"За сканчэннем тэрміну даўніны": юрыст каментуе адказ следчага па справе Майі Абромчык
Былая жыхарка Мінска Майя Абромчык больш за 11 гадоў спрабавала прыцягнуць да адказнасці супрацоўніка АМАПу, які пад час разгону “Плошчы” 19 снежня 2010 года, зламаў ёй нагу. Куды яна толькі не звярталася па дапамогу за гэты час: ва ўпраўленне ўнутраных спраў, пракуратуру, у Следчы камітэт, дайшла да Камітэта па правах чалавека ААН. Нарэшце 30 сакавіка 2022 года крымінальную справу аднавілі і… ў той жа дзень спынілі за сканчэннем тэрміну даўніны.
У адным з інтэрвію, узгадваючы падзеі снежаньскага вечара 2010 года, Абромчык падрабязна апісвае дзеянні амапаўцаў:
"Мы пайшлі галасаваць, а пасля наша сяброўка знікла, і мы пайшлі на Плошчу, каб яе знайсці, калі яна пайшла на Плошчу. Там усе ўжо разыходзіліся. Нічога такога мы не рабілі. Калі мы сыходзілі з Плошчы, АМАПаўцы пабеглі за намі. Я была з сябрамі, узяла свайго хлопца за руку, ён пабег. Я не ведала, што рабіць. Я думала, што не буду ўцякаць. Ён схапіў мяне за руку, і мы прабеглі да сцен Валадаркі. І там ужо не было куды ўцякаць. Іх было пяць чалавек. Двое пачалі біць хлопца з дзяўчынай, якія стаялі ля Валадаркі. А трое пачалі біць майго хлопца. Я прасіла, каб яны не білі нас, што мы ідзем у аўтазак, мы згаджаемся. І адзін сказаў, што калі я не хачу, каб яны білі хлопца, то трэба збіць мяне, раз я такая смелая. Яны крычалі на нас, абражалі. А я вельмі ветліва папрасіла. Толькі адзін мяне біў. І калі я ўпала, то ён працягваў мяне біць. Я не магла ўстаць, бо вельмі балела нага. Яны нас прымусілі бегам ісці ў аўтазак. Гэты АМАПавец мяне яшчэ раз ударыў, калі я ляжала, і прымусіў уставаць. Але я не магла ўжо. Мяне хлопец занёс на руках у аўтазак. Мяне пасадзілі ў «стакан» для двух чалавек. Там была жанчына і яна патэлефанавала праваабаронцам і журналістам. Мы прыехалі на Акрэсціна, і тыя, хто быў у аўтазаку, прасілі, каб мне выклікалі «хуткую дапамгу». А міліцыя не хацела, маўляў, проста так не б’юць...”
У красавіку 2011 года пракурор Маскоўскага раёну г. Мінска паведаміў Абромчык, што па яе скарзе пракуратура завяла крымінальную справу паводле арт. 155 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў па неасцярожнасці) на нявысветленую асобу. У судова-медычнай экспертызе, якая была зроблена па патрабаванні пракуратуры, адзначана, што траўмы, зафіксаваныя ў Майі, могуць быць нанесеныя прадметам, падобным да міліцэйскай дубінкі. Тым не менш пракурор гэтага ня ўзяў пад увагу.
Рэабілітацыя складанага пералому доўжылася цягам году, падчас якіх Майя перанесла тры аперацыі.
У 2013 годзе Абромчык разам з адвакатам Сяргеем Галубком звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Майя Абромчык: “Буду выкарыстоўваць усе законныя метады, каб дамагчыся справядлівасці”
У 2018 годзе КПЧ даслаў свае Меркаванні дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь. Аднак рэакцыі на паведамленне Майя так і не дачакалася. Затым былі безвыніковыя звароты ў МЗС і Следчы камітэт. І толькі сёлета СК “арэагаваў”: аднавіў і тут жа спыніў крымінальную справу за сканчэннем тэрміну даўніны.
Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Павел Сапелка, каментуючы рашэнне СК адзначае, што ахвяры катаванняў і жорсткага абыходжання, якім яны падвергліся ў жніўні 2020 года і наступныя месяцы, чакаюць правасуддзя больш за год, а Майя Абромчык чакае яго больш 11 гадоў.
“Я ўпэўнены, што жорсткасць 2020 года - гэта спараджэнне беспакаранасці папярэдніх гадоў: Майя 19 снежня 2010 года стала ахвярай перавышэння супрацоўнікам АМАПа ўлады або службовых паўнамоцтваў – наўмыснага здзяйснення службовай асобай дзеянняў, якія відавочна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, спалучанага з гвалтам, пакутай пацярпелага альбо прымяненнем зброі або спецыяльных сродкаў. Паколькі гэта цяжкае злачынства, то тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці - 10 гадоў з дня здзяйснення злачынства. Такім чынам, не прыкладаючы намаганняў па прыцягненні да адказнасці вінаватых, следчыя стварылі ўмовы для таго, каб прадугледжаныя законам тэрміны для прыцягнення да адказнасці скончыліся. Аднак тут Следчы камітэт пайшоў яшчэ далей – гаворка пра службововае злачынстве ўжо не ідзе, і адвольнае прымяненне фізічнай сілы і спецсродкаў прыраўнялі да бытавога непаразумення, кваліфікаванае па арт. 155 КК, які прадугледжвае адказнасць за неасцярожнае прычыненне менш цяжкага ці цяжкага цялеснага пашкоджання”, - каментуе адказ СК Павел Сапелка.
Пастановай мінскага следчага Васіля Макрушыча расследаванне справы спынена, і такім чынам праігнараваныя Меркаванні Камітэта па правах чалавека ААН, згодна з якімі дзяржава-удзельнік (Беларусь) павінна была, у прыватнасці:
- правесці поўнае і эфектыўнае расследаванне па сцвярджэннях аўтара аб жорсткім звароце, прыцягнуць да адказнасці і належным чынам пакараць вінаватых;
- забяспечыць адэкватную кампенсацыю і адпаведныя меры сатысфакцыі, уключаючы пакрыццё ўсіх судовых выдаткаў і выдаткаў на медыцынскае абслугоўванне, а таксама нематэрыяльнай шкоды, нанесенай аўтару;
- прынесці аўтару афіцыйныя прабачэнні, а таксама абавязана прыняць усе неабходныя меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні і ў святле сваіх абавязацельстваў па Факультатыўным пратаколе да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам.
Майя Абромчык зараз плануе дамагчыся перакваліфікацыі гэтай справы на нейкі іншы артыкул.
"Там, адпаведна, будуць іншыя тэрміны даўніны. Верагодна, вядома, гэта не мае сэнсу, але я хачу выкарыстоўваць усе магчымыя законныя шляхі, каб вінаватага пакаралі," - паведаміла яна нядаўна журналістам.