Затрыманні айцішнікаў і таксіста: хроніка пераследу 12 верасня
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 12 верасня.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Тэлеграм-чат "Беларускія адвакаты" прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем" у Беларусі
Адвакат Антон Гашынскі паведаміў Медыязоне, што ў гэтым чаце сапраўды ўдзельнічалі прадстаўнікі адвакацкай супольнасці. У розны час там прысутнічалі ад 150 да 170 чалавек.
Суд над палітзняволенай Аленай Лазарчык зрабілі закрытым
Першае пасяджэнне па справе палітзняволенай на чале з суддзём Паўлам Клімавым адбылося сёння ў Магілёўскім абласным судзе.
Нагадаем, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Алену Лазарчык затрымалі 30 снежня 2021 года. Канчаткова ёй прад’явілі абвінавачванне па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі); арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім); арт. 130 (Распальванне варожасці ці варажнечы); арт. 342 (Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 22 ліпеня КДБ унёс Алену ў "спіс тэрарыстаў".
Арыштавалі на 15 сутак, наперадзе - крымінальная справа
У Гародні затрыманы айцішнік Аляксей Шкляр. Адзін з каналаў мясцовых сілавікоў паведаміў, што калі Аляксей катэгарычна адмовіўся ад наведвання міліцыі для гутаркі з нагоды яго пратэснай дзейнасці, за ім прыехалі аператыўнікі ГУБАЗ і байцы АМАПу.
Паведамляецца таксама што Шкляра арыштавалі на 15 сутак. Апроч гэтага, нібыта ўжо сабраныя матэрыялы для распачынання крымінальнай справы за ўдзел у масавых беспарадках.
ГУБАЗ “адсправаздачыўся” пра затрыманне чарговага айцішніка
Затрыманы – жыхар Бараўлян Алег Галубоўскі.
З відэа, размешчаным у праўладным тэлеграм-канале, вынікае, што ў 2020 годзе Галубоўскі “прыязджаў на мінскія пратэсты”. Яму пагражаюць крымінальнай справай.
Таксіст адмаўляўся падвозіць супрацоўніц СК, яго затрымалі
Сілавікі затрымалі 37-гадовага таксіста, які адмовіўся падвозіць дзвюх супрацоўніц Следчага камітэта, паведамляе тэлеграм-канал «Зводкі цэнтра». Які артыкул пагражае затрыманаму, невядома.
"Даведаўшыся, што кліент супрацоўнік праваахоўных органаў, дэманстратыўна разгортваўся і ад'язджаў. Адмаўляўся прадастаўляць ім паслугі", - кажа на "пакаяльным" відэа таксіст.
Акрамя таго, мужчына кажа, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце "План Перамога", у чатах заклікаў "біць супрацоўнікаў міліцыі" і "пры сабе насіць зброю для абароны ад праваахоўнікаў".
Палітзняволеную Вольгу Маёраву змясцілі ў карцар
Праваабаронцы паведамляюць, што гэта адбылося сёння. Прычыны і тэрмін невядомыя.
Вольгу Маёраву судзяць па "справе Аўтуховіча" паводле пяці артыкулаў КК. Яна не прызнае сваю віну.
Неаднаразова яе змяшчалі ў карцар і выдалялі з суда.
Нядаўна Вольга паведаміла, што ў яе падазраюць цукровы дыябет, але яна спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яшчэ можна затармазіць яе развіццё.
Інфармацыя дапаўняецца.