“Ведай і барані свае правы”: захапляльны відэакурс па правах чалавека для пачаткоўцаў
Кароткі відэакурс па правах чалавека пад назвай “Ведай і барані свае правы”, створаны камандай аднадумцаў і экспертаў, з’явіўся нядаўна на ютуб-канале “pravybarani”.
У дзесяці відэароліках, у даступнай форме распавядаецца пра асноўныя паняцці правоў чалавека, іх сувязь з дзяржавай і грамадствам, спецыфіку іх выкарыстання ў розных сферах жыцця.
Відэакурс суправаджаецца ўдала падабраным тэматычным відэашэрагам, які дапамагае візуальна асэнсаваць тэзісы і сцверджанні, агучаныя вядоўцамі адукацыйнага курсу.
Першая частка – уводная, у ёй распавядаецца гісторыя абароны правоў чалавека, пачынаючы са старажытнасці. Наступныя серыі маюць пераважна тэматычны характар, паказваюць эвалюцыю правоў чалавека ў пэўных галінах, тлумачаць іх універсальнасць і абавязковасць у сучасным цывілізаваным свеце.
Таксама ў відэакурсе раскрываецца сутнасць дачыненняў чалавека і дзяржавы, адрозненне грамадскай актыўнасці па абароне правоў чалавека ад палітычнай дзейнасці.
Кожны відэаролік мае падрабязнае тэкставае апісанне, што дазваляе захаваць і замацаваць атрыманыя ад прагляду відэакурса веды.