viasna on patreon

Універсальная юрысдыкцыя: як прыцягнуць сілавікоў да адказнасці і чым блізкія беларусы і сірыйцы? Аўдыё

2022 2022-06-25T12:44:08+0300 2022-06-30T21:18:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ikonka_29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як прыцягнуць да адказнасці тых, хто вінаваты ў катаваннях беларусаў, з дампамогай універсальнай юрысдыкцыі? Як працуе гэты механізм і якія ў яго ёсць недахопы? Як атрымалася асудзіць сірыйскіх сілавікоў, якія маюць дачыненне да катаванняў пратэстоўцаў —  і чаму беларусам варта звярнуць увагу на гэты кейс?

Гэтаму прысвечаны 29-й выпуск падкаста "Вясна прыйдзе". А ніжэй — кароткая яго тэкставая версія:

"Вясна прыйдзе" · Универсальная юрисдикция: как привлечь силовиков к ответственности и чем близки белорусы и сирийцы?

У жніўні 2020 года беларусы сутыкнуліся (і працягваюць сутыкацца) з масавымі катаваннямі і бесчалавечным абыходжаннем з боку сілавікоў і супрацоўнікаў месцаў несвабоды. Многія спрабавалі прыцягнуць сілавікоў да адказнасці — але гэтага не атрымалася: ніводнай крымінальнай справы беларускімі праваахоўнымі органамі так і не было распачата. Калі нацыянальныя механізмы абароны сваіх правоў вычарпаныя — то застаюцца міжнародныя механізмы. Аднак там беларусам не ўсё даступна.

gus-gaaga-plakat.jpg
Адзін з пратэстных плакатаў. Фота: Цензор.НЕТ

Лукашэнка і беларускіх сілавікоў не будуць судзіць у Гаазе, паколькі Беларусь не падпісала Рымскі статут — а менавіта ён дае магчымасць удзелу ў Міжнародным крымінальным судзе (які і знаходзіцца ў Гаазе). Не даступны для беларусаў таксама і Еўрапейскі суд па правах чалавека — паколькі Беларусь не ўваходзіць у Раду Еўропы.

Таму практычна адзінай і дзейснай магчымасцю прыцягнуць вінаватых у збіваннях беларусаў да адказнасці — гэта механізм універсальнай юрысдыкцыі. І ёсць паспяховыя кейсы яго прымянення.

Універсальная юрысдыкцыя: што гэта за механізм і як ён працуе?

Пра гэта ў падкасце "Вясна прыйдзе" распавяла Яраслаўна Сычанкова — юрыстка і экспэрт у галіне міжнароднага крымінальнага права.

"Кіруючыся прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, іншыя дзяржавы могуць расследаваць і пераследваць злачынствы, учыненыя ў іншых краінах — але толькі ў тым выпадку, калі сама дзяржава, у якой гэта адбылося, адмаўляецца ці не хоча расследаваць гэтыя злачынствы", — тлумачыць Яраслаўна.

jaraslauna_sychankova.jpg
Яраслаўна Сычанкова. Фота: Mohamed Badarne

Спрошчана гэта выглядае так: калі беларускі сілавік, які ўдзельнічаў у збіцці беларусаў, з'явіцца на тэрыторыі іншай дзяржавы, то гэтая дзяржава можа яго затрымаць для расследавання і асудзіць, альбо ж экстрадаваць у іншую краіну, якое вядзе такое расследаванне — у выпадку, калі будзе прызнана, што ён з'яўляецца патэнцыйным падазраваным у здзяйсненні катаванняў.

Навошта гэта іншым дзяржавам?

Для расследавання і ажыццяўлення правасуддзя па катаваннях, учыненых у іншых дзяржавах, трэба вельмі шмат рэсурсаў: да прыкладу, сам судовы працэс можа працягнуцца не адзін год, а расследавання — дзесяцігоддзе. Навошта дзяржавы пачынаюць займацца тым, што адбылося не на іх тэрыторыі?

"Улічваецца, што катаванні — гэта вельмі сур'ёзнае злачынства, —  кажа Яраслаўна Сычанкова. — Гэта злачынства такога цяжару, што яно закранае ўсю міжнародную супольнасць. То бок, гэта такі негалосны прынцып у міжнародным праве, што катаванні падлягаюць абсалютнай забароне — і дзяржавы павінны іх расследаваць. І таму ў міжнароднай супольнасці існуе канцэпт універсальнай юрысдыкцыі, які дазваляе пазбегнуць беззаконня.

І гэта свайго роду пачуццё адказнасці міжнароднай супольнасці. Дзяржава, вынікаючы гэтаму пачуццю, расследуе катаванні, каб яны ў будучыні не здзяйсняліся".

Такім чынам, любая дзяржава ў тэорыі можа расследаваць злачынствы беларускіх сілавікоў і прыцягнуць іх да адказнасці. Аднак не ўсё так проста — канцэпт універсальнай юрысдыкцыі пакуль яшчэ не такі папулярны і выкарыстоўваемы.

Недахопы механізму універсальнай юрысдыкцыі і яго асаблівасці

Не ўсе дзяржавы выконваюць прынцып універсальнай юрысдыкцыі.

"Ёсць міжнароднае права — а ёсць палітыка. І на жаль, палітыка часам прадухіляе правасуддзе", — распавядае Яраслаўна.

Напрыклад, Германія расследавала катаванні, якія адбыліся ў Сірыі, але не расследавала катаванні, якія адбываліся ў ЗША (у турме ў Гуантанама). Акрамя таго, ёсць міжнародныя абавязацельствы перадачы падазраваных у рамках універсальнай юрысдыкцыі. Аднак не ўсе краіны іх выконваюць.

"Былі выпадкі, калі Нямеччына выдала ордэр на арышт аднаго з высокапастаўленых кіраўнікоў сірыйскіх спецслужбаў, які прыехаў у Ліван. Але Ліван яго не выдаў".

Акрамя таго, проста так чалавека затрымаць і экстрадаваць нельга.

"Патрэбныя сур'ёзныя падставы, нейкага роду абвінаваўчая база, трэба вялікая колькасць доказаў. І першы этап у гэтым сцэнары, які тут важны - гэта каб дзяржавы наогул адкрылі расследаванне і пачалі збіраць доказную базу. Бо калі цяпер хтосьці перасячэ мяжу, а ў іх няма ні расследаванняў, ні доказаў — нічога не здарыцца. Таму важна быць гатовым да гэтага".

Такая "гатоўнасць" прывяла да рэалізацыі паспяховага кейса — у Германіі ў 2022 годзе былі асуджаныя два сірыйскія сілавікі, якія здзяйснялі катаванні ў Дамаске.

Як універсальная юрысдыкцыя дапамагла асудзіць двух сірыйскіх сілавікоў — і якую ролю тут адыгралі праваабаронцы

Канфлікту і поўнамаштабнай грамадзянскай вайне ў Сірыі ў 2011 годзе папярэднічалі масавыя пратэсты. Яны суправаджаліся сістэматычнымі катаваннямі, якія ў асноўным праводзіліся сірыйскімі спецслужбамі — гэта значыць прадстаўнікамі дзяржавы.

Многія пацярпелыя беглі ў Германію. І нямецкая пракуратура адкрыла расследаванне ў межах універсальнай юрысдыкцыі — але збірала доказы павольна. І тут на дапамогу органам пракуратуры прыйшлі звычайныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці: яны прадстаўлялі сведак і пацярпелых у якасці крыніц патэнцыйных доказаў. Гэтым займалася і Яраслаўна:

"Разам з сірыйскімі арганізацыямі мы збіралі доказы ў пэўную доказную базу, пісалі юрыдычны аналіз і затым адсылалі гэта ўсё ў пракуратуру з патрабаваннем расследаваць. І таксама патрабавалі, каб федэральная паліцыя Германіі рабіла інтэрв'ю з людзтмі і ўключылі гэта ў сваю доказную базу.

І калі мы падалі сваю першую скаргу ў Германіі, цягам двух тыдняў яна паслухала ўсіх пацярпелых. І для нас гэта тады быў вельмі выразны сігнал аб тым, што яны сапраўды хочуць гэта расследаваць".

Расследаванне прывяло да судовага працэсу над двума прадстаўнікамі сірыйскіх сілавікоў — Анварам і Эйадам.

anwar.jpg
Анвар разам са сваім абаронцам. Малюнак: Nasser Husein

Абодвух сілавікоў прызналі вінаватымі ў здзяйсненні катаванняў над пратэстоўцамі ў адным з "РУУС" у Дамаску. Прысудам нямецкага суда ў Кобленцы Анвар атрымаў пажыццёвае зняволенне, а Эйад — 4 гады пазбаўлення волі.

Але важнасць гэтага судовага разбіральніцтва заключалася не толькі ў гэтым, падкрэслівае Яраслаўна:

"Было прызнана, што гэтыя катаванні [у Сірыі] з'яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці. А таксама суд прызнаў, што сірыйскі ўрад вёў дзяржаўную палітыку, дзе катаванне была інструментам рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці. Для свету і гісторыі гэта мае вельмі вялікую важнасць".

Цяпер на гэтае судовае рашэнне магу абапірацца і ў новых справах — напрыклад, нядаўна пачалося разбіральніцтва ў адносінах да сірыйскага лекара, які таксама падазраецца ў катаваннях.

І ў гэтай гісторыі (расследаванне і асуджэнне ў Германіі вінаватых у катаваннях, учыненых у іншай дзяржаве — Сірыі) вялікую ролю адыгралі праваабарончыя арганізацыі, якія збіралі доказы і апытвалі пацярпелых.

Гэтым жа — для Беларусі — займаецца Праваабарончы цэнтр "Вясна".

Як працуе ПЦ "Вясна" і навошта дакументаваць катаванні

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе ў рамках Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні да адказнасці вінаватых (IABP) і з'яўляецца яе сустаршынёй (разам з Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і некамерцыйнай арганізацыяй Redress). А старшынёй IABP З'яўляецца Dignity (Дацкі інстытут супраць катаванняў). Мэтай Міжнароднай платформы з'яўляецца збор дакументацыі і доказаў сур'ёзных парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, учыненых у Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і ў наступны перыяд. Сабраная дакументацыя будзе выкарыстоўвацца ў ходзе любых будучых незалежных крымінальных расследаванняў і судовых разглядаў у адпаведнасці са стандартамі міжнароднага права.

"У многіх выпадках правасуддзе патрабуе часу. Але мне здаецца, што ў кантэксце Беларусі грамадзянская супольнасць робіць каласальную працу для расследавання катаванняў як міжнароднага злачынства і злачынства супраць чалавечнасці", —  кажа Яраслаўна Сычанкова.

Больш падрабязна размова з Яраслаўна (яе аповяд пра універсальную юрысдыкцыю і пра тое, як выглядаў суд над Анварам і Эйадам) слухайце ў выпуску праваабарончага падкаста «Вясна прыйдзе»:

Падпісвайцеся, каб атрымліваць апавяшчэнні аб новых выпусках!

З папярэднімі выпускамі подкаста "Вясна прыйдзе" можна азнаёміцца тут.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства