viasna on patreon

Хроніка палітычнага пераследу 13 траўня Дапоўнена

2022 2022-05-13T15:10:13+0300 2022-05-13T16:18:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/nazdra_8.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 13 траўня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Мазыры ГУБАЗіК затрымаў вядомага экаактывіста Паўла Наздру

Як заўважыла "Палеская Вясна", сілавікі выклалі ў сваім тэлеграм-канале відэа з кадрамі затрымання актывіста і ягоным раскаяннем.

На відэа бачна, як група з чатырох узброеных людзей у амуніцыі вядзе Паўла Наздру і саджае ў белы мікрааўтобус. Затым у відэа Павел распавядае на камеру, што ён «зрабіў публікацыю на тэлеграм-канале “Беларускі гаюн” аб перасоўванні расійскіх войскаў у горадзе Мазыры». У апісанні, якое прыводзіць ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале, Паўла Наздру абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства.

Павел Наздра вядомы тым, што з’яўляўся прадстаўніком у Мазыры ініцыятывы «Зялёны дазор». Ён арганізаваў у горадзе шэраг экалагічных акцыяў і ініцыятываў, у якіх удзельнічалі ў тым ліку і прадстаўнікі ўладных органаў. Таксама Павел Наздра з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. 


Шэсць удзельнікаў «Буслы ляцяць» пачнуць судзіць 6 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе 

anisau_gameza.jpeg
Аляксей Іваносаў і Аляксей Гамеза

У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня распачынаецца суд над палітвязнямі Аляксеем Іваносавым і Аляксеем Гамезам, а таксама Мікалаем Біблісам, Андрэем Будаем, Аляксандрам Мураўёвым, Аляксандрам Сідарэнкам. Справу будзе разглядаць Анастасія Папко. Пакуль суд адкрыты.

У залежнасці ад ролі кожнага ім у розным спалучэнні інкрымінаваныя: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў адносінах да дзяржаўнага дзеяча); ч. 1 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці), ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў) Крымінальнага кодэкса.

Згодна версіі абвінавачвання, 4 сакавіка 2021 года ўдзельнікі групы пашкодзілі аўтамабіль, які належыць суддзі Барысаўскага раёна: аблілі фарбай кузаў транспартнага сродку, прабілі чатыры колы; у перыяд з 14 па 15 сакавіка 2021 года адзін з абвінавачаных пашкодзіў чатыры шыны аўтамабіля, які належыць грамадскаму актывісту-карэспандэнту рэспубліканскага СМІ; 8 красавіка 2021 года фігуранты кінулі камень у акно кватэры, дзе пражывае супрацоўнік пракуратуры горада Мінска з малалетнім дзіцем; 22 траўня 2021 года аналагічныя злачынныя дзеянні здзейсненыя ў дачыненні да грамадскай актывісткі, якая падтрымлівае дзеючую ўладу; у перыяд з 2 па 15 чэрвеня 2021 года абвінавачаныя пашкодзілі і знішчылі сістэму відэаназірання, усталяваную ў Фрунзенскім раёне сталіцы.

"У сваёй злачыннай дзейнасці абвінавачаныя выкарыстоўвалі мноства сродкаў канспірацыі, у тым ліку маскі і вопратку цёмных колераў без адметных прыкмет, не выкарыстоўвалі мабільныя тэлефоны, хавалі свае транспартныя сродкі, будучы ўпэўненымі ў сваёй ананімнасці і беспакаранасці.

Пры расследаванні вывучаныя асобы ўсіх шасці абвінавачаных-мужчыны працавалі ў розных сферах эканомікі, займаючы ў тым ліку кіруючыя пасады, не судзімыя, амаль у кожнага маюцца малалетнія дзеці. Абвінавачаныя пазнаёміліся паміж сабой на так званых "дваровых чаяваннях", пасля чаго размаўлялі ў асобным закрытым Telegram-чаце", – паведамляюць у Следчым камітэце.

30 лістапада 2021 года Вярхоўны суд прызнаў тэрарыстычным аб'яднанне "Супраціў", у якое ўваходзіць групоўкі "Кібер-партызаны", "Дружина народной самообороны – ДНС" і "Буслы ляцяць". 

Сёння стала вядома, што Аляксея Іванісава і Аляксея Гамезу, а таксама Андрэя Будая і Аляксандра Мураўёва ўнеслі ў «тэрарыстычны» спісе КДБ. Падставай для ўключэння іх у спіс паслужыла прад'яўленае ім абвінавачанне па артыкуле 359 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча»). Максімальная санкцыя дадзенага артыкула прадугледжвае смяротнае пакаранне.


Расія выдала Беларусі жыхара Гомеля Міхаіла Зубкова, нягледзячы на забарону ЕСПЧ

На радзіме яго абвінавачваюць у гвалце над міліцыянтам, паведамляе "Медыязона".

У верасні 2020 года Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, яго затрымаў АМАП. Мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, упэўніваюць сваякі. Міхась з'ехаў на працу ў Маскву.

«У жніўні 2021 да жонкі і маці Міхаіла прыйшла міліцыя — былі ператрусы, шукалі і яго самога. Потым жонку выклікалі ў СК. Следчая паказала ёй фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падыйшоў да супрацоўніка АМАП "бліжэй, чым трэба", і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць "ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП"», — распавядалі сваякі мужчыны журналістам.


Суд над затрыманым фрылансерам Радыё Свабода Андрэем Кузнечыкам пройдзе у Магілёўскім абласным судзе

Дагэтуль ні родным, ні калегам невядома, у чым вінавацяць палітвязня. Дата суду таксама пакуль невядомая, паведамляе @bajby.

Нагадаем, Андрэя затрымалі 25 лістапада 2021 года. У ягонай кватэры адбыўся ператрус. Адразу яго двойчы асудзілі па адміністрацыйных справах, а 23 снежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу.

Падтрымайце Кузнечыка: Турма №4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Андрэй Аляксеевіч Кузнечык

Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства