Хроніка пераследу за 13 красавіка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу 13 красавіка.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
На Гомельшчыне затрыманыя сем чалавек, якія перадавалі дадзеныя аб ваеннай тэхніцы
Падрабязнасці паведамляе Следчы камітэт.
Так, напрыклад, у Хойніцкім раёне 49-гадовая жанчына перадавала інфармацыю аб відах і маршрутах ваеннай тэхнікі. У Мазыры 28-гадовая маці скінула ў телеграм-канал відэа з перамяшчэннем верталётаў. Таксама трапіў пад "крыміналку" падлетак з Мазыра, навучэнец прафесійнага ліцэя, ён таксама адправіў відэа з перамяшчэннем тэхнікі.
За адпраўку фатаграфій і відэа з аналагічным зместам пад следствам апынуліся гомельскі таксіст і творчы работнік. Таксама крымінальную справу за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" распачалі ў дачыненні да яшчэ двух гамельчукоў.
Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Брестская газета: новости – 2022» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Такое рашэнне прыняў суд Ленінскага раёну Брэста 6 красавіка.
Палітвязня Яўгена Афнагеля пераводзяць на два гады ў «крытую» турму
У судзе г. Наваполацка 12 красавіка суддзя Ірына Жарова пастанавіла перавесці палітзняволенага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля на турэмны рэжым на 2 гады. Суд праходзіў па відэасувязі з калоніі. Хутка Яўгена мусяць перавесці ў «крытую» турму.
У раскладзе Вярхоўнага суда было пазначана, што суд збіраецца разглядзець справу аб пераводзе на турэмны рэжым адразу ўсіх фігурантаў справы, па якой судзілі Паўла Севярынца і актывістаў «Еўрапейскай Беларусі». Але, у выніку, у «крытую» адпраўляюць толькі Яўгена.
Палітвязня Алега Рубца змясцілі ў ПКТ пасля 40 сутак у ШІЗА
Блізкія Алега Рубца паведамляюць, што напярэдадні Дня народзінаў адміністрацыя Наваполацкай калоніі закінула палітвязня ў ШІЗА на 40 сутак. Пасля гэтага яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Акрамя гэтага, ён напісаў у лісце, што яго чакае суд па справе аб пераводзе на турэмны рэжым.
Алега затрымалі 10 жніўня 2020 года за ўдзел у масавых беспарадках у ноч з 9 на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293 КК). Суд Маскоўскага раёна Брэста 30 красавіка прысудзіў Алегу 5,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Падтрымаць Алега: ПК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Алегу Віктаравічу Рубцу.
Берасце: затрыманні за жаданне ваяваць за Украіну
У праўладных тэлеграм-каналах, а таксама на дзяржСМІ выйшлі сюжэты пра Віталя Шавелянкова і Аляксандра Жака. Абодва зняліся ў "пакаяльных відэа", дзе кажуць, што збіраліся ваяваць за Украіну (Аляксандр) і заклікалі абараняць мірнае ўкраінскае насельніцтва (Віталь). За гэта абодвух затрымалі.
Студэнт-праграміст Аляксандр нават спрабаваў даведацца, як ва ўмовах закрытых межаў трапіць ва Украіну, звяртаўся ў Польскае і Украінскае консульствы.
Пасля 1,5-месячнага арышту на волю не выйшла старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан»
Наваполацкую актывістку Вольгу Брыцікаву затрымалі яшчэ 27 лютага падчас галасавання на рэферэндуме на выбарчым участку. Яе арыштавалі на 15 сутак за тое, што яна сфатаграфавала бюлетэнь. Праз некалькі дзён над Вольгай адбыўся ўжо другі суд. Ёй прызначылі яшчэ 15 сутак за антываенную вопратку.
10 сакавіка стала вядома, што Вольгу зноў асудзілі. Па папярэдняй інфармацыі, чарговыя 15 сутак яна атрымала за паперы з надпісам «Не вайне» на вокнах.
13 красавіка Вольга мусіла выйсці на волю, але міліцыянты сказалі, што яна затрыманая на 72 гадзіны. У межах якой справы яна затрыманая — невядома. За кратамі ў часовым ізалятары г. Ушачы Брыцікава ўтрымліваецца ўжо 46-я суткі.
Жыхара Гомеля затрымалі за допісы ў падтрымку Украіны
Супрацоўнікамі Гомельскага ГУБАЗ быў затрыманы работнік камунальнай службы горада за перадачу асабістых дадзеных дзяржаўных служачых у Інтэрнэт.
Таксама яму інкрымінуюць допісы ў падтрымку войска Украіны.
Яму прад'яўлена абвінавачванне па артыкулах 130, 203-1, 367 КК Рэспублікі Беларусь.
У Мінску затрымалі рэдактарку Аляксандру Макавік
Пра затрыманне паведамляе @by_culture.
Аляксандра па адукацыі філолаг, удзельнічала ў падрыхтоўцы мноства кніг, працавала ў СМІ. Прычыны затрымання і месца, дзе ўтрымліваецца дзяўчына, невядомыя.
У Мінску затрыманая актывістка Святлана Каваленка
Раніцай 13 красавіка на працы затрымалі Святлану Каваленку. Па папярэдняй інфармацыі, яе даставілі ў Партызанскае РУУС. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Святлану ў 2020 годзе пераследвалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй, а таксама за тое, што далучылася да збору подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты.
Інфармацыя дапаўняецца.