За каментары ў сацсетках пра Лукашэнку і расійскіх вайскоўцаў жыхара Ліды асудзілі да 4,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму
Праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя вынікі судовага разгляду па справе Сяргея Кірыковіча, якога абвінавачвалі адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 2 арт. 366 "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак", ч. 1 арт. 368 "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і ч. 1 арт. 130 "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы".
Справу Сяргея Кірыковіча разглядаў суддзя Гродзенскага абласнога суда Дзмітрый Бубенчык.
Пра абвінавачанага вядома няшмат: Сяргею Кірыковічу 35 гадоў, родам з Ліды. Да затрымання працаваў у Баранавіцкім аддзяленні "Беларускай чыгункі" і ў Лакаматыўным дэпо Ліды.
Згодна з версіяй абвінавачвання, з лістапада 2020 года па студзень 2022 года мужчына напісаў і апублікаваў у суполках "ВКонтакте" паведамленні, якія "ўтрымоўваюць абразы і пагрозы ўжывання гвалту ў адрас Лукашэнкі". Ён жа ў лютым 2022 года размясціў паведамленні, "накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы ў дачыненні да расійскіх вайскоўцаў". Пра якія менавіта каментары ідзе гаворка, праваабаронцам невядома.
Падчас судовага пасяджэння Сяргей Кірыковіч цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.
12 жніўня Гродзенскі абласны суд прызнаў мужчыну вінаватым паводле ўсіх трох інкрымінаваных яму артыкулаў.
На падставе ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" Сяргею Кірыковічу прызначана пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на паўтара года. Паводле ч. 2 арт. 366 "Гвалт або пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, што выконвае грамадскі абавязак" — зняволенне на 3,5 гады. Паводле ч. 1 арт. 130 КК "Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы" — зняволенне на 3 гады.
Паводле частак 1 і 2 арт. 72 КК па сукупнасці злачынстваў канчаткова Сяргею Кірыковічу прысудзілі 4,5 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным заканадаўствам парадку.