Ціск на палітвязняў і новыя затрыманні 24 і 25 лістапада Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Інфармацыйная прадукцыя блогера «BalaganOff» прызнаная «экстрэмісцкай»
Чыгуначны суд Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйную прадукцыю Telegram i Youtube-каналаў блогера «BalaganOff».
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 178 чалавек. Цяпер у ім 2059 чалавек
25 лістапада МУС чарговы раз абнавіла "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Большая частка з іх — асуджаныя паводле арт. 342 і 369 Крымінальнага кодэкса, якія цяпер «адбываюць пакаранне». У Спіс уносяць сем'ямі і цэлымі рэгіёнамі: толькі ў гэтым абнаўленні налічваецца 36 бабруйчанінаў.
Так, у спіс трапілі палітзняволеная актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, дэпартаваны фігурант "справы карагодаў" Данііл Чамаданаў, другі раз у Спіс унеслі асуджанага Андрэя Маслава — студэнта, які "хацеў дапамагаць Украіне", асуджаную да "хатняй хіміі" керамістку Наталлю Карнееву.
Затрыманне ў Віцебску
25 лістапада на працу ў РУП «Віцебскэнерга» прыходзілі сілавікі з ператрусам да начальніцы аддзела бухгалтарскага ўліка і эканамічнага планавання (прозвішча высвятляецца). Адразу яе забралі ў КДБ, а потым арыштавалі на 15 сутак і змясцілі ў ІЧУ.
Затрымалі вядучага інжэнера "МінскЭнерга"
Чыноўніка абвінавачваюць у перадачы персанальных звестак больш за 500 пасадовых асоб тэлеграм-каналам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрыманага клічуць Артур Педзько.
Яму прад’явілі абвінавачванне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК РБ (дапамога ў распальванні варажнечы, здзейсненай групай асоб) і ўзялі пад варту.
Instagram "Вясны" прызналі "экстрэмісцкім" ужо двойчы
17 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна прыняў рашэнне, якім прызнаў шэраг каналаў і старонак у Instagram "экстрэмісцкімі матэрыяламі", сярод іх — старонка ў Instagram "viasna96". Але яна ўжо была прызнана "экстрэмісцкай" 27 студзеня 2022 года рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля.
Вялікае папаўненне ў "Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Суд Ленінскага раёна Гродна 17 лістапада прызнаў шэраг каналаў і старонак у Instagram "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Сярод іх:
- Telegram-канал "Пагоня";
- Старонка ў Instagram "euroradio";
- Старонка ў Instagram "freebelaruscenter";
- Старонка ў Instagram "pagoniagrodna";
- Старонка ў Instagram "torturesbelarus2020".
Верагодна, арыштаваны палітзняволены «хімік» Глеб Койпіш
Пра гэта паведамляе @nebovkletku, спасылаючыся на сторыса Глеба ў Instagram.
Глеб — кіраўнік гарадзенскай студыі «Іквадарт», асуджаны да двух гадоў «хіміі» за ўдзел у счэпцы 11 жніўня 2020 года. З 14 сакавіка ён адбывае свой тэрмін у ПУАТ № 21.
Правабаронцам стала вядома, што ў судзе Мазырскага раёна 25 лістапада над ім адбыўся суд па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Справу разглядаў Галіна Кніжонак.
Знакаміты беларускі самелье Аляксандр Кульбачка знаходзіцца на «Валадарцы»
Праваабаронцам стала вядома, што саўладальнік аднаго з вінных бараў Мінска і вядучы тэлеграм-канала «Саша і віно» Аляксандр Кульбачка знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Нагадаем, пра яго затрыманне стала вядома 12 кастрычніка.
Паводле папярэдняй інфармацыі, Аляксандру інкрымінаваны арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
У 2017 годзе Кульбачка быў прызнаны «Найлепшым самелье Беларусі».
Падтрымайце Аляксандра: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандр Юр’евіч Кульбачка
Пракуратура знайшла «экстрэмісцкія» кнігі ў інтэрнет-крамах
Паведамляецца, што пракуратура Савецкага раёна Мінска, выявіла факты прапановы грамадзянам да набыцця кніжных выданняў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Як піша ведамства, крамы прадавалі «экстрэмісцкія» кнігі «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры», «Аграрная палiтыка нацыстаў у Заходняй Беларусi: Планаванне. Забеспячэнне. Ажыццяўленне (1941-1944 гг.)» і «Балада пра маленькi буксiр».
Палітзняволенаму Аляксандру Ярашуку выставілі новае абвінавачванне – заклікі да санкцый
Як стала вядома «Народнай Волі», старшыні ліквідаванай па рашэнні Вярхоўнага суда Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» выставілі новае абвінавачванне – заклікі да санкцый. Па той частцы, якую інкрымінуюць Ярашуку, яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.
Як адзначае выданне, Ярашук, ва ўсялякім выпадку публічна, адкрыта выступаў супраць увядзення жорскіх санкцый у дачыненні да Беларусі, з-за чаго на яго з крытыкай нават абрынуліся некаторыя апазіцыянеры, якія цяпер жывуць па-за межамі краіны. Тым не менш менавіта за заклікі да санкцый улады хочуць прыцягнуць Ярашука да адказнасці: па інфармацыі крыніц «Народнай Волі», нейкую крамолу, знайшлі ў яго камп’ютары, які праваахоўнікі забралі падчас ператрусу.
Падтрымайце Аляксандра: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксандр Ільіч Ярашук
Супраць маці загінулага каліноўца распачалі крымінальную справу
Камандзір роты разведкі Павел «Волат», які стаяў ля вытокаў утварэння палка Каліноўскага, загінуў 15 мая падчас выканання баявой задачы на поўдні Украіны.
Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, супраць маці Паўла Наталлі Суславай, якая зараз знаходзіцца ва Украіне, распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат».
Адзначым, што ў сваім допісе ГУБАЗіК над фотаздымкам загінулага беларуса размясціў малюнак кувалды — сімвал пазасудовага забойства кувалдай, якое практыкуецца ў расійскіх крымінальных колах і прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера.
24 лістапада ГУБАЗіК правёў "аблаву" ў Паставах. Ёсць затрыманыя
Імёны затрыманых падчас аблавы ў Паставах: Юры Дзіковіч, Уладзімір Лашчотка, Сяргей Ляўко. У Дзіковіча быў ператрус яшчэ ў пачатку 2021 года, ён быў у статусе падазраванага за нейкі каментар у тэлеграме.
Мясцовыя паведамляюць, што прынамсі супраць часткі затрыманых магла быць распачатая крымінальная справа.
"Наша Ніва" паведамляе, што ператрусы прайшлі ў мінімум 11 чалавек. Паводле выдання, траіх затрымалі, а аднаго з іх сілавікі звезлі ў Мінск. Нагодай для масавага пераследу жыхароў Паставаў мясцовыя называюць пратэсты 2020 года і крытыка кіраўніка раёна.
Паводле крыніц «Нашай Нівы», ператрусы адбыліся яшчэ ў васьмі чалавек. Адзначаецца, што з людзьмі сілавікі абыходзіліся жорстка. Ці на волі яны, невядома. Родзічы ўстрымліваюцца гаварыць пра гэта і просяць не называць іх імёны.
«Вобшукі былі і ў тых, хто з'ехаў з Беларусі, і ў тых, хто застаўся. Дапускаю, што дамы ператрэслі ў большай колькасці людзей. Родзічы пра тое проста не паведамляюць, бо баяцца, што стане яшчэ горш», — адзначае суразмоўца «Нашай Нівы».
Пра ператрусы і затрыманні стала вядома познім вечарам 24 лістапада, але сілавікі пачалі ўрывацца да людзей у чацвер ад самага ранку.
Аўтарку публікацыі на сайце "Ганцавіцкі час" выклікалі ў міліцыю
Паводле БАЖ, журналістка незалежнага рэгіянальнага выдання “Ганцавіцкі час” Ірына Дамарацкая днямі атрымала позву з мясцовага раённага аддзела ўнутраных спраў.
У Ганцавіцкім РАУС распачалі праверку ў звязку з публікацыямі на сайце “Ганцавіцкі час” пра прыватнае прадпрыемства, дзе супрацоўнікам затрымлівалі заробак.
У выніку Ірына Дамарацкая так і не здолела даведацца, што канкрэтна парушыла. Затое ў Ганцавіцкім РАУС яе падрабязна распытвалі, не толькі пра тое, як узнікла тэма пра затрымку заробку, але і на якой падставе працуе сайт "Ганцавіцкі час".
Затрыманні ў Мінску
У Мінску супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі дачку і маці Юлію і Вольгу Балонкіных. 24 лістапада Вольгу арыштавалі на 14 сутак. Юлія Балонкіна пасля суда на сувязь больш не выходзіла. Меркавана, яна таксама арыштавана.
Паводле інфармацыі "Спісы затрыманых" таксама затрыманыя ў Мінску:
- Гуйдо Максім Юр'евіч
- Доўгая Аксана
- Кеня Сяргей Анатольевіч
- Паўленка Васіль Сяргеевіч
- Паўленка Святлана Рыгораўна
- Судніковіч Іван Пятровіч
На палітзняволеную Дар'ю Лосік цісне адміністрацыя брэсцкага СІЗА
Стала вядома, што адміністрацыя брэсцкага СІЗА-7 пачала залічваць вагу пасылак для Дар’і ў агульную вагу перадач. Звычайна вязням можна перадаваць 30 кг перадачы ў месяц і дадаткова дасылаць неабмежаваную колькасць пасылак вагай 50 кг. Цяпер яе ў гэтым абмежавалі. Таму не дасылайце ёй пасылкі без узгаднення са сваякамі, бо праз устаноўлены ліміт яна можа застацца без неабходных рэчаў.
Лісты ад Дар‘і амаль не даходзяць.
Нагадаем, Дар‘ю Лосік, жонку палітвязня Ігара Лосіка, затрымалі 18 кастрычніка. З таго часу яе ўтрымліваюць у брэсцкім СІЗА-7. Дачка Ігара і Дар'і цяпер знаходзіцца ў бабулі з дзядулем.
30 лістапада Дар'я адзначыць 31-годдзе за кратамі, а 28 лістапада будзе роўна 13 год з першага спаткання Ігара. Падтрымаць яе можна тэлеграмамі і грашовымі пераводамі.
Адрас для віншаванняў Дар'і: СІЗА-7, 224030, Брэст, Савецкіх памежнікаў, 37, Дар'і Аляксандраўне Лосік
Затрыманы грэка-каталіцкі святар Віталь Быстроў
Ён служыць грэка-католікам з парафіі Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах, паведамляе "Хрысціянская візія".
Айца Віталія ўжо затрымлівалі ў лістападзе 2020 г. Тады ён атрымаў 10 сутак арышту паводле арт. 23.34 КаАП.
У Беларусі тры новыя «экстрэмісцкія фармаванні»
Згодна з рашэннямі МУС ад 24 лістапада, «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя «ГОБК», «Іван! Real Belarus» і «Жыве Лунінец!».
Затрыманы чарговы прадстаўнік IT-індустрыі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне распрацоўшчыка студыі ICON GAMES Валерыя Буйвідовіча.
Паводле іх, хлопец удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары». На «пакаяльным відэа» Валерыя прымушаюць назваць свой заробак.
Instagram-старонка праекту «Август2020» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
На гэтай старонцы распавядаліся гісторыі людзей, якія пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў.
Сёння адбылося чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі:
- Telegram-каналы «Литература вне запретов», «Слобода для жизни (г. Лида)», «Žyžal», «Доска позора Республики Беларусь», «Волковыск. НОВОСТИ», «Вгавм2020»;
- Відэаролік «Самалет з палiтычнымi уцекачамi хацелi пасадзiць у Менску / В Минске хотели посадить самолет»;
- Instagram-старонка «zmagarusa».
Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі сайт і сацсеткі анархісцкага рэсурса «Прамень».
У «тэрарыстычны спіс» дадалі яшчэ 7 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ сямі чалавек. Цяпер у ім 958 чалавек, з іх 213 — беларусы.
Сярод іх Максімаў Дзяніс, Талкачоў Сцяпан, Супрунчык Іван, Хрыстафораў Ігар, Ганчарык Павел, Фісюк Сяргей, Быкаў Андрэй.
Таксама ў спіс дадалі палітзняволеную Цыбульскую Вольгу — аднак жанчыну ўнеслі ў тэрарыстычны спіс яшчэ ў верасні, а зараз проста прадублявалі яшчэ раз.
Мікалай Статкевіч трапіў у медсанчастку — у яго пнеўманія
Пра гэта паведаміла Марына Адамовіч:
«Сёння да Міколы не пусцілі адваката. Прычына? Патлумачылі клопатам аб яго здароўі. Мікалай – у медсанчастцы. У яго пнеўманія. Пасля трох ранейшых кавідаў
Пра тое, што "падчапіў нейкі вірус", Мікалай пісаў мне ў апошнім атрыманым лісце. Ліст быў напісаны 10-га лістапада. Захварэў ён, адпаведна, раней. І яшчэ ў тым лісце ён пісаў, што заўтра [11.11] ізноў "на камісію", а значыць — ізноў ШІЗА.
У санчастцы Мікалай нядаўна, усяго пару дзён. Вось я і думаю, дзе ён правёў папярэднія, мінімум, 10?Верагодна, у ШІЗА», — піша яна.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу