Пераслед за нацыянальную сімволіку, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 22 лістапада
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Мінчука адправілі за краты за "пікетаванне аб'явай пра продаж календара з Пагоняй" на "Куфары"
У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе "неабыякавай грамадзянкі". Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне, шляхам размяшчэння аб'явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі: "Жыве Беларусь!", "Жыве вечна!", "Не разбіць!", "Не спыніць!", "Не стрымаць!"». Міліцыянты расцанілі гэта як "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.
Хлопец на судзе паведаміў, што аб'яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з'яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт "Kufar" і пабачыла аб'яву з Пагоняй і лозунгамі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Затрыманы лідар прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка
Як паведамляе "Народная Воля", мужчына не вярнуўся з допыта ў Баранавічах, куда ездзіў 21 лістапада.
UPD. Праваабаронцам стала вядома, што Анатоль Шумчанка затрыманы да суда паводле арт. 19.11 КаАП РБ.
«Беларускі Тэлеграм» у Беларусі прызнаны экстрэмісцкім
Па заяве пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска Telegram-канал «Беларускі Тэлеграм» прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.
Кантрактнікаў будуць звальняць з арміі за рэпосты з "экстрэмісцкіх" каналаў
Мінабароны дадало некалькі новых падставаў для датэрміновага скасавання кантрактаў. Гэта вынікае з новай пастановы Мінабароны № 49 ад 12 кастрычніка.
Распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў стаў адною з новых прычынаў для датэрмінавага скасавання кантракта.
Таксама падставаю для звальнення будуць "парушэнне нормаў аб абароне персанальных дадзеных" і ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія ўлады палічаць несанкцыянаванымі, або заклікі аб іх правядзенні.
Наўпрост цяпер адбываецца ператрус у гамельчука Аляксея Атрошчанкі
Пра гэта паведамляе @viasnaHomel . Прычына пакуль невядома.
UPD. Як паведамляе @viasnaHomel, сённяшні ператрус у Аляксея Атрошчанкі быў звязаны з Рухам «За свабоду».
Таксама ператрус адбыўся і ва Уладзіміра Кацоры. У мужчын нічога не забіралі, але задавалі пытанні, звязаныя з Юрыем Губарэвічам і Вольгай Быкоўскай.
Былога палітвязня Іллю Міронава арыштавалі на 5 сутак
Пра гэта паведаміў @shtodzien
19 лістапада Ілля паведаміў, што пакуль ён быў у Мінску, да яго прыходзілі сілавікі. Тады ён пісаў, што прычына візіту міліцыянтаў стане вядомая ў панядзелак.
Як паведамляе @viasnaHomel , учора актывіста затрымалі па адміністрацыйнай справе наўпрост у РАУС. Яго асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (19.11 КаАП) — знайшлі падпіску на "экстрэмісцкі" канал.
Нагадаем, 24 кастрычніка Іллю асудзілі да 1,5 года калоніі па "справе Зельцэра". За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.
СМІ: У Брэсце адбыліся масавыя затрыманні
"Наша Ніва" : У Брэсце ў апошнія дні адбыліся масавыя затрыманні.
"Белсат" : Масавыя затрыманні адбыліся 16-18 лістапада. Затрымлівалі тых, каго раней ужо судзілі па адміністрацыйных артыкулах. Паводле "Белсата", у ІЧУ Брсэта цяпер знаходзіцца шмат дальнабойшчыкаў.
Калі вам нешта вядома пра гэтыя затрыманні, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSviasna. Звярнуцца да брэсцкіх праваабаронцаў у тэлеграме @BrestSOS
Палітзняволеную Марыю Калеснікаву змясцілі ў ШІЗА
Нядаўна Марыя Калеснікава, асуджаная да 11 гадоў калоніі, атрымала тры спагнанні ад адміністрацыі гомельскай жаночай калоніі: за знаходжанне ў працоўны час не ў тым месцы і за няветлівы зварот з яе боку. Сёння да яе не пусцілі адваката, бо нібыта ад яе не было заявы. Калі і на які тэрмін палітзняволеную змясцілі ў штрафны ізалятар — невядома.
Нагадаем, адміністрацыя калоніі ўвесь час цісне на Марыю, астатнім жанчынам, па словах былых зняволеных, нават забаронена з ёй камунікаваць.
Падтрымаць Марыю можна па адрасе: ПК №4. 246035, Гомель, Антошкіна, 3, Калеснікавай Марыі Аляксандраўне
Напісаць анлайн
У паэта і барда Георгія Станкевіча сёння таксама адбыўся ператрус
Як паведамляе @vicspring, сёння а 7 раніцы да рэдактара незалежнага сайта beshankovichi.by у вёску Старыя Ранчыцы Бешанковіцкага раёну прыехалі міліцыянты. Яго павезлі ў райцэнтр, каб правесці ператрус у кватэры, дзе ён даўно не жыве. Сілавікі распытвалі Георгія пра рух «За Свабоду».
Іх цікавіла, хто такі Юры Губарэвіч, дзе ён цяпер знаходзіцца, і ці падтрымлівае затрыманы з ім кантакты.
«Нават запыталі, пра што б я хацеў з ім паразмаўляць, каб раптам сустрэў. Яшчэ супрацоўнікі міліцыі цікавіліся, што я ведаю пра «суполку Робін Гуд». Я пра яе нават і не чуў. Называлі яшчэ нейкія прозвішчы, але я такіх людзей не ведаю», — распавёў Георгій Станкевіч.
Таксама з яго ўзялі падпіску, што ён не будзе парушаць крымінальнае заканадаўства, у прыватнасці артыкул 356 Крымінальнага кодэкса (Здрада дзяржаве). Праз некалькі гадзін самі ж супрацоўнікі міліцыянты прывезлі яго дадому.
Выданне Hrodna.life прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем"
«Група грамадзян з ліку стваральнікаў, удзельнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life, Telegram-каналаў "Гродна like!", Hrodna One Love, а таксама YouTube-канала Hrodna One Love ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — адзначаецца ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Рашэнне было прынята КДБ Беларусі яшчэ 11 лістапада.