viasna on patreon

Затрыманні і арышты: хроніка палітычнага пераследу 7 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-07T15:57:42+0300 2022-09-08T10:15:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kaliada_stasevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

ГУБАЗіК затрымаў студэнта БДМУ

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту, пакідаў абразлівыя каментары пра міліцыянтаў, Лукашэнку, а таксама расійскіх салдат, якія ваююць ва Украіне, а таксама «падтрымліваў неанацыстаў».

Па інфармацыі @ruparbdmu, затрыманы — студэнт 5 курса лечфака Аляксей Жыбуртовіч.


Затрымалі дырэктара і былога кіраўніка маркетынгу вядомай мінскай крамы "Снікерхэд" 

"Наша Ніва" заўважыла, што праўладных каналах з'явілася відэа з затрыманым дырэктарам крамы красовак "Снікерхэд" Сяргеем Калядой і былым дырэктарам па маркетынгу гэтай жа крамы, якога, па звестках "Нашай Нівы", клічуць Уладзімір Стасевіч — ён нейкі час жыў у Грузіі, а пасля вярнуўся ў Беларусь.

"Снікерхэд" — адна з самых папулярных крамаў абутку ў Мінску. На кожную з яе сацсетак падпісаныя дзясяткі тысяч чалавек. Яна месціцца ў БЦ "Аляксандраўскі" на праспекце Пераможцаў.

Мужчын абвінавачваюць у данатах на дапамогу пацярпелым падчас пратэстаў.  Магчыма, да іх прыйшлі праз тое, што яны ў свой час адкрыта выклалі пост пра гэта.


ГУБАЗіК затрымаў жыхара Навагрудка Віталя Андрэйчыка

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, 38-гадовы мужчына ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, а таксама ў каментарах нібыта абражаў прадстаўнікоў улады і Лукашэнку.


Віктара Жаркевіча, якога пасля затрымання прымусілі несці дзверы ад халадзільніка, арыштавалі на 13 сутак

Віктар Жаркевіч

Нагадаем, на відэа сілавікоў мінчук трымае ў руках дзверы ад халадзільніка, залепленыя пратэснымі стыкерамі — з бчб-сцягамі і з анархісцкімі лозунгамі. На галаву мужчыны апранутая чырвоная каска з Пагоняй, рукі — у кайданках. Дзверы халадзільніка мужчыну змусілі самога цягнуць да аддзялення.


Сайт і сацсеткі «Беларускай Рады культуры» прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі

Яны ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс — такое рашэнне 31 жніўня прыняў Партызанскі суд Мінска.У чэрвені МУС прызнала праект «Беларуская Рада культуры» «экстрэмісцкім фармаваннем».


Насту Лойку і Данілу Кашэўскага адправілі за краты

wire-2022-01-05-at-16-01-37.jpg
Праваабаронца Наста Лойка

Праваабаронцам стала вядома, што Данілу Кашэўскага сёння арыштавалі на 12 сутак. Суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Млечка прызнаў яго вінаватым паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпосты з тг-каналаў, якія былі прызнаны «экстрэмісцкімі».

Таксама вядома, што праваабаронца Наста Лойка была арыштаваная на 15 сутак па арт. 19.1 КаАП (хуліганства).

Нагадаем, учора каля Мінгарсуда пасля суда над Марфай Рабковай, Андрэем Чапюком і яшчэ 8 палітвязнямі адбыўся «хапун», у выніку якога затрымалі больш за 10 чалавек. Але за кратамі ў Фрунзенскім РУУСе пакінулі толькі Кашэўскага і Лойку.


За «нацысцкую» татуіроўку быў затрыманы мінчук Максім Галавінскі

На «пакаяльным відэа» 36-гадовы мужчына кажа, што ў маладосці зрабіў «нацысцкую» татуіроўку. У канцы відэа Максім паказвае, што замаляваў татуіроўку.


Грамадскае аб'яднанне «Wspólnota Polaków» ліквідуюць праз суд

Пасяджэнне аб ліквідацыі пройдзе ў Вярхоўным Судзе. Пазоўнік — Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Суддзя — Ганна Сакалоўская.

«Wspólnota Polaków» з'явілася ў 2019 годзе. Яе ўзначаліў Мечыслаў Яскевіч, які раней быў старшынём непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. Калі на пасадзе яго змяніла Анжаліка Борыс, Яскевіч вырашыў стварыць уласную арганізацыю.


Чатырох адвакатаў з Гомельшчыны пазбавілі ліцэнзій. Раней яны абаранялі палітзняволеных

6 верасня кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі правяла пазачарговую атэстацыю адвакатаў, у тым ліку чацвярых – з Гомельскай абласной калегіі адвакатаў. Гэта Генадзь Уласенка (Мазыр), Таццяна Саўчанка і Павел Кулажанка (Рэчыца), а таксама Ганна Паўлюк (Гомель).

Такое рашэнне прынятае нягледзячы на тое, што адвакат Ганна Паўлюк, напрыклад, мае больш за 10 гадоў стажу работы па спецыяльнасці, з'яўляецца магістрам юрыдычных навук і выкладчыкам у ГДУ і ГГМУ. А адвакат Таццяна Саўчанка мае больш за 36 гадоў стажу працы па спецыяльнасці.


Доступ да сайту незалежнай газеты "Вечаровы Бабруйск" заблакаваны

Пра гэта паведамляе "Еўрарадыё" са спасылкай на чытачоў. Сайт ужо некалькі дзён не адчыняецца ў Беларусі. З-за мяжы адкрываецца праз раз. Само выданне на сайце і ў сацсетках пра блакаванне не паведамляе.


Арыштавалі кватэру Сяргея і Святланы Ціханоўскіх 

Святлана Ціханоўская. Фота:
Святлана Ціханоўская. Фота: "Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Пра гэта Святлана паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

«Нашу з Сяргеем Ціханоўскім мінскую кватэру арыштавалі. У ёй апісалі ўсё – аж да акварэльных фарбаў дзяцей – каб прадаць і сабраць грошай у казну. І такіх людзей, як Сяргей, у Беларусі тысячы».

Нагадаем, 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства