viasna on patreon

"Экстрэмісцкія фармаванні", затрыманні актывіста, алімпіядніцы і фармацэўткі: хроніка пераследу ў Беларусі 23-24 верасня

2022 2022-09-24T17:20:46+0300 2022-09-24T17:39:11+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sianiuta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23-24 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

24 верасня

Зноў затрымалі былога адміністратара дваравога чату Аляксандра Захожага 

На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з Аляксандрам. У ім ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама пакідаў абразлівыя каментары.

Захожага затрымлівалі ў чэрвені — тады ГУБАЗіК паведамляў, што ён нібыта з'яўляецца былым адміністратарам дваравога чата «9-ы кіламетр». Пазней яму прызначылі 12 сутак арышту, але па якім артыкуле — невядома.


23 верасня

За ўдзел у пратэстах затрымалі 19-гадовую алімпіядніцу Арыну Сянюта

Яе затрымалі за ўдзел у Маршах за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці ў жніўні 2020 года. Ці заведзеная на яе крымінальная справа, дакладна невядома, але ГУБАЗіКаўцы ў допісе хіляць да таго, што так, бо абяцаюць, што «бліжэйшы юбілей яна сустрэне за кратамі».


У Магілёве затрымалі фармацэўтку — верагодна, распачатая крымінальная справа 

Днямі ў Магілёве была затрыманая 29-гадовая фармацэўтка Кацярына Бібільнікава.

На дадзены момант яна знаходзіцца на Акрэсціна ў Мінску. Верагодна, затрыманне звязана з магчымым удзелам Кацярыны ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Па некаторых звестках, на дзяўчыну заведзена крымінальная справа.


Новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

МУС прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» сацсеткі палка Каліноўскага і яго «структурных падраздзяленняў». У гэтыя «падраздзяленні» трапілі "Беларускі дабраахвотны батальён "Волат", "Батальён Тэрор", "Беларускі Янкі", "Моладзевы Блок", "Тактычная група Беларусь" і "Беларускі Дом Варшава" (сайты і сацсеткі). 

Таксама «экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя тэлеграм-канал і суполка "Вконтакте" "Двіж" і тэлеграм-канал і чат-бот "Баста“.


Супрацоўніка Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі адправілі на суткі

Праваабаронцам стала вядома, што 16 верасня суд Першамайскага раёну Мінска прызначыў 15 сутак арышту малодшаму навуковаму супрацоўніку інстытута Яўгену Сысаляціну. Зараз мужчына знаходзіца на Акрэсціна.

Вядома, што судзілі Яўгена за лайк пад фотаздымкам макавага поля. Аднак, па словах яго знаёмых, сапраўдная прычына арышту — удзел у ланцугу салідарнасці ля Акадэміі Навук, што быў у першыя дні пасля выбараў. Папярэдне, Яўгена ідэнтыфікавалі па адным з відэа.


Пастара евангельскай царквы «Ян Прадвеснік» Антонія Бокуна аштрафавалі на 3200 рублёў

Затрымлівалі яго 22 верасня. Ператрусу дома не праводзілі, але забралі тэхніку.

Мінская царква «Ян Прадвеснік» — адна з найбольш патрыятычных беларускіх пратэстанцкіх цэркваў, яна працуе па-беларуску і ўсяляк падтрымлівае нацыянальную мову і культуру.

Пасля суду Бокуна вызвалілі, ён знаходзіцца дома.

Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства