У Камянцы асудзілі яшчэ аднаго берасцейскага "карагодніка"
Суд Камянецкага раёна 7 ліпеня вынес прысуд яшчэ аднаму ўдзельніку “карагоднай справы”, жыхару Камянца Аляксею Жарэлу. Яго абвінавацілі ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Аксана Шкель.
Па матэрыялах абвінавачання Аляксей Жарэла, 13 верасня 2020 года, знаходзячыся на праезнай частцы перасячэння дарог па праспекце Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі ў Брэсце, дзейнічаючы ў групе з іншымі асобамі, груба парушалі грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый, у выніку чаго была парушаная праца транспарту і нармальная дзейнасць шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый.
Прысудам суда Жарэла прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. На падставе ч. 1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Нагадаем, "Карагодную справу" распачалі ў Брэсце пасля акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года. Тады пратэстоўцы вадзілі на скрыжаванні дарог карагод, пакуль іх не разагнаў вадамёт. На судзе атмасферу таго дня асуджаныя па гэтай справе апісвалі як "атмасферу свята": пад музыку з калонак людзі кружылі карагод, пляскалі ў далоні. Гэтыя дзеянні пратэстоўцаў следства і пракуратура кваліфікуюць як злачынства паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ (“Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). З першых груп фігурантаў справы на карысць арганізацый грамадскага транспарту была спагнаная шкода "за прастой". На дадзены момант па так званай "карагоднай справе” прысуды вынесеныя ўжо ў дачыненні да 128 чалавек.