viasna on patreon

«Выратавала мяне толькі тое, што праз пару карцараў ад мяне пачалі спяваць песню "Воины света, воины добра"»

2022 2022-11-15T17:33:36+0300 2022-11-15T17:33:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_matalok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Яўгенія (імя змененае ў мэтах бяспекі) — адна з беларусак, якая за два гады пратэсту паспела заплаціць за неабыякавасць і адмову быць апалітычнай днямі на Акрэсціна, месяцамі ў СІЗА Жодзіна і Мінска, тэрмінам у калоніі. І нягледзячы на агрэсіўную татальную несвабоду, яна застаецца ў Беларусі.

Выйдучы на волю, Яўгенія распавяла "Вясне", як у жодзінскім СІЗА палітычных закідваюць рапартамі, што можа вярнуць жаданне жыць, калі ты замярзаеш у карцары падчас галадоўкі, і чаму яна настойліва застаецца ў Беларусі, хоць пасля амаль двух з паловай гадоў пратэсту ўздрыгвае ад кожнага званка ў дзверы.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых працягваюць кампанію па дакументававанні.
Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з нечалавечым і жорсткім абыходжаннем, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце ў Telegram: @ViasnaDOC  і на Email: viasnadoc@spring96.org.
Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.

Непазбежнасць

Званочкам, што пасля некалькіх затрыманняў па адміністрацыйных справах і статусу падазраванай па крымінальнай Яўгенію на волі не пакінуць, стаўся дзень, калі яе затрымалі на вачах у мужа і дзяцей, калі сям'я вярталася з торбамі з крамы.

"Дзіця ўпіваецца ў нагу міліцыянту: "За што вы чапаеце маю маму, яна нічога не зрабіла". Ён, проста як шчанюка, яго адкідвае. Мяне саджаюць у машыну і вязуць, — апісвае Яўгенія. — Яны думалі, што знойдуць мой тэлефон. Следчага злавала, што ён ніяк не мог да яго дабрацца. Яны разабралі маю сумку па частках, мяне голую металашукальнікамі аглядалі двойчы. Не ведаю, дзе, яны думалі, я магла схаваць тэлефон. Яны трымалі мяне сем гадзін, хоць больш за тры згодна з законам не мелі права. Без вады, без ежы. Ведаючы, што мой муж чакае мяне ў фае РУУС, а дома ў мяне толькі маленькія дзеці, яны адправілі туды следчага. Ламалі дзверы, спалілі званок".

Літаральна праз некалькі дзён да Яўгеніі прыйшлі з ператрусам.

Прыйшлі помсціць

"Добра, што дзяцей не было дома. Паліцы проста выварочваліся, камоду вырвалі з кавалкам сцяны. Яны зносілі ўсё, што бачылі. У мяне былі пустыя шафы, пустыя ложкі. Следчы мне адкрыта сказаў, што, калі б я тэлефон аддала сама, яны б так не грамілі кватэру. Карацей, прыйшлі помсціць. Калі знайшлі тэлефон, яны яшчэ высыпалі парашкі ў ваннай і пасля супакоіліся. Сышлі. Мы пачынаем прыбірацца, і тут яны вяртаюцца: "Мы ж у вас забралі тэлефоны, следчы з вамі не зможа звязацца — праедзем з намі". У мяне дзяжурная сумка на Акрэсціна ўжо года паўтара стаяла. Кажу мужу: "Я ўжо не выйду". Так яно і атрымалася. На маё пытанне: "Ці ты шчаслівы, што мяне зачыніў?" — следчы сказаў: "Ты не ўяўляеш як". Вельмі яму прыносіла задавальненне адкатванне пальцаў, фатаграфіі ў фас-профіль. Я не разумею, што ў яго ў галаве, ён жа зусім малады. Дараваць тое, што ён робіць, нельга".

Да ночы Яўгенія была на Акрэсціна. А зранку, да сняданку, яе зноў адвезлі ў РУУС. Тры дні яна сядзела ў бетоннай камеры РУУС з бутэлькай вады, а ночы праводзіла на Акрэсціна. Цудам перададзеныя мамчыны бутэрброды — адзіная ежа за гэты час. Бутэрброды былі загорнутыя ў сурвэтку з абмаляванай далонькай дачкі. Гэтая сурвэтка захоўваецца дагэтуль.

Большую частку часу пад арыштам Яўгенія знаходзілася ў жодзінскім СІЗА. І называе гэта самым страшным з усіх месцаў ейнага зняволення.

"Вы ж ведаеце, што вы экстрэміст?"

Яўгенію, як і ўсіх зняволеных паводле палітычных артыкулаў, адразу ж паставілі на прафілактычны ўлік як схільную да экстрэмізму.

"Сядзіць камісія чалавек 7-8. Цябе ў клетку саджаюць, і пачынаюцца пытанні кшталту: "Вы ж ведаеце, што вы экстрэміст?" Быў адзін шалёны тэрапеўт, галоўны тэрапеўт Жодзіна, таксама абсалютна малады хлопчык — ён наогул неадэкватны. Ён калі на мяне галасіў: "Колькі табе плацілі?" — у яго аж сліна ляцела".

Атрымаўшы карычневую бірку, Яўгенія магла спаць толькі на другім ярусе і насупраць вочка. Часам даходзіла да такога, што супрацоўнікі СІЗА маглі паказаць, у які бок спаць галавой.

Прыняцце

"Першы тыдзень ты думаеш, што хутка выйдзеш. Потым пачынаеш сябе супакойваць: "Я не бачыла месяц дзяцей, дапусцім, у лагер адправіла". Потым пачынаецца дэпрэсуха страшная, ты ўвесь час плачаш. Потым табе робіцца абсалютна ўсё адно, што з табой будзе. Пакуль нарэшце ты не прымаеш сваё новае жыццё ў гэтым месцы, з гэтымі людзьмі, з гэтымі правіламі. Разумееш, што ты ў палоне. Там, калі ты сябе не выцягнеш, цябе ніхто не выцягне. Ты ўначы сніш дом, а расплюшчваеш вочы — ты ў турме. Першыя месяцы адчуванне, што гэта будзе вечна. За ўвесь час, што я сядзела, самы вялікі боль — гэта быць без дзяцей. Тупы несупынны боль".

Рапарты Жодзіна

"Камера запляснелая, з павуціннем, з прусакамі. Там усё цячэ: пад кранамі тазікі, краны пераматаныя шкарпэткамі, анучамі, усюды падцёкі на пабелцы. Я, калі зайшла, не верыла, што ў такіх умовах людзі могуць жыць. Адразу ж мяне прызначаюць дзяжурнай па камеры. Я першы дзень наогул у турме, адкуль я ведаю, якія правілы?! Ніхто ж нічога не тлумачыць. І яны мне ў першы ж дзень даюць рапарт — за тое, што я не так, бач ты, прыбірала камеру. У Жодзіне два разы за дзень на гадзіну ты чамусьці скручваеш матрац і паднімаеш на другі ярус. І не на любы ложак, а строга на вызначаны. Гэтыя дзве гадзіны ты яшчэ павінен прыбіраць камеру.

Перакідаюць у іншую камеру, дзе частка дзяўчынак працуе на жодзінскага аператыўніка. А там шмат не трэба, ты можаш учапіцца за нейкую палітычную тэму, і яны кажуць аператыўніку, што я іх падбухторваю да чаго-небудзь. Там мне даюць яшчэ рапарты. Адзін — я, з'яўляючыся дзяжурнай, не ўзяла з акенца лыжкі для ежы, таму што ў гэты час чысціла зубы. Усім астатнім можна было, каб хтосьці гэта зрабіў за іх, калі не паспяваюць, але для мяне не было выключэння. Яны мяне такімі здзекамі і дакалупваннямі давялі да таго, што ў мяне падняўся ціск 180 на 150. Я думала, памру. Дзякуй богу, з трэцяй спробы мы выклікалі лекара, але ўколы не дапамаглі. І, замест таго каб даць пасцельны рэжым, прыйшоў ізноў правяральнік і сказаў, што ён дзесьці знайшоў пыл — даць ёй яшчэ адзін рапарт. Я разумею, што яны вядуць да таго, каб адправіць мяне ў карцар. Я абвяшчаю галадоўку".

