viasna on patreon

Ціск на зняволеных і затрыманні не спыняюцца: хроніка пераследу 2 жніўня

2022 2022-08-02T17:03:43+0300 2022-08-03T10:23:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novikau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Знікла сувязь з палітвязнем Яўгенам Прапольскім

Яўген Прапольскі
Яўген Прапольскі

Стала вядома, што з Яўгенам цалкам знікла сувязь — лістоў ад яго няма, спатканняў з ім родным не даюць, у самой калоніі сваякам нічога не кажуць. У адным з тэлеграм-чатаў, звязаным з бабруйскай ПК №2, з'явілася інфармацыя, што Яўген нібыта спрабаваў збегчы з калоніі — аднак родныя не вераць у гэта.

Нагадаем, Яўгена асудзілі да 8 гадоў калоніі па справе "удзельнікаў чата". На судзе ен распавёў пра катаванні:

"Мяне прымушалі пісаць чыстасардэчнае прызнанне на імя начальніка УСК. Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву. Потым у мяне праблемы са здароўем былі: было дрэнна, кружылася галава, была адбітая нага".

Палітвязня Яўгена Харашкевіча за тыдзень да дня народзінаў у калоніі змясцілі ў ШІЗА

Яўген Харашкевіч
Яўген Харашкевіч

Па інфармаціі праваабаронцаў, палітвязень Яўген Харашкевіч учора не выйшаў на сувязь са сваякамі, а ў пятніцу да яго не пусцілі адваката. Па папярэдняй інфармацыі, Яўгена змясцілі ў штрафны ізалятар, але тэрмін і прычыны невядомыя. 8 жніўня Харашкевіч адзначыць 28-годдзе за кратамі, але, меркавана, у ШІЗА. Ягоная жонка прапаноўвае дасылаць віншаванні на тэлеграм-акаўнт @pozdravlenie_khoroshkevich, каб яна змагла перадаць мужу ўсе віншаванні. Таксама дасылайце заказныя лісты, бо калі цэнзар не прапусціць яго, то палітвязень усё роўна пабачыць ад каго была вестачка.

Нагадаем, Яўгена затрымалі 18 студзеня 2021 у Наваполацку. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме. Віцебскі абласны суд 16 верасня асудзіў палітвязня да 4 гадоў калоніі.

Падтрымайце Яўгена: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Яўгену Аляксандравічу Харашкевічу.

Палітвязня Андрэя Новікава амаль да дня вызвалення змясцілі ў ПКТ

Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя
Андрэй Новікаў у судзе. Фота Радыё Рацыя

Праваабаронцам стала вядома, што палітвязня Андрэя Новікава, у якогда сканчваецца тэрмін зняволення 29 кастрычніка, змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) да 13 кастрычніка. Перад гэтым палітвязня ў калоніі чатыры месяцы ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, а ў сакавіку Андрэя закідвалі ў карцар на 39 дзён. Лісты да Андрэя не даходзяць, нават заказныя. Таму дасылайце палітвязню словы падтрымкі праз тэлеграмы.

Нагадаем, палітвязня, які падчас прадвыбарчай кампаніі 2020 года быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, утрымлівалі 7 месяцаў у межах "справы Ціханоўскага". 26 лістапада 2020 году Новікава дэпартавалі ў Расію, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў. Але мужчына ўсё ж такі прыехаў у Беларусь, каб наведаць жонку з дзецьмі. 5 жніўня палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Падтрымаць Андрэя: ПК № 2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Новікаву Андрэю Анатольевічу

Затрыманні

ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага студэнта за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе

Затрыманы студэнт
Затрыманы студэнт

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі "пакаяльнае відэа" са студэнтам другога курса Універсітэта права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій. На ім хлопец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, перакрываў рух транспарту і стаяў у "счэпцы".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства