Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 па беларускім часе (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі "Беларускае Радыё Рацыя" — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN). А таксама 98,1 FM для Гродна і 99,2 FM для Брэста.
(Анонсы папярэдніх выпускаў глядзіце тут).
Анонс праграмы на 14 чэрвеня:
Хроніка: Агляд рэпрэсій мінулага тыдня — працягваецца адміністрацыйны і крымінальны пераслед журналістаў, ціск на палітвязняў, папаўненне ў спісе “экстрэмістаў”, разгромленыя кватэры і затрыманні.
Асоба: Зуртан Халтараў — палітычны эмігрант з Бураціі, які цяпер жыве ў Варшаве. Рашэнне прымаў за тры дні, а па радзіме не сумуе:
“Мы, бураты — качэўнікі. Таму мы да паўкачавання звыклыя. Вярнуцца-то мы вернемся, можа нават і наперад нагамі, але важна нешта рабіць для таго, каб вярнуцца хутчэй. Думаю, многія беларусы праз тое, што рэжым Лукашэнкі ўстаяў, сумуюць па радзіме, бо яна тут блізка і побач. А ў мяне яна ад Варшавы — сем тысяч кіламетраў”.
У Бураціі існуе дыскрымінацыя буратаў, а бурацкай мовай складана скарыстацца ў афіцыйных колах (напрыклад, падчас судовых пасяджэнняў).
“Хаця была такая гісторыя, калі судзілі аднаго дзеяча: ён добры знаўца бурацкай мовы і запатрабаваў, каб пратаколы па крымінальнай справе вяліся па-бурацку. І такім спосабам зацягнуў гэтую справу, і яна прапала па сканчэнні тэрмінаў даўніны”.
Па-за межамі: Як у Беластоку прайшоў таварыскі футбольны матч салідарнасці з палітзняволеным журналістам Аляксандрам Івуліным. І хто перамог?
Каментар: Ініцыятыва "Напішы ліст палітвязню" збіраецца ў Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве. Што пішуць, каму і чаму?
У музычных паўзах — кампазіцыі ў выкананні SLAVALACHIA. Музычны альянс спалучае культуры Беларусі, Украіны і Агая (ЗША).
Аўдыёзапіс выпуску: