viasna on patreon

Ціск на палітвязняў, новыя «экстрэмісты» і затрыманні. Хроніка пераследу 16 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-16T14:53:00+0300 2022-05-17T14:58:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tracciakevich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Папаўненне ў спісе «экстрэмістаў»

Стала вядома, што беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкай» інфармацыйную прадукцыю сайта MOST, а таксама ягоныя суполкі ў VK, Facebook і канал ў Telegram. Адпаведнае рашэнне датавана 28 красавіка, і вынес яго суд Ленінскага раёна Гродна.

MOST — гэта каманда беларускіх журналістаў, якія ў змушанай эміграцыі знаходзяцца ў польскім Беластоку расказываюць пра падзеі, якія адбываюцца на скрыжаванні Беларусі і Польшчы.


  • Таксама экстрэмісцкімі прызнаныя матэрыялы:
  • Telegram-канала і telegram-чата «Водители 97»;
  • Instagram-старонкі «kitakittycat»;
  • Telegram-канала «Народная Самооборона!»;
  • Telegram-канала «Кибер-партизаны чат».

Папаўненне ў спісе

Па патрабаванні Генпракуратуры РФ у Расіі заблакавалі The Village Беларусь. Падставай для гэтага назвалі артыкул аб абстрэле вакзалу ў Краматорску, дзе загінулі 50 чалавек. Генпракуратура палічыла гэткую інфармацыю «ілжывымі паведамленнямі аб актах тэрарызму», якія ствараюць пагрозу «жыццю і здароўю грамадзян».

Ціск на палітвязняў

Мікіта Траццякевіч
Мікіта Траццякевіч

Адміністрацыя калоніі №3 (Віцьба) змясціла палітвязня Мікіту Траццякевіча ў штрафны ізалятар. З якой нагоды і на які тэрмін - не паведамляецца.

Нагадаем, байкера з Мінска затрымалі напрыканцы кастрычніка і абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі (арт. 364 КК). Інцыдэнт адбыўся 19 верасня каля ТЦ «Еўропа», калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць. Таксама тады былі затрыманыя Мікіта Афанасьеў і Андрэй Іванюшын, якіх праваабаронцы таксама прызналі палітвязнямі.

26 лютага ў судзе Савецкага раёна Мінска Мікіце Траццяковічу прысудзілі 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці. Адрас такі: ПК №3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба, Мікіце Андрэевічу Траццякевічу

Новыя затрыманні і сведчанні «палітычнага» ціску на беларусаў

Праваабаронцы даведаліся, што да жыхароў Вілейкі прыходзяць з так званымі «прафілактычнымі» гутаркамі. Адбываецца гэта наступным чынам: прыходзіць участковы, паведамляе чалавеку пра тое, што ён «палітычна ненадзейны», і просіць падпісаць паперы пра тое, што яго «папярэдзілі».


Затрыманы настаўнік матэматыкі
Затрыманы настаўнік матэматыкі

Сілавікі затрымалі настаўніка матэматыкі, які дасылаў смс-паведамленні аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі на тэлефонны нумар тэлеканала «Белсат». З затрыманым мужчынам праўладны тэлеграм-канал запісаў «пакаяльнае» відэа. Паведамляецца, што ў адносінах да настаўніка ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 361-4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.


Затрыманая Аліна Каўтуноўская
Затрыманая Аліна Каўтуноўская

Стала вядома, што за ўдзел у акцыі пратэсту 2020 года ГУБАЗіК затрымаў 23-гадовую дызайнерку Аліну Каўтуноўскую. Паведамляецца, што на дзяўчыну паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін», нібыта «у 2020-м годзе з-за такіх як яна ён не мог праехаць у горадзе».


У пасёлку Ілля Вілейскага раёна супрацоўнікі міліцыі затрымалі мясцовую актывістку Людмілу Буркевіч. Прычына затрымання пакуль невядомая.


Раніцай ў кнігарню «Кнігаўка», адкрытую выдавецтвам "Янушкевіч", наведаліся прапагандысты, якіх абурыла тое, што там прадаюцца кнігі на беларускай мове. Пасля абеду ў кнігарню прыйшлі сілавікі з ператрусам.


Дар'я Ляўко
Дар'я Ляўко

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне 23-гадовай супрацоўніцы адной з IT-кампаній Дар'і Ляўко. У «пакаяльным відэа» дзяўчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту пасля выбараў і перакрыцці дарог. Таксама праўладныя каналы асабліва падкрэслілі, што ў Дар'і «заробак 3300$». Ляўко інкрымінаваны артыкул 342 КК "Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства