viasna on patreon

Мужчыну асудзілі за каментары да "хатняй хіміі". Ён мусіць выплаціць больш за 10 000 рублёў 

2022 2022-11-16T10:01:18+0300 2022-11-16T12:57:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/telegram.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Стала вядома, што 24 кастрычніка ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска агучылі прысуд 41-гадоваму Андрэю Касцюкевічу. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Цімафей Нічыпарук.

Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады») за некалькі каментароў і асудзіла да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Аднак разам з тым мужчына мусіць выплаціць пяці пацярпелым 9500 рублёў. Таксама — аплаціць дзяржпошліну ў памеры 576 рублёў.

У Андрэя двое дзяцей. Да суда ён знаходзіўся на волі: мужчына быў затрыманы з 5 па 7 ліпеня 2022 года.

Касцюкевіча прызналі вінаватым у тым, што цягам кастрычніка-снежня 2020 і ў студзені 2021 года ён пакінуў некалькі каментароў у бок службовых асобаў, якія тыя расцанілі як абразу. Ён пакідаў каментары ў суполках «Чат группы Каратели» «Лухтовикинги», «Чат Элехтарата», «Tribuna.com Chat» пад запісамі са звесткамі пацярпелых.

Пацярпелымі па справе праходзілі дзевяць чалавек. Згодна з рашэннем суда, абвінавачаны мусіць кампенсаваць маральную шкоду ўсім у вызначаным памерах. Міліцыянту АМАП Савенку ён мусіць выплаціць 1000 рублёў, ваяру вайсковай часткі 3032 МУС Краўчанку — 1500 рублёў, першаму намесніку міністра МУС, начальніку крымінальнай міліцыі Казакевічу — 2000 рублёў, інспектару па справах непаўнагадовых у Бярэзіна Сахончуку — 2000 рублёў, намесніцы аддзела тылавога забяспечання «Турмы №8» Вішнеўскай — 1000 рублёў, супрацоўніка Маладзечанскага АУС Пузырову — 2000 рублёў. Трое супрацоўнікаў сілавых ведамстваў не выставілі кампенсацыі.

Касцюкевіч цалкам прызнаў віну і распавёў, што дзейнічаў эмацыйна і неабдумана пад уплывам сацсетак. Таксама ён падкрэсліў, што не меў пэўных мэтаў. Усе пацярпелыя былі ўпэўненыя, што каментары зневажаюць іх гонар і годнасць, а таксама падрываюць сярод асобаў, якія прачытаюць каментары, іхні асабісты аўтарытэт і аўтарытэт органаў унутраных справаў агулам.

Кожны каментар прайшоў экспертызу, якую правяла дзяржаўная спецыялістка Д. Талалаева. Згодна з яе высновамі, у каментарах ёсць «ненарматыўныя формы моўнага выказвання».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства