Падтрымай палітзняволеных жанчын стыкерпакам і вестачкай салідарнасці
Да другой гадавіны з пачатку Жаночых маршаў – 12 жніўня – "Майстэрня паштовак салідарнасці" разам з кампаніяй #FreeViasna зрабілі стыкерпак, які дапаможа выказаць павагу, любоў і пяшчоту палітзняволеным жанчынам. Мы дашлем налепкі ўсім ім за краты і запрашаем вас дадаць вашыя словы падтрымкі.
Два гады таму мы захапляліся сілай смелых беларускіх жанчын. Яны выйшлі без зброі, маючы з сабою толькі бясконцую любоў да Беларусі. За імі ўзнялася ўся краіна. Сёння яны працягваюць змяняць усё навокал і імкнуцца да праўды, нават знаходзячыся за кратамі.
Што зрабіць?
Пакіньце вестачку для любой палітзняволенай жанчыны ў анлайн-форме "Майстэрні", а валанцёркі і валанцёры перапішуць яе на дызайнерскую паштоўку і дашлюць разам са стыкерпакам.
Якога памеру мусіць быць вестачка?
Гэта могуць быць як некалькі кароткіх сказаў са словамі падтрымкі, так і паўнавартасны ліст. Лісты перапісваюцца на дызайнерскія паштоўкі "Майстэрні".
Што, калі вестачкі атрымаюць не ўсе жанчыны?
Мы уласна падпішам паштоўкі салідарнасці ўсім тым, хто не атрымае вестачак праз анлайн-форму і дашлем разам са стыкерпакамі. Важна, каб усе палітзняволеныя жанчыны адчулі ўвагу і падтрымку!
Што, калі адной жанчыне напішуць адразу некалькі чалавек?
У такім выпадку мы дашлем усе вестачкі, але толькі ў адзін канверт дадаткова да паштоўкі/ліста ўкладзем стыкерпак.
Наш салідарны абавязак – падтрымаць жанчын у няволі. Давайце зробім гэта разам!