"Мама, я не выжыву"

Камера і арыштаваны. Ілюстрацыя з сацыяльных сетак

"Бетоннае памяшканне ў падвале з забітым акном, са шклянымі дзвярыма, дзе ўсе таварышы ходзяць з сабакамі і глядзяць, як ты ходзіш у туалет і мыешся, і над табой яшчэ пры гэтым вісіць камера. З цябе здымаюць усё тваё адзенне, пакідаюць у нейкай турэмнай незразумелай робе. Я ўлезла ў адну калашыну цалкам. Яны дазволілі мне мае штаны, але самыя тоненькія. У карцар ты не маеш права ўзяць наогул нічога. Толькі зубную шчотку, мыла, туалетную паперу, ручнік. Матрац табе выдаюць толькі на ноч. Я сарвала сабе спіну, таму што ложак трэба адкідваць, а ён вельмі цяжкі. У мяне пайшлі гнойныя фурункулы на ўсім целе ад холаду. Адзінае выратаванне — гэта рухацца. А пасля пяці дзён галадоўкі ты не можаш хутка хадзіць, не можаш скакаць — рабіць штосьці, каб сагрэцца. Карцар па дыяганалі чатыры з паловай мае крокі. Я цэлы дзень хадзіла, каб грэцца. Гэтыя чатыры з паловай крокі я потым сніла".

Але замест спагады Яўгенія ў карцары атрымала яшчэ рапарты.

"Я глядзела ў гэтае маленькае акенца і ўвесь час крычала: "Мама, выратуй мяне, я не выжыву". Я знайшла нейкі камень і скрэбла сабе вены. Там табе ўжо ўсё адно, проста не хочацца жыць. Выратавала мяне толькі тое, што праз пару карцараў пачалі спяваць песню "Воины света, воины добра". Я расплакалася. Я зразумела, што не адна. Выкінула гэты дурацкі камень. І ў гэты момант яшчэ я падыходжу да кратаў каля дзвярэй, а на іх у розных месцах напісана: "І гэта пройдзе", "Усміхніся". І я зразумела, што гэта не тое месца, якое павінна мяне зламаць".

Але галадоўка ўсё ж дапамагла. Раней за належны тэрмін, натуральна, выпускаць ніхто не збіраўся, але атрымалася "выгандляваць" цёплыя рэчы. Калі па сканчэнні штрафнога тэрміну дзяўчыну паспрабавалі пакінуць у карцары, знясіленая галадоўкай і ўмовамі, Яўгенія знепрытомнела. І яе ўсё ж вярнулі ў камеру.

"А яшчэ так цікава атрымалася. Было добрае надвор'е, але калі я выходзіла з камеры ў карцар, пачалася жудасная залева, грукатала так, што здавалася, турма рухне. Залева ішла ўвесь час, пакуль я была ў карцары. І калі я вярнулася ў камеру, у той момант засвяціла сонца".

Узаемаадносіны

"Як правіла, звычайныя зняволеныя не вельмі цябе любяць, лічаць ізгоем і могуць падстаўляць. Непалітычным дзяўчынкам там жывецца больш-менш, яны могуць сабе дазволіць прылегчы ўдзень, сядзець. Але як толькі заводзяць палітычную — да нас жа пачынаюць чапляцца — гэта адбіваецца на іх.

Аператыўнік аднаго з СІЗА спрабаваў пад мяне капаць: ён выклікаў дзяўчынак з нашай камеры і распытваў пра мяне. Але мяне любілі ўсе дзяўчынкі. У палітычных жа заўсёды вялікія ссабойкі, і я заўсёды ўсім купляла цыгарэты, дзялілася прысмакамі. Для іх шок, што табе не шкада. Я начытаны чалавек, таму ім было са мной цікава. І мяне амаль ніхто не здаваў. У выніку я сама выклікалася да гэтага опера: "Калі маеце нейкія пытанні, запытайце асабіста ў мяне". Доўга я з ім размаўляла, ён па-іншаму пачаў ставіцца, моцна мне дапамагаў. Але і сварыўся на мяне: "Ты маіх дзяўчынак распусціла, яны цяпер не хочуць на мяне працаваць".

У калоніі з палітычнымі дзяўчынкамі мы сустракаліся толькі на фабрыцы на курылцы. Такі "гурток па інтарэсах". Як ні дзіўна, але адміністрацыя калоніі гэта дазволіла. Шкада, Машы (Калеснікавай — заўв. рэд.) нельга наогул ні з кім мець зносіны. Але ўсмешачкі, пацалуначкі ўсё адно пасылалі".

Медыцынская бездапаможнасць

"У Жодзіне ўся камера захварэла на каранавірус. Я з тэмпературай пад 40. Натуральна, гэта ўсё адно скручаныя матрацы: пасцельны рэжым ніякі мне не даюць. Мне не даюць нават лекі. Іх прасілі на сябе дзяўчынкі і аддавалі мне. І я яшчэ ў самай жудаснай камеры: тэмпература за акном 30 градусаў, у камеры, напэўна, усе 40. Туды ўвесь час падсялялі жахліва вашывых дзяўчынак".

Гэтая камера таксама была сродкам прэсінгу. Як толькі Яўгенію вырашылі пакінуць у спакоі, яе перасялілі ў больш прыстойныя ўмовы. Дарэчы, узімку ў камерах, наадварот, вельмі халодна. Пакуль не ўключаць ацяпленне, людзі надзявалі на сябе ўсё адзенне, якое мелі, спалі ў шапках.

Выратавальныя лісты

"Усё, што мяне ратавала, — родныя і лісты людзей. Калі ў жодзінскім СІЗА прайшоў прэсінг у дачыненні да мяне, лісты ішлі сотнямі. Кожны ліст — са слязьмі. Ты не верыш, што гэта пішуць пра цябе. Бабуля якая-небудзь піша: "Я спякла кексы, падзяліла на ўсіх палітычных". І мне прыязджае з гэтай цыдулкай кавалачак кекса! І гэта было ўвесь час. Мая мама пісала мне штодня. Яна прачыналася а шостай гадзіне, як і я, каб мне не было крыўдна, і пачынала пісаць.

З пачаткам вайны ўсім палітычным абрэзалі ліставанне. У адзін дзень. А мы грукаліся да ўсіх начальнікаў, скаргі пісалі. Нам, вядома ж, хлусілі: "Усё, што вам прыходзіць, мы аддаём". Але аператыўнік мне шчыра сказаў: "Нічога не даможацеся, гэта не наша рашэнне, гэта рашэнне зверху".

Загадалі скласці спіс сваякоў — толькі ад іх з гэтага часу перадавалі лісты.

"Падтрымка людзей шалёна патрэбная. Я думала, пройдзе нейкі ўрывак вайны — і яны адновяць перапіску палітычным. Я ведаю, як ім балюча без гэтых лістоў. Нам ад пачатку вайны забаранілі лісты — і праз тыдні два табе здавалася, што на цябе ўсе забыліся".

"Справа Зельцэра"

Калі ў Жодзіна прывезлі людзей, затрыманых па "справе Зельцэра", чуткі пра гэта хутка разнесліся па ўсім СІЗА. Але людзей прывезлі, а ў камерах яны так і не з'явіліся…

"Праходзіць 10 дзён, 20 дзён, месяц — не падымаюць. Іх мучылі ці то 37, ці то 47 дзён, не памятаю, у падвале на карантыне. А калі паднялі, за адзін дзень на адным паверсе турмы я налічыла 150 карычневых картак, калі раней было каля 20 палітычных. Падняліся дзяўчаты жахліва змучаныя. Ім не перадавалі пасылкі, перадачы. Каго ў чым узялі, каго ў піжаме, каго з вуліцы, так іх упіхнулі ў гэты нібы карантын. Ім не давалі нічога купляць у атаварках. Толькі дазволілі туалетную паперу купіць, і тую цалкам разматалі, калі аддавалі. У нас у Жодзіне адзін дзень наогул не было вады, але нас папярэдзілі, мы налілі ў бутэлькі. А дзяўчынак па "справе Зельцэра" не папярэдзілі. Цэлы дзень без вады, туалета, жаночых патрэбаў! Што гэта, як не катаванні? Калі яны падняліся, у іх былі цэлыя аптэчкі мазяў ад сінякоў, таму што ніхто не ведаў, збіваюць іх ці не. Тут іх не збівалі, але маральна ціснулі. Хлопцаў, напэўна, білі, таму што дзяўчаты казалі, што чулі гукі з суседніх камер і крыкі. У дзяўчынак толькі заставаліся пабоі, якія былі пры затрыманні. Да нас паднялася дзяўчынка — сінякі чорныя праз 40 дзён так і не сышлі.

Дзяўчаты былі вельмі маральна прыгнечаныя. Але яны намагаліся ўзяць сябе ў рукі, на ўсе рапарты, што ты экстрэмістка, яны казалі: "Я НЕ схільная да экстрэмізму, НЕ схільная да дэструктыўнай дзейнасці". Я вельмі перажываю за людзей па "справе Зельцэра". Вядома, немагчыма падрыхтавацца да прэсінгу, які там ладзяць, да нечалавечых умоў. Я хаця б разумела, чым можа скончыцца для мяне мая барацьба. А дзяўчынкі, якія напісалі па адным каментары і ўжо год сядзяць, наогул далёкія ад усяго гэтага. І не ўсе моцныя маральна. Там вельмі шмат зламаных людзей".

Судовая "пастаноўка"

Ілюстрацыйнае фота

Як пройдзе дарога ў суд, залежала ад настрою канваіраў. Калі хацелі прадэманстраваць сваю ўладу, маглі пратрымаць у кайданках нават у "стакане", дзе паўдня чакаеш пасяджэння. Сам суд Яўгенія называе спектаклем.

"Напрыклад, адзін з эпізодаў — фатаграфія, дзе не відаць, на ўзбочыне я стаю ці на праезнай частцы. Яны раздрукоўваюць Google-карту, тыкаюць асадкай на праезную частку і кажуць: "Яна стаіць тут". Адвакат бярэ асадку і тыкае на тратуар: "Яна стаіць тут". Дакажыце. Чаму вы не праводзілі следчыя дзеянні, не вазілі туды, не фатаграфавалі, не супастаўлялі потым фатаграфіі паводле ракурсу?"

Тым не менш суд нічога не збянтэжыла. Яўгенію адправілі ў калонію, праўда, з улікам праведзеных у СІЗА месяцаў, заставалася няшмат.

Этап з фільма жахаў

"Гэта быў проста нейкі фільм жахаў. Ноч, ты ідзеш рэйкамі, імжыць дробны сняжок. Стаяць штук дзесяць вайскоўцаў з сабакамі, з аўтаматамі, з дубінамі. Палова хлопцаў у кайданках — палітычныя. У мяне было адчуванне, што я ў ваенным фільме 40-х гадоў. А другой гадзіне ночы цябе саджаюць на цягнік, "Сталыпін" ён называецца. Сяму-таму з хлопцаў дазволілі дапамагчы мне несці рэчы, таму што назбіраліся чатыры велізарныя сумкі, а рэчы здаваць родным забаронена. Потым дадалася яшчэ адна, непад'ёмная, поўная лістоў. І вось гэта ўсё я павінна была насіць сама, а ў турме — плюс матрац. Натуральна, я сарвала сабе спіну, нагу наогул адняло.

Вось уяўляеце сабе купэ? Толькі ў нас не дзверы, а краты. Зверху ў цябе паліца суцэльная, як ложак, на ўсё купэ. Нас з рэчамі ўпіхнулі ў гэтае купэ адзінаццаць чалавек. Мы не тое што віселі, ляжалі адна на адной. На Валадарскага нам далі сухі паёк кшталту кашкі, але пры гэтым нам не выдавалі кіпеню. Кіпень выдалі адзін раз а пятай раніцы, калі ўсе спяць, а потым казалі, што гэта вашы праблемы, што не запарылі. Але гэта была яшчэ не самая жудасная паездка, таму што мой этап збіраў людзей не па ўсіх турмах. У нас у калоніі была жанчына гадоў 70, якая ехала двое сутак, бо ездзілі па ўсёй краіне, збіраючы зняволеных. Гэты этап завецца "Кругасветка". Дык вось ёй не здымалі кайданкі ні на хвіліну, нават у туалет".

Рабская праца

"У калоніі мяне ніхто не чапаў. Хоць з Жодзіна мяне выпусцілі з такой характарыстыкай, што я наогул не павінна вылазіць з карцараў. А я не магла зразумець, чаму кожны опер мяне выклікае і пытаецца, ці добра я буду сябе паводзіць. Вядома, там я буду гуляць паводле іхных правілаў: я хачу выйсці нармальнай да дзяцей. Там усе палітычныя прыкладна так сябе і паводзяць.

Вельмі цяжка з лекамі: табе не даюць твае лекі, ты павінна адстаяць дурацкую стометровую чаргу, каб іх выпіць. І калі ты павінна прымаць іх тры разы на дзень, у цябе ніяк не атрымаецца, таму што ты працуеш. Паўдня на фабрыцы, паўдня ты драіш туалеты ці калідор, скрабеш бульбу ці сталовую мыеш — у цябе сто мільёнаў спраў".

Яўгенія адзначае, што дзяжурыць ставяць менавіта палітычных.

"Заробкі дзіка маленькія. Дзяўчынкі непалітычныя працуюць на фабрыцы па 8-10 гадзін, атрымліваючы пры гэтым 500-600 рублёў, і з гэтых грошай 75% утрымліваецца. Бясплатная рабская праца. Жанчын за аліменты колазваротам туды ўпіхваюць. Таму што іх выпускаюць, яны нічога не зарабілі, іх ізноў зачыняюць. І яны шыюць міліцэйскую форму, бушлаты, вайсковую форму. Усё, што апранута на тых, якія нас збіваюць. А кормяць цябе такім, прабачыце, гаўном. Бульбу калі бралі скрэбці, там апарышы. Гэта добра, што ў мяне ад каранавірусу паху няма".

Прапаганда

Асобная пакута — прагляды беларускага тэлебачання.

"Натуральна, там глядзяць Азаронка, Тура і ўсю гэту шоблу. Палова дзяўчынак у калоніі сядзяць па дзесяць гадоў і больш, яны не ўяўляюць наогул, што адбываецца. Там 90% вераць. А ты нічога не можаш сказаць, таму што цябе адразу здадуць оперу і запхнуць у карцар. Я цэлы год жыла з двума словамі: маўчаць і трываць.

Але цябе цешыць, што ты хоць нейкія навіны дазнаешся — ты ўмееш правільна іх вывернуць. Прычым у СІЗА я навучыла сваіх дзяўчынак у камеры правільна пераварочваць гэтыя навіны. І яны потым слухалі і мне перакладалі. І гэта быў мой маленькі гонар, што хай у дзесяці, пятнаццаці чалавек, але розумы я памяняла".

Але былі і нечаканыя адкрыцці. Як прызнанне супрацоўніка аднаго з СІЗА: "Чаму ў вас нічога не атрымалася, мы ж вам паверылі?"

"І мне хацелася выбухнуць і сказаць: мала верыць, трэба яшчэ зрабіць. Але пры гэтым я думаю: яны ж знайшлі ў сабе сілы прызнацца. Хаця б у тым, што яны на нашым боку, хаця б думкамі — гэта ўжо добра".

Знявага побытам

"Ты ў абсалютна дурацкай сукенцы на некалькі памераў большай, такой ж куртцы і жакеце. Я такой "прыгожай" ніколі не была. Потым думаю: чым горш я выглядаю, тым больш ім павінна быць сорамна. Рапарт могуць даць за любую дробязь: гузік не зашпілены, без хусткі выйшла (у цябе ўжо валасы прымаюць форму хусткі), спазнілася на хвіліну. За цябе вырашаюць — холадна ці горача: ты можаш на праверцы а сёмай раніцы ўлетку стаяць у куртцы, а можаш, калі на вуліцы дзесяць градусаў, стаяць у сукенцы".

Калі ў зняволеных ёсць родныя, якія дбаюць пра перадачы, пра грошы на рахунку — то са сродкамі гігіены ў калоніі праблем няма.

"А дзяўчынкі незаможныя выкарыстоўваюць газеты. На месяц вылучаюць пяць пракладак, некаторым дзяўчынкам гэтага хапае на адзін дзень. Там крадзеж. У цябе могуць сперці шкарпэткі, ручнік. І пусціць яго зноў-такі на пракладкі. Рэчы я сушыла на сабе, каб не сперлі. А потым, калі мне трошкі заставалася, я не магла камусьці штосьці пакінуць, нават калі хачу. З якой колькасцю рэчаў ты зайшоў, ты павінен з такой выйсці. Калі я хачу пакінуць дзяўчынцы новую пару калготак, я павінна ў яе забраць старую.

Я не ведаю чаму, але ў калоніі вельмі баяліся, каб мы гэтыя жоўтыя біркі (пазнаку "схільных да экстрэмізму" — заўв. рэд.) з сабой не вынеслі. Хоць там нічога звышнатуральнага не было: твая жудасная фатаграфія, прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, артыкул і тэрмін. Звычайна, калі выходзіш з калоніі, у гэтую ж раніцу цябе шманаюць. У мяне рэчы забралі за суткі, ператрэслі ўсё".

"Свабода"

"Першыя пару дзён ты не разумееш, што з табой адбываецца. А потым мне стала страшна знаходзіцца дома. Пасля гэтых ператрусаў. Яны ж мяне яшчэ да гэтага ў РУУС цягалі, па трое сутак разоў пяць на Акрэсціна трымалі. Любы званок у дзверы ці ў дамафон — я ўздрыгваю, уздрыгваюць дзеці. Я ўвесь час сню затрыманні, што я ў турме, прачынаюся — і шукаю дзіця побач.

Мне патэлефанаваў опер, яму прынцыпова было, каб я прыехала, а ён не кажа, для чаго. А мне пераступіць парог РУУС — гэта вярнуцца на паўтара года назад. Я сябе настроіла на пазітыў, я нічога не баюся, адзін званок — у мяне трасуцца рукі, я ў слёзы, не сплю два дні, не ем, развітваюся з дзецьмі. А па сутнасці зайшла, аддала даведку і выйшла. Дзеці ад мяне не адыходзяць. Першыя дні яны нават сядзелі пад ваннай, кожныя пяць хвілін грукалі, пакуль я мылася, і пыталіся: "Мама, ты не знікла?" Але яны, дзякуй богу, разумеюць. Сын зрабіў графік, што мы прапусцілі супольна 22 святы. І мы два месяцы святкавалі іх.

З'язджаць я катэгарычна не хачу. Хтосьці ж тут павінен застацца з людзьмі перамогу сустракаць. Сустракаеш кагосьці на вуліцы, а чалавек табе: "Дзякуй, што ты не з'ехала". Але насамрэч, мне здаецца, не праходзіць і дня, каб я не плакала, таму што штодня чытаеш пра затрыманні і тэрміны. І злосць такая бярэ, што ты нічога не можаш зрабіць. Цяжка людзей цяпер сустракаць, таму што ўсе прыгнечаныя. Усе нібыта вераць у перамогу, але мы ў яе і два гады таму верылі. Увесь час узгадваецца 2020 год, шчаслівыя радасныя твары людзей. Мы ж тады памяняліся, нават вонкава, у нас твары пасвятлелі. А цяпер усе зноў сталі такімі шэрымі. Але ўсё адно мы пераможам! Вельмі шкада, што такой вялікай цаной: здароўем, лёсамі людзей, чалавечымі жыццямі. Але не з маім характарам здавацца".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства