Дызайнерку Vizor Games Галіну Семечку і яе мужа асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту
У Савецкім судзе Мінска 5 траўня асудзілі палітзняволеную дызайнерку Vizor Games Галіну Семечку і яе мужа Антона Александровіча. Іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а Антона таксама паводле ч. 1. арт. 317-2 (кіраванне транспартным сродкам асобай, якая не мае права кіравання). Суддзя Аляксандр Волк асудзіў іх да трох гадоў "хатняй хіміі" кожнага. Галіну вызвалілі ў зале суда.
34-гадовую 2D-мастачку з кампаніі Vizor Games Галіну затрымалі 14 снежня мінулага году. Сілавікі запісалі з Галінай "пакаяльнае відэа", на якім яна распавядае, што была падпісаная на тэлеграм-каналы, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі, а таксама што ў жніўні 2020 года ўдзельнічала ў пратэстных акцыях і перакрыцці дарог.
У той жа дзень затрымалі яе мужа — 37-гадовага Антона Александровіча, але пазней яго адпусцілі і выбралі меру стрымання, не звязаную з пазбаўленнем волі. На праўладных тэлеграм-каналах пасля затрымання апублікавалі "пакаяльнае відэа" з Александровічам, дзе ён казаў, што прымаў удзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года.
У выніку, суддзя Аляксандр Волк прызначыў Галіне і Антону па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Палітзняволеную вызвалілі ў зале суда пасля амаль пяці месяцаў зняволення.