека і каб адзначыць ўзнагароджанне Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міра.

Яўген, адзін з удзельнікаў сустрэчы, пачаў свій выступ наступнымі словамі:

“Калі мяне затрымлівалі, я на ўсю моц крычаў: паведаміце «Вясне» маё імя і прозвішча”.

belarusy-bruselja_1.jpg
Беларусы Бруселя падчас акцыі салідарнасці
belarusy-bruselja_2.jpg
Беларусы Бруселя трымаюць партрэт Алеся Бяляцкага падчас акцыі салідарнасці

Узнагароджанне Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру беларусы святкавалі і на вуліцах Бруселя. А таксама нагадалі свету пра сотні палітвязняў у Беларусі.

uladzimir-vjaliczkin_praha_1.jpg
Уладзімір Вялічкін на канферэнцыі ў Празе з нагоды ўзнагароджання Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру

У Празе 10 снежня адбылася сустрэча з нагоды ўзнагароджання старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага Нобелеўскай прэміяй міру. У мерапрыемстве браў удзел праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін, які стаяў у вытокаў праваабарончага цэнтру «Вясна». У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі «Мемарыялу» і «Цэнтру грамадзянскіх свабод». Таксама прысутнічалі міністр замежных спраў Чэхіі ды старшыня ніжняй палаты парламенту Чэшскай Рэспублікі.

Берасцейскі праваабаронца выступіў з прамовай, у якой казаў аб тым, што Алесь Бяляцкі шмат год свайго жыцця прысвяціў праваабароне:


“І тое, што ён цяпер за кратамі — плата, якую плаціць «Вясна» за прыхільнасць ідэалам дэмакратыі і свабоды. Але ж такую ж горкую плату — зняволяннем і здароўем — аддаюць цяпер тысячы беларусаў. І нягледзячы ні на што, негледзячы на зняволенне сябраў і валанцёраў нашай арганізацыі, нягледзячы на вялізарныя тэрміны зняволення тым, каго паспелі ўжо асудзіць, «Вясна» жыве. Праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае дакументаваць нечалавечыя ўмовы ўтрымання палітвязняў, аказваць дапамогу тым, каго пераследуюць. А Нобелеўская прэмія Алесю Бяляцкаму, расійскім праваабаронцам з «Мемарыялу» ды ўкранскім праваабаронцам з «Цэнтру грамадзянскіх свабод» мусіць служыць напамінам уладам усяго свету: толькі з моцнай ды вольнай грамадзянскай супольнасцю магчымае існаванне паспяховай ды ўстойлівай дэмакратыі.”

fakelnae-szesce_3.jpg
Факельнае шэсце ў Осла пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міра. Фота Human Rights House Foundation
fakelnae-szesce_2.jpg
Факельнае шэсце ў Осла пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міра. Фота Human Rights House Foundation
fakelnae-szesce_1.jpg
Факельнае шэсце ў Осла пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання Нобелеўскай прэміяй міра. Фота Human Rights House Foundation

Пасля ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміяй міру, у Осла адбылося традыцыйнае факельнае шэсце на знак падтрымкі і салідарнасці з усімі праваабаронцамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства