viasna on patreon

Былы начальнік мінскага СІЗА Алег Алкаеў, які пяць гадоў узначальваў каманду, якая выконвала сьмяротныя прысуды, распавёў карэспандэнту “Радыё Свабода” Алегу Грузьдзіловічу як у Беларусі выконваюцца сьмяротныя прысуды.

2004 2004-03-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Толькі пасьля ад’езду ў Германію былога начальніка мінскага сьледчага ізалятара Алега Алкаева грамадзкасьць Беларусі даведалася, што паводле сваёй пасады ён узначальваў адмысловую каманду, якая выконвала сьмяротныя прысуды ў Беларусі. Усе абставіны і выканаўцы гэтай працы засакрэчаныя. Аднак Алег Алкаеў не ганарыцца, што пяць гадоў выконваў ролю кіраўніка “расстрэльнай” каманды. Ён лічыць сьмяротнае пакараньне негуманным і шкодным ва ўсіх сэнсах. Алег Алкаеў распавёў, як у Беларусі выконваюцца сьмяротныя прысуды.

(Алкаеў: ) “У адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам асуджанага на сьмерць заводзяць у адмысловае памяшканьне, яму зачытваюць указ прэзыдэнта аб адмове ў памілаваньні, альбо калі ён не зьвяртаўся з такім хадайніцтвам, палажэньне аб невыкарыстаньні памілаваньня — і потым цягам трыццаці сэкундаў-хвіліны гэтага чалавека ўжо няма. Мы робім усё гэтак, каб вязень дадаткова не пакутаваў. Ён спадзяецца, што ў яго яшчэ ёсьць нейкі час, быццам яго кудысьці павязуць. На справе ў суседнім памяшканьні нечакана робіцца стрэл у галаву, пасьля чаго доктар канстатуе сьмерць, і адбываецца пахаваньне”.

Сваякам целаў пакараных не выдаюць, як не паведамляюць і месца пахаваньня. Алег Алкаеў перакананы, што гэта негуманна, у тым ліку і адносна выканаўцаў прысудаў, якія ў сувязі з гэтай сакрэтнасьцю маральна яшчэ больш пакутуюць.

(Алкаеў: ) “Для нас гэта дадатковыя турботы, абсалютна. Гэта трэба кансьпіратыўна выяжджаць, хаваць гэтак, каб ніхто не зразумеў, не здагадаўся, ня бачыў. Гэта даволі складана, больш падыходзіць да нейкага дэтэктыва. Быццам гэта не выкананьне дзяржаўнага прысуду, а нейкая мафіёзная разборка. Атрымліваецца, што ўсё робіцца як сярод злодзеяў”.

Былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў паведаміў пра сумныя лёсы значнай часткі міліцыянтаў, якія выконвалі сьмяротныя прысуды. Многія зь іх становяцца хранічнымі алькаголікамі, і амаль ніхто не дажывае да старасьці. Прычына ў моцным псыхалягічным стрэсе, які перажываюць гэтыя людзі, і адсутнасьці для іх сыстэмы мэдычнай рэабілітацыі.

(Алкаеў: ) “Вялікія страты для псыхікі церпяць тыя, хто выконвае сьмяротныя прысуды. Пытаньні рэабілітацыі ў нас увогуле не стаяць, акрамя сумнавядомых ста грамаў. Тым больш, што выгляд гэтых злачынцаў варты жалю ў момант выкананьня прысуду. Акрамя спачуваньня, ён нічога не выклікае”.

Алег Алкаеў перакананы, што сьмяротную кару ў Беларусі даўно трэба адмяніць, і выказваецца за тэрміновы маратор на сьмяротную кару да прыняцьця адпаведнага закону.

(Алкаеў: ) “Беларусь — гэта ня тая краіна, дзе самыя апантаныя злачынцы, і маё меркаваньне, што чым хутчэй сьмяротную кару адменяць, тым лепей. Тым больш, што яна не выконвае ніякай выхаваўчай ролі, бо ўсё робіцца ў сакрэце. Шмат хто дагэтуль лічыць, што ніякага расстрэлу няма, людзей быццам некуды вывозяць, робяць апэрацыі, трансплянтацыю органаў ды іншае”.

Гэта было меркаваньне наконт праблемы адмены сьмяротнай кары падпалкоўніка міліцыі Алега Алкаева, які пяць гадоў камандаваў групай выкананьня сьмяротных прысудаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства