viasna on patreon

"Зачысткі" па гарадах, новыя затрыманні і "экcтрэмісты", ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 6-8 жніўня Дапоўнена

2022 2022-08-08T16:33:00+0300 2022-08-09T16:20:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_ramanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні і рэпрэсіі

У Барысаве затрымалі былога галоўнага рэдактара газеты «Борисовские новости» Анатоля Букаса і ягоную жонку

Анатоль Букас
Анатоль Букас

Як стала вядома @bajby, 8 жніўня на стаянцы іх з машыны выцягнулі сілавікі. Пасля гэтага дома ў Букасаў прайшоў ператрус. Падчас затрымання ад сілавікоў гучалі абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Мяркуецца, што заўтра над Анатолем пройдзе суд. Жонку Букаса вызвалілі.

Сілавікі затрымалі бацьку журналісткі Аліны Болбас, якая знаходзіцца за мяжой

Аліна Болбас
Аліна Болбас

8 жніўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася "пакаяльнае" відэа з Вадзімам Болбасам — бацькам журналісткі, актывісткі Аліны Болбас. У апісанні пад відэа сілавікі цынічна паведамляюць: "Безадказнае патуранне да дабра не давяло, дачка збегла за мяжу, а бацька павінен адказаць перад законам. Кажуць, што дзеці не адказваюць за бацькоў, але вось прынцып наадварот ужо працуе". У тым жа відэа Вадзім Болбас кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах-2020 разам з дачкой, а таксама вёў пра гэта дзённік, піша "Наша Ніва".


Пінскага праваабаронцу Алеся Рамановіча пасля затрымання пазбавілі апякунства над хворым братам

Алесь Рамановіч
Алесь Рамановіч

"Камісія прыехала дадому, калі я быў у ІЧУ, — паведаміў @pozirkonline Рамановіч 7 жніўня. — Знайшлі, што я не знаходжуся з братам, гэта стала падставай для таго, каб вынесці на разгляд пытанне пазбаўлення апякунства". Паводле яго слоў, 6 жніўня ён атрымаў ліст з паведамленнем, што рашэнне аб пазбаўленні яго права на апякунства прынятае.

Нагадаем, па палітычна матываваных справах у пачатку жніўня ў Пінску арыштавалі або аштрафавалі 11 чалавек. Рамановіч быў затрыманы, пасля суда аштрафаваны на 30 базавых велічыняў (960 рублёў).


Жыхара Пінска затрымалі з-за бел-чырвона-белай стужкі ў машыне

Ілля Даўгалявец
Ілля Даўгалявец

Гэтым жа днём праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне 33-гадовага Іллі Даўгаляўца. На "пакаяльным відэа" хлопец кажа, што быў затрыманы з-за бел-чырвона-белай стужкі, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі "апазіцыйны сцяг, кепка і стыкеры". У канцы відэа хлопца прымушаюць зняць стужку з салона машыны.


У Мінску за ўдзел у пратэстах быў затрыманы аператар на АЗС

Дзяніс Дорах
Дзяніс Дорах

Таксама 7 жніўня стала вядома пра затрыманне 25-гадовага Дзяніса Дораха. У "пакаяльным відэа" хлопец "прызнаецца" у тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту і перакрываў рух транспарту.


ГУБАЗіК затрымаў супрацоўніцу БДУІР

Вікторыя Ждановіч
Вікторыя Ждановіч

6 жніўня праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне 23-гадовай Вікторыі Ждановіч. Дзяўчына працуе ў БДУІР інжынерам-праграмістам. У "пакаяльным відэа" Вікторыя "прызнаецца" у тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічала ў акцыях пратэсту і перакрывала рух транспарту, а таксама была падпісаная на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы.

"Зачысткі" у Ельску і Іванаве

Вечарам 6 жніўня жыхары Ельска назіралі, як група амапаўцаў перасоўвалася па горадзе, шукала нейкія кватэры, заходзілі ў розныя пад’езды. Ёсць меркаванне, што сілавікі шукалі людзей, якія перадавалі ў СМІ фота з перасоўваннем і выгрузкай на станцыі "Ельск" вайсковай тэхнікі. Нагадаем, раней ГУБАЗіК заяўляў пра "зачыстку" Нароўлі і Хойнікаў, дзе затрымалі некалькі чалавек нібыта за падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы.

7 жніўня стала вядома пра яшчэ адну хвалю актыўнасці сілавікоў — у Іванаве. Гэтым разам з-за меркаванай дыверсіі на чыгунцы шукалі калгаснікаў, хадзілі па барах ды запраўках, паведаміла @viasna_brest. Падстава — меркаваны выбух на чыгунцы недзе ў Берасцейскай вобласці. Паколькі ля месца дыверсіі знайшлі каністры з фарбаваным палівам, якое выкарыстоўваюць у калгасах, то сілавікі прайшліся па запраўках, дзе "лажылі тварам у падлогу". Потым сілавікі пайшлі па калгасах ды калгасніках. Апошняе вядомае месца, дзе яны праявілі актыўнасць — іванаўскі бар "Мёд". 6 жніўня, а другой гадзіне апоўначы, калі бар павінен быў зачыняцца, туды прыехаў АМАП. Прысутным загадалі разыйсціся, тых хто не пагадзіўся, затрымалі. Вядома, што пэўная частка пайшла працягваць адпачынак на запраўку. Тады амапаўцы прыехалі і туды, адбыліся яшчэ затрыманні ды пратаколы. Адзначаюць, што акрамя мясцовых міліцыянтаў удзел у затрыманнях прымалі мінскія сілавікі, бо яны былі на аўто з мінскім рэгіёнам.

Папаўненне ў спісе "экстрэмістаў"

У Беларусі быў заблакаваны доступ да партала "Польскага радыё"

Пра гэта паведамляе Беларуская служба "Польскага радыё". У канцы ліпеня інтэрнэт-рэсурс polskieradio.рl трапіў у спіс "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.

Пракуратура Мінска вынесла пастановы аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-сайтаў belprauda.соm і sport-podpis.сlub

На belprauda.соm публікаваліся навіны Беларусі, а на sport-podpis.сlub быў спіс спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст спартыўнай грамадскасці.

Ціск на палітвязняў

На палітвязня Віктара Пархімчыка, якога перавялі з "хіміі" у калонію, ціcне адміністрацыя ўстановы

parchimchyk_viktar.jpg
Віктар Пархімчык

Стала вядома, што па прыбыцці ў калонію адразу пасля каранціну палітвязня Віктара Пархімчыка змясцілі ў ШІЗА. Акрамя гэтага яго пазбавілі перадач, пасылак і спатканняў. Нагадаем, у канцы красавіка Пархімчыку ўзмацнілі рэжым і перавялі з ПУАТ у папраўчую калонію. 15 студзеня 2021 года Віктара асудзілі на два гады "хіміі" па ч. 1 арт. 339 КК ("Хуліганства"). У віну Пархімчыку ставілася тое, што ў перыяд з 12 па 16 лістапада ў некалькі этапаў з хуліганскіх меркаванняў ён раскідаў 510 самарэзаў на праезнай частцы каля адміністрацыйнага будынку памежнага камітэта. Аднак не давёў злачынства да канца, так як супрацоўнікі памежнага камітэта збіралі раскіданыя самарэзы з праезнай часткі да таго, як па ім праязджаў аўтатранспарт.

Падтрымайце Віктара лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК № 17. 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8. Віктару Пархімчыку


Палітзняволенаму юнаку Мікіту Залатарову, хвораму на эпілепсію, змянілі рэжым на больш строгі на рэшту пакарання

Мікіта Залатароў
Мікіта Залатароў

Бацька Мікіты Залатарова ўдакладніў @viasnaHomel, што юнака не судзілі наноў, а змянілі яму рэжым і перавялі з магілёўскай папраўчай калоніі № 15 у жодзінскую турму № 8. Хлопец будзе адбываць пакаранне ў турме строгага рэжыму. Перадумовай такога пераводу стаў перавод хлопца з выхаваўчай калоніі ў папраўчую ў чэрвені. Такім чынам хлопцу не дадалі 3 гады, а змянілі рэжым на больш строгі на рэшту пакарання.

Нагадаем, раней юнака ўжо судзілі двойчы: яго затрымалі ў 17-гадовым узросце і абвінавацілі за падзеі 10 жніўня 2020 года па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Тады хлопца пакаралі 5 гадамі выхаваўчай калоніі. А 12 ліпеня 2021 года хлопцу прысудзілі 1 год і 6 месяцаў гады калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК ("Гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў"). У чэрвені Мікіту перавялі ў папраўчую калонію.


Знайшлі "палітычны падтэкст": палітвязня Яўгена Харашкевіча змясцілі ў ШІЗА за ліст ад жонкі

Яўген Харашкевіч
Яўген Харашкевіч

Стала вядома, што тыдзень таму палітвязня Яўгена Харашкевіча адміністрацыя шклоўскай калоніі закінула ў штрафны ізалятар на трое сутак. Жонка палітвязня даведалася, што прычынай стаў ліст з віншаваннямі ад неабыякавых людзей перад Днём народзінаў Яўгена, які яна дасылала мужу. Цэнзар разглядзеў у гэтым "палітычны падтэкст", таму ліст быў знішчаны, а палітвязня адправілі ў ШІЗА.

Нагадаем, Яўгена затрымалі 18 студзеня 2021 у Наваполацку. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме. Віцебскі абласны суд 16 верасня асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі.

Дасылайце Яўгену заказныя лісты, бо калі цэнзар не прапусціць яго, то палітвязень усё роўна пабачыць ад каго была вестачка. Адрас такі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Яўгену Аляксандравічу Харашкевічу

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства