ГУБАЗіК распаўсюджвае экстрэмісцкі лагатып, беларусаў затрымліваюць за «палітыку», працягваецца ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 красавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў. Незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі, адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Высветлілася, што ГУБАЗіК, які выкарыстоўвае лагатып «Z», адкрыта парушае закон
Пасля пачатку вайны ва Украіне лацінская літара Z стала сімвалам расійскай вайсковай агрэсіі. Але ж плакат з гэтай літарай вісіць у кабінеце ГУБАЗіК! На яго фоне часцяком запісваюць «пакаяльныя відэа».
Праваабаронцы высветлілі, што лагатып «Z» у Беларусі быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ ўлетку мінулага года. 13 жніўня 2021 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацсеткі TUT.ВY «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Згодна з рашэннем суда, «экстрэмісцкімі» былі прызнаныя таксама «лагатыпы і лічбавыя знакі «TUT.ВY» и «Z»». Гэтае рашэнне суда можна знайсці ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Цікава атрымліваецца: сілавікі, якія затрымліваюць, у тым ліку, за забароненыя сімвалы, самі выкарыстоўваюць забароненыя сімвалы. То бок, самі ж і з’яўляюцца злачынцамі.
Дарэчы, «простых смяротных» за «экстрэмісцкі тэкст «Z» ужо каралі. У праваабаронцаў нават ёсць копія пастановы суда, згодна з якой да вайны ва Украіне беларуса аштрафавалі на 725 рублёў за тое, што ён «распаўсюдзіў інфармацыйную прадукцыю, якая змяшчае лагатыпы, а таксама тэкст «Z».
Праваабаронцы даведаліся пра новыя затрыманні
У Мінску па справе, звязанай з абразай Лукашэнкі ў інтэнэце, затрымалі 47-гадовага Сяргея Міцука - бацьку палітвязня Арцема Міцука. Сяргея дапыталі, паглядзелі тэлефон, нічога не знайшлі і адпусцілі з РУУСа.
Праваабаронцам стала вядома, што сёння ў Мінску затрымалі Настассю Даўгую. Яе родныя паведамілі, што дзяўчыне 22 гады, і што яе затрымалі дома у прысутнасці панятых. Меркавана, прычынай затрымання стала падпіска Настассі на тэлеграм-канал, на якім нядаўна з'явілася відэа, якое выстаўляе Лукашэнку не ў самым лепшым чынам. Ёсць дадзеныя, што дзяўчыну павезлі ў Заводскае РУУС, аднак знайсці яе там родным не ўдалося. Сітуацыю пагаршала тое, што дзяўчына мае праблемы са здароўем – аутаімуннае захворванне шчытападобнай залозы, пры якім лекі трэба прымаць тры разы на дзень.
«Вясна» дакладна ведае, што праз некалькі гадзін дзяўчыну адпусцілі.
Стала вядома, што ў Мінску затрымалі жанчыну, якую вы бачыце на фота. Меркавана, гэта адбылося 21 красавіка. Яе імя і прозвішча праваабаронцы пакуль не ведаюць. Калі вы пазналі затрыманую, калі ласка, напішыце «Вясне» у Тэлеграм-бот @viasna_bot, альбо на @ViasnaSOS ці @SosViasna.
З жанчынай ГУБАЗ запісаў «пакаяльнае» відэа. На ім яна гаворыць, што ёй «49 гадоў, самазаняты кравец верхняга жаночага адзення». Таксама затрыманая кажа, што была падпісаная на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, зарэгістраваная ў плане «Перамога» і сазнаецца ў тым, што 2 красавіка ў ліфце свайго дома зрабіла надпіс «Супраць вайны». ГУБАЗ паведамляе, што жанчыну «здалі неабыякавыя грамадзяне», і што ў дачыненні да яе распачата справа адразу па двух крымінальных артыкулах: 341 «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці», а таксама па арт. 361-1 «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».
Затрыманы выкладчык хірургіі Барысаўскага медколеджа Алесь Бутэнка. Ёсць дадзеныя, што мужчыну затрымалі за тое, што ён не падтрымліваў ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, выказваў гэтую сваю пазіцыі нават падчас лекцый, а таксама распавядаў студэнтам пра значнасць незарэгістраванай беларускай дзяржаўнай сімволікі. Акрамя гэтага, у віну затрыманаму ставяць тое, што ён быў падпісаны на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.
Дома ў Алеся Бутэнкі прайшоў ператрус. Дзе яго зараз утрымліваюць, невядома.
З’явіліся новыя факты ціску на палітвязняў
Палітзняволенага Арцёма Мядзведскага, які ў лютым збег з папраўчай установы №45, пераводзяць у калонію.
Раней паведамлялася, што Мядзведскі збег з лякарні ў Камянцы, куды трапіў з лёгкім страсеннем мазгоў пасля таго, як паслізнуўся і зваліўся ў будынку ПУАТ. Але праз некаторы час Арцёма затрымалі і вярнулі ў ПУАТ. 21 красавіка ў судзе Камянецкага раёна разглядзелі справу «аб пераводзе палітвязня ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоваў рэжыму».Суддзя Аксана Шкель пастанавіла перавесці Мядзведскага ў калонію тэрмінам на 9 месяцаў.
Нагадаем, Арцёма затрымалі 19 кастрычніка 2020 года. Абвінавацілі ў тым, што ўвечары 10 жніўня ён ўдзельнічаў у акцыі пратэсту каля станцыі метро «Пушкінская» і выкаціў на дарогу камень, што прывяло да блакавання праезнай часткі. 15 студзеня 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады «хіміі».
Стала вядома, што ў лютым адміністрацыя «Валадаркі» пакарала палітвязня Аляксандра Зялюткіна 10 суткамі карцара. На знак пратэсту ён абвесціў галадоўку, якую трымаў восем дзён. На восьмыя суткі Аляксандра перавялі ў камеру.
41-гадовы Аляксандр Зялюткін - бацька шасці непаўнагадовых дзяцей, спартсмен, пячнік. Яго затрымалі 7 снежня 2021 года ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) за падзеі 10 жніўня каля «Рыгі» ў Мінску. Цяпер Аляксандра ўтрымліваюць у СІЗА-1.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці і грашовым пераводам. Адрас такі: СІЗА-1: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Аляксандру Уладзіміравічу Зялюткіну. |