Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скварыны дамаглося ад улады працягу дамовы на арэнду памяшканьня па вуліцы Румянцава, 13.
Адпаведнае рашэньне 9 сакавіка прыняла камісія Мінгарвыканкаму.
Пра гэта пісьмова паведамілі ў сакратарыят ТБМ: “Ваш ліст кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь У.Р.Латыпаву на даручэньне кіраўніцтва Менскага гарвыканкаму разгледжаны ў Менскім гарадзкім цэнтры нерухомасьці… Прынятае рашэньне пра перазаключэньне дамоваў арэнды… тэрмінам да 4 лютага 2005 году”. Вось як пракамэнтаваў карэспандэнтру “Радыё Свабода” рашэньне ўладаў старшыня ТБМ Алег Трусаў:
“Сябры ТБМ, калі атрымалі гэтую паперу, былі вельмі ўсьцешаныя з таго, што двухмесячнае змаганьне за сядзібу дало станоўчы вынік. Мы вельмі ўдзячныя найперш нашым журналістам, якія ўвесь час трымалі на кантролі гэтае пытаньне. Па-другое, мы ўдзячныя дыпляматам замежных амбасадаў і місіяў, якія таксама накіроўвалі ўладам адпаведныя запыты. Ну, і самая галоўная падзяка нашая тым тысячам грамадзянаў Беларусі, якія накіравалі свае звароты пра захаваньне за намі сядзібы як кіраўніку Менску Паўлаву, так і віцэ-прэм’еру Дражыну”.
Нагадаем, што 12 студзеня адміністрацыя Партызанскага раёну сталіцы, на тэрыторыі якога знаходзіцца офіс ТБМ, паведаміла, што дамова арэнды з таварыстам будзе прыпыненая 3 сакавіка без прадастаўленьня іншага памяшканьня. Пасьля чаго сябры ТБМ распачалі кампанію пратэсту, якую сваімі лістамі падтрымалі больш за дзесяць тысяч грамадзянаў. Супольныя намаганьні далі плён. Першапачаткова дамова была працягнутая да канца сакавіка, а цяпер — да 4 лютага наступнага году. (Паводле Радыё Свабода)