viasna on patreon

Новыя "экстрэмісты", затрыманне па прынцыпе "бо сваяк ваяваў за Украіну" і ціск на зняволеных: хроніка пераследу 9-11 ліпеня

2022 2022-07-11T16:20:00+0300 2022-07-11T16:21:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mikita_emialianau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:


Мікалай Аўтуховіч абвесціў сухую галадоўку

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся, што яму перадаюць лісты толькі ад маці, а таксама ён не атрымлівае газеты. У выніку Аўтуховіч заявіў, што абвяшчае сухую галадоўку на знак пратэсту.

"Я не здзяйсняў злачынства, я шукаў праўду": падрабязнасці суда па "справе Аўтуховіча"

Фігурантаў справы абвінавачваюць агулам па 15 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Апроч усяго, ім ставіцца ў віну удзел у злачыннай арганізацыі, замах на захоп улады, захоўванне зброі, якую незаконна прывезлі ў Беларусь з Украіны, а таксама падрыў аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродне і аўтамабіля і жылога дома міліцыянта ў Ваўкавыску.

Падтрымаць фігурантаў "справы Аўтуховіча" лістамі можна па адрасе: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1


Палітвязня Мікіту Емяльянава па прыбыцці ў калонію змясцілі ў ШІЗА і пазбавілі спаткання

Мікіта Емяльянаў
Мікіта Емяльянаў

Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава адразу пасля этапа ў папраўчую калонію № 11 адміністрацыя змясціла ў штрафны ізалятар агулам на 18 сутак, паведамляе @mediazona_by.

Акрамя гэтага, яго пазбавілі кароткатэрміновага спаткання, канфіскавалі 22 кнігі, машынку для стрыжкі і згушчанку. Прычыны спагнанняў невядомыя. У ваўкавыскай калоніі Мікіта знаходзіцца з 13 чэрвеня.

Нагадаем, 11 сакавіка Емяльянава асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК "Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы за парушэнне правілаў унутраннага распарадку", а канчаткова прызначылі па сукупнасці прысудаў з улікам раней неадбытага пакарання — 3,5 года калоніі ўзмоцненнага рэжыму. Са жніўня 2021 года Мікіту змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам больш, чым на сем месяцаў.

Падтрымайце палітвязня: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Емяльянаву Мікіту Уладзіміравічу


Затрымалі стрыечнага брата Васіля Парфянкова, які загінуў ва Украіне

Імя затрыманага — Сяргей. Яму прысудзілі 15 сутак арышту. Пра гэта стала вядома карэспандэнтам @belsat. Пасля таго, як стала вядома аб тым, што Васіль загінуў пад Лісічанскам, на працы кіраўніцтву Сяргея паведамілі, што ён “нядобранадзейны” элемент, бо ў ягоны брат ваяваў на баку Украіны супраць расійскай агрэсіі. 8 ліпеня Сяргей пайшоў у міліцыю, куды яго выклікалі на размову, і пасля гэтага сувязь з ім знікла. Позна ўвечары сваякам сказалі, што яго адпусцілі, але дадому ён не прыйшоў. 9 ліпеня стала вядома, што Сяргей арыштаваны. Адзначым, што нядаўна маці і сястра Васіля адбылі па 10 сутак арышту.


Заблакаваны сайт беларускага незалежнага часопісу ARCHE

ARCHE

Гэта адбылося на падставе рашэння Мінінфарма.

"Arche.by далучыўся да немалой ужо кампаніі заблякаваных Міністэрствам інфармацыі сайтаў. Пятля сціскаецца. Дабілі/выпхнулі за мяжу буйных, узяліся дабіваць дробных і паўжывых", — паведаміў у Facebook галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў.


Чарговае папаўненне спіса "экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Гэтым разам у яго трапілі відэаролікі: "Расея перагрупуе войскі і рыхтуецца да атакі. ЗСУ выбілі ворага з Мікалаеўкі, Херсонскай вобласці", "Расея запусціла вучэнні з ракетнымі ядзернымі сіламі. У Маскве пачаліся аблавы на прызыўнікоў", "Акупанты прасоўваюцца до Славянску. Нямеччына павялiчыла импарт з Расеi на 60% / Вайна ва Ўкраине"; • Telegram-канал: "ЖЫВЕ ВИТЕБСК 97%"; Суполкі ў "ВКонтакте": "Стены Рухнут", "СТРАНА ДЛЯ ЖИЗНИ".


МУС прызнала "экстрэмісцкім фармаваннем" тэлеграм-канал "Витебск 97%"

97%

Адпаведнае рашэнне было прынятае 6 ліпеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства