Еўрапейскія "хросныя" з'явіліся яшчэ ў дзевяці беларускіх палітвязняў
Яшчэ дзевяць еўрапейскіх парламентарыяў далучыліся да кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”. Сімвалічныя “хросныя” з’явіліся ў палітзняволеных Сяргея Глебкі, Аляксандра Троцкага, Уладзіміра Рубашэўскага, Вячаслава Арэшкі, Таццяны Кузінай, Алега Баразны, Юрыя Сельвіча, Аляксандра Фядуты і Данілы Бандарука.
Брандо Бэніфеі — дэпутат Еўрапарламенту ад Італіі, першы ўдзельнік кампаніі #WeStandBYyou з гэтай краіны. Ён стаў "хросным" Сяргея Глебкі і заяўляе:
"Заклікаю да неадкладнага вызвалення беларускага палітвязня Сяргея Глебкі, арыштаванага 2 лютага 2022 года. Сяргей спрабаваў перакрыць чыгунку, каб не прапусціць расейскія ваенныя цягнікі праз краіну, і з гэтай прычыны калабарацыянісцкі рэжым Лукашэнкі пазбавіў яго волі. Страшная вайна, якая адбываецца ва Украіне, не павінна адцягваць увагу Еўрасаюза ад надзвычай сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія штодня адбываюцца ў Беларусі. #WeStandBYyou".
Касем Тахер Салех, дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Альянсу 90/Зялёныя, стаў "хросным бацькам" Аляксандра Троцкага і тлумачыць:
"У гэтай дзяржаве несправядлівасці меркаваныя паліцэйскія разгульваюць у масках, як рабаўнікі, і не носяць ніякіх апазнавальных знакаў або ўніформы. І калі яны потым пагражаюць зброяй мінакам і аўтамабілістам, цалкам зразумела, што нехта рэагуе панікай і страхам за сваё жыццё. Абвінавачванне Аляксандра Троцкага ў замаху на забойства такога меркаванага супрацоўніка паліцыі ў капюшоне служыць стрымліваючым фактарам і з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Там, дзе паліцыя можа рабіць усё, што заўгодна, не выконваючы правілаў і не прыцягваючыся да адказнасці за неправамерныя дзеянні, яна ператвараецца з працягнутай рукі вяршэнства закона ў працягнутую руку самавольнага дыктатара. У Германіі паводзіны Аляксандра былі б цалкам законнай самаабаронай у небяспечнай сітуацыі. У Беларусі ён сядзіць у турме. Такім чынам, ён з'яўляецца адным з многіх нявінных палітычных зняволеных. З дапамогай гэтай жорсткай тактыкі Лукашэнка запалохвае і затыкае рот свайму насельніцтву. Аляксандр Троцкі і ўсе астатнія павінны быць неадкладна вызваленыя!"
Дэпутат нямецкага Бундэстагу Карл-Юліус Кроненбэрг стаў "хросным" Уладзіміра Рубашэўскага і заяўляе:
"Уладзімір Рубашэўскі асуджаны за "удзел у акцыях пратэсту" да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Фізічны гвалт, які ён зазнаў падчас арышту, жахае. У беларускіх турмах катаванні і варварства — звычайная справа. Рэжым Лукашэнкі душыць грамадзянаў, іх мужнасць і іх голас у мірнай барацьбе за свабоднае грамадства. Таму для мяне само сабой зразумела, што я павінен падаць знак салідарнасці праз гэта "хроснае бацькоўства". Я заклікаю Лукашэнку неадкладна вызваліць Уладзіміра Рубашэўскага і ўсіх палітвязняў".
Анжэ Логар стаў "хросным" Вячаслава Арэшкі і заяўляе:
"Яго затрыманне з'яўляецца часткай маштабнай атакі на незалежны прафсаюзны рух Беларусі. Спадар Арэшка і некалькі ягоных калегаў — прафсаюзных актывістаў былі адвольна затрыманыя пасля таго, як беларускія ўлады прызналі РЭП экстрэмісцкай групай, забаранілі яго дзейнасць і закрылі рашэннем беларускага суду. Затрыманне прафсаюзных актывістаў і забарона РЭП відавочна палітычна матываваныя і супярэчаць правам на свабоднае выказванне меркавання, мірныя сходы і асацыяцыі, а таксама правам працоўных на арганізацыю ў свабодныя і незалежныя прафсаюзы. Я хачу выказаць сваю салідарнасць са спадаром Арэшкам і заклікаю беларускія ўлады неадкладна вызваліць яго і яго калег, а таксама паважаць правы на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый. Гэтыя і іншыя правы чалавека і грамадзяніна не падлягаюць абмеркаванню. Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі павінны спыніцца".
Паула Піхота — дэпутатка нямецкага Бундэстага і новая "хросная" Таццяны Кузінай. Яна заявіла:
"Таццяна Кузіна, заснавальніца Школы маладых мэнэджэраў у дзяржаўным кіраванні, была арыштаваная 28 чэрвеня 2021 года ў аэрапорце па дарозе ў Тбілісі. Ужо больш за год яна знаходзіцца пад вартай. Я стала яе "хроснай". Людзі ў Беларусі, як і ва Украіне, хочуць свабоды і міру. За гэта змагаліся і дэманстранты ва Усходняй Германіі ў 1989 годзе. Мы падтрымліваем іх у гэтым і патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў і правядзення новых дэмакратычных выбараў".
Місбах Хан з'яўляецца дэпутаткай нямецкага Бундэстага, яна стала "хроснай" Алега Баразны і заявіла:
"Алег Баразна ўжо больш за год сядзіць у беларускай турме, таму што разам з іншымі агітаваў за дэмакратыю і свабоду ў сваёй краіне. Свабода прэсы і свабода выказвання меркаванняў, а таксама права на справядлівы суд і роўныя выбары з'яўляюцца правамі чалавека. Іх трэба паважаць і абараняць пры любых абставінах. Таму я як дэпутатка Бундэстага патрабую неадкладнага вызвалення Алега Баразны і ўсіх іншых палітвязняў у Беларусі. #WeStandBYyou".
"Хроснай" Юрыя Сельвіча стала дэпутатка нямецкага бундэстага і прадстаўніца камітэта па замежных справах Жаміля Шэфер. Яна заяўляе:
"Амаль праз два гады пасля пачатку пратэстаў у Беларусі больш за 1100 палітычных актывістаў усё яшчэ знаходзяцца ў зняволенні. У тым ліку цяпер і Юрый Сельвіч, якога затрымалі нібыта за падрыхтоўку нападу на расейскі вайсковы груз для вайны ва Украіне. Мы павінны памятаць неверагодныя ўчынкі мужнасці такіх людзей, як Юрый Сельвіч. Але замест гэтага цяпер яму пагражае расстрэл, бо ўрад Беларусі пашырыў спіс злачынстваў, за якія пагражае смяротнае пакаранне. Усе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя, а смяротнае пакаранне павінна быць адменена ў адзінай еўрапейскай краіне, дзе ўсё яшчэ выконваюцца смяротныя прысуды".
Дэпутатка нямецкага Бундэстагу Клаўдыя Рафельхюшэн з нагоды рашэння стаць "хросная" Аляксандра Фядуты заяўляе:
"Аляксандр Фядута — адзін з многіх палітвязняў у Беларусі, і ён безабаронны перад тамтэйшым рэжымам. Я заклікаю Беларусь неадкладна даць спадару Фядуту, у якога відавочна дрэннае здароўе, адваката па выбары і аказаць яму адпаведную медычную дапамогу. Больш за тое, мы з маёй парламенцкай групай побач з усімі людзьмі ў Беларусі, якія падвяргаюцца пераследу, пагрозам і несправядліваму зняволенню; мы салідарныя з усімі, хто выступае за дэмакратычныя прынцыпы, свабоду і вяршэнства права".
Соня Эйхвэдэ — дэпутатка нямецкага Бундэстагу і "хросная" Данілы Бандарука. Яна заяўляе:
"Як многія маладыя людзі ў Беларусі, якія змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, Даніла Бандарук быў арыштаваны за пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і супраць беларускага дыктатара Лукашэнкі, які, каб утрымацца ва ўладзе, можа яшчэ спадзявацца толькі на сілу, але больш не на законны голас беларускага народу. Мы не павінны забываць барацьбу Данілы і многіх іншых і заставацца салідарнымі – на словах і на справе. І мы не спынімся, пакуль Даніла і ўсе іншыя палітвязні не будуць на волі, беларускі народ не атрымае свабоду і Аляксандр Лукашэнка не сыдзе з улады.
Данілу Бандаруку і ўсім астатнім, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі, я кажу: #WeStandBYyou, мы з вамі!"
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.
300 еўрапейскіх дэпутатаў сталі хроснымі палітвязняў у Беларусі