viasna on patreon

Новыя "экстрэмісцкія матэрыялы" і затрыманні: хроніка пераследу 29 лістапада Дапоўнена

2022 2022-11-29T12:09:00+0300 2022-11-30T10:47:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vetashkin-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 29 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК у Гомелі затрымаў бармена бара «Квартирник» Глеба Веташкіна

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, у жніўні 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць.

Паведамляецца, што ў дачыненні да Глеба складзены пратакол па ч.2 арт.19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Паводле сілавікоў, таксама «сабраны і накіраваны матэрыялы ва УСК па Гомельскай вобласці для ўзбуджэння шэрагу крымінальных спраў за ўдзел у масавых беспарадках, распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы».


Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуды па «справе змоўшчыкаў»

Абаронцы прасілі скасаваць ці паслабіць тэрмін, але ўсе скаргі былі адхіленыя, піша @euroradio.

Прысуды, скаргі на якія сёння разглядаліся і якія засталіся ў сіле: Юрась Зянковіч – 11 гадоў калоніі, Аляксандр Фядута – 10 гадоў, Рыгор Кастусёў – 10 гадоў, Дзяніс Краўчук – 2,5 гады.

Вольга Галубовіч, якую таксама пакаралі 2,5 гадамі пазбаўлення волі, скаргу ў ВС не падавала.


Сайт і Instagram баранавіцкай крамы з нацыянальнай сімволікай «Росквіт» прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Адпаведнае рашэнне 28 лістапада прыняў суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну.

Гэтай восенню ў гаспадара крамы Юрыя Казакевіча двойчы праходзіў ператрус, а ў кастрычніку адміністрацыя гандлёвага цэнтру, дзе месцілася крама, завесіла ўваход у яе – вядома, што ім «настойліва раілі» зрабіць так, каб крама больш не працавала.


Дзяніса Івашына паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізму

Аўтара "Новага часу" і журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына паставілі на прафілактычны ўлік як схільнага да экстрэмізму.

Журналіст Дзяніс Івашын. Фота spring96.org

Журналіста Дзяніса Івашына адміністрацыя гродзенскай турмы яшчэ вясной 2021 года паставіла на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.


ГУБАЗіК затрымаў дырэктара прадпрыемства за тое, што ён не пусціў міліцыянтаў на тэрыторыю

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Віталя Васілевіча, генеральнага дырэктара «Беллесвыраб» (Belwooddoors). Паводле іх, мужчына забараніў ахове прадпрыемства прапускаць міліцыянтаў на аб'ект — пасля гэтага ён быў затрыманы ГУБАЗіКам.

Сілавікі паведамляюць, што мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а дома ў яго была знойдзена зброя.

Belwooddoors — найбуйнейшая ў Беларусі вытворчая кампанія па выпуску міжпакаёвых дзвярэй. Яе філіялы знаходзяцца ў Маскве, Астане, Алмаце і Нью-Ёрку.


Марыя Калеснікава ў рэанімацыі. Прычына - невядомая

Марыя знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі ў Гомелі ў рэанімацыйным аддзяленні, паведамляе @viktarbabarykaofficial. Гэтую інфармацыю пацвердзілі адвакату ў бальніцы.

Брыгада хуткай даставіла Марыю 28 лістапада, шпіталізавалі яе ў першае хірургічнае аддзяленне і перавялі ў рэанімацыю.

Адваката Марыі 29 лістапада трэці раз запар не дапусцілі да яе ў калоніі. Патлумачылі гэта тым, што няма заявы ад яе.

Раней стала вядома аб тым, што Калеснікава - у штрафным ізалятары. У адміністрацыі калоніі пра шпіталізацыю нічога не сказалі.


У Карме сарвалі дзяржаўны сцяг. "Нападнік" затрыманы

Затрыманы жыхар гарадскога пасёлка Карма — ён сарваў афіцыйны сцяг з рэдакцыі дзяржгазеты «Зара над Сожам» і аднёс дадому

Прапагандысты ўжо паведамілі, што жыхар Кармы з'яўляецца хуліганам-рэцыдывістам, а "злачынства" здзяйсняў ў нецвярозым стане.

Мясцовыя «сілавікі» адрапартавалі аб узбуджэнні крымінальнай справы за знявагу дзяржаўных сімвалаў.

Цяпер кармянцу пагражае да трох год турмы.


Жыхара Скідзеля Сяргея Бароўскага затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Сілавікі апублікавалі скрыншоты «забароненых» падпісак 34-гадовага мужчыны ў Telegram, сярод якіх, чамусьці, канал «Настоящего Времени», сацыяльныя сеткі якога не прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі».


Сілавікі затрымалі Максіма Пучынскага — намесніка дырэктара Мінскага роварнага таварыства

Прычына і падрабязнасці затрымання пакуль невядомыя.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства