Палітвязні ў ШІЗА і пад кропельніцай, затрыманні і ператрусы па ўсёй краіне: хроніка пераследу 13-14 верасня Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Ператрусы і затрыманні
Затрымалі жонку палітзняволенага журналіста Дзмітрыя Лукшы. Цяпер яны абое на "Валадарцы"
Затрыманне Паліны Палавінка адбылося яшчэ 2 чэрвеня, але праваабаронцы даведаліся пра гэта нядаўна. Вядома, што яе, як і мужа, абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 "Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" і арт. 369-1 "Дыскрэдытацыя Беларусі". Цяпер Паліна і Дзмітрый утрымліваюцца ў СІЗА-1. Нагадаем, Дзмітрый Лукша быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры ў Мінску 11 сакавіка гэтага года. Раней ён шмат гадоў працаваў у Белтэлерадыёкампаніі, быў вядучым праграмы "Зона X". На момант затрымання Дзмітрый працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала "Хабар 24", і падставай для яго затрымання стаў яго апошні сюжэт на канале.
Падтрымайце палітзняволеных мужа і жонку лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі. Адрас такі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Дзмітрыю Лукшу, Паліне Палавінка. |
Адбыўся ператрус у валанцеркі ініцыятывы "Скажи жизни "ДА"
Праваабаронцам стала вядома, што ператрус у Святланы Кастэнка адбыўся 13 верасня. Прычыны зацікаўленасці сілавікоў да Святланы і падрабязнасці пакуль невядомыя.
Затрыманага раней супрацоўніка "Нафтана" не выпусцілі пасля 15 сутак арышту і перазатрымалі
Праваабаронцам стала вядома, што 12 верасня, над Сяргеем Ціценком адбыўся чарговы суд. Суддзя Балаболава зноў арыштавала мужчыну на 15 сутак, і зноў за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" па арт. 19.11 КаАП.
Затрымалі адвакатаў па "справе дзесяці палітвязняў"
13 верасня нібыта за разгалошванне дадзеных следства (арт. 407 КК) затрымалі цэлую групу адвакатаў. Адзін з іх, па дадзеных "Медыязоны", — Міхаіл Макараў. Ён абаронца Мікіты Дранца, асуджанага на 6 гадоў калоніі. Сілавікі апублікавалі яго перапіску з прадстаўніком "Анархічнага чорнага крыжа". Праўладны тэлеграм-канал паведаміў, што адвакаты цягам двух гадоў платна працавалі на "анархісцкую групоўку, якая найбольш радыкальна праявіла сябе ў 2020 годзе", і "выконвалі ролю сувязных, перадаючы інфармацыю паміж змоўшчыкамі".
Згодна інфармацыі МУС, таксама затрымана адвакатка Анастасія Сагановіч. Паведамляецца, што затрыманая перадала "экстрэмісцкім" тэлеграм-каналам персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў ГУБАЗ, СК, пракуратуры і суддзяў, якія разглядалі крымінальную справу "Рэвалюцыйнага дзеяння" (артыкул 407 КК). Таксама вядома, што Макараву і Сагановіч ставяць у віну артыкул 342 КК "Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
Нагадаем, у Мінскім гарадскім судзе 6 верасня агучылі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным: каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай, валанцёру Андрэю Чапюку, актывістам анархісцкага руху Акіхіру Гаеўскаму-Ханаду, Аляксандру Францкевічу, Аляксею Галаўко, Аляксандру Казлянку, Паўлу Шпетнаму, Мікіту Дранцу, Андрэю Марачу, Данілу Чулю. Суд у закрытым рэжыме цягнуўся чатыры з паловай месяцы — агулам прайшло 70 працэсаў па 158 тамах матэрыялаў крымінальнай справы. Палітвязням прызначылі ад пяці да 17 гадоў калоніі.
У Гомелі затрымалі журналіста Яўгена Меркіса
Гэта адбылося увечары 13 верасня, вядома, што дома ў яго прайшоў ператрус. 14 верасня з'явілася інфармацыя, што Меркіс затрыманы ў межах крымінальнай справы, а ў бацкі журналіста адбыўся ператрус. Забралі тэлефоны і ноўтбук. У пастанове на ператрус пазначана ч. 1 ст. 361 КК "Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншым дзеянням, накіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь". Цяпер санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае да шасці гадоў зняволення.
Затрыманы кандыдат гістарычных навук Яўген Гурынаў
На мужчыну заведзена крымінальная справа за ўдзел у пратэстах. Апошнія гады ён працаваў каардынатарам праектаў фонду развіцця і падтрымкі арменазнаўчых даследаванняў "Анів". Сярод апошніх праектаў фонду ў Беларусі — кніга "Ваяры-армяне ў баях за Беларусь (1941-1944)". За ўдзел у праекце Яўгена і іншых удзельнікаў узнагародзілі медалём "Маршал Баграмян", адной з найбольш пачэсных узнагарод Арменіі, паведамляее "Наша Ніва".
У Полацку затрымалі актывіста Віктара Стукава
Як стала вядома праваабаронцам, Віктара Стукава забралі адбываць неадбытыя 15 сутак. Ёсць дадзеныя, што суд над ім адбыўся яшчэ ў красавіку мінулага году. Яго асудзілі па арт. 19.11 КаАП "Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" за рэпост у фэйсбуку роліка "Белсат TV". Па словах міліцыянтаў, на "суткі" Віктара забралі толькі 13 верасня, бо раней не маглі яго знайсці – прайшоў амаль год.
Ціск на палітвязняў
Сяргея Ціханоўскага ўтрымліваюць ў ШІЗА больш за тры тыдні
Тэлеграм-канал "Турма для жыцця" паведамляе, што палітвязень Сяргей Ціханоўскі з 19 жніўня бесперапынна знаходзіцца ў штрафным ізалятары жодзінскай турмы:
"У халоднай камеры ізалятара памерам каля пяці квадратных метраў, куды практычна не трапляе дзённае святло. Сяргей таксама фактычна пазбаўлены нармальнага сну, яго "ложак" цяпер уяўляе сабою драўляныя дошкі без матраца, падушкі і пасцельнай бялізны. "Ложак" адкідваецца ад сцяны з 22 да 6 гадзін. З-за дзікага холаду (тэмпература ў камеры такая ж, як на вуліцы) Сяргею даводзіцца ўставаць некалькі разоў за ноч, каб хоць трохі сагрэцца з дапамогай фізічных практыкаванняў. Сяргею забаронена карыстацца асабістымі рэчамі, кнігамі, ён не атрымвае лісты і газеты".
Нагадаем, у папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: Турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Сяргею Леанідавічу Ціханоўскаму. |
У 72-гадовага палітвязня Васіля Бераснева ў СІЗА значна пагоршылася здароўе
У актывіста аршанскага незалежнага прафсаюзу РЭП Васіля Бераснева, які знаходзіцца за кратамі ужо пяць месяцаў, значна пагоршылася здароўе. Пра гэта паведамляюць сваякі палітвязня, якія нядаўна атрымалі спатканне з ім. Па іх словах, Васіль пакутуе ад моцных боляў у адзінай нырцы. Другую па прычыне анкалагічнага захворвання выдалілі раней — у 2018 годзе. На шматлікія просьбы і заявы вязня аб аказанні медычнай дапамогі, альбо накіраванні на абследванне нічога не адказваюць. Адзінае – у крытычныя моманты ставяць абязбольваючую кропельніцу, што не вырашае праблемы. Нагадаем, Бераснева затрымалі па “справе прафсаюзаў” 19 красавіка 2022 года. Яго абвінавачваюць па ч.1 арт. 342 КК.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці. Адрас такі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Васілю Ціханавічу Берасневу. |