viasna on patreon

"Другі раз за год мы з дачкой экстранна пакінулі дом", — жонка палітвязня Кіма Самусенкі

2022 2022-04-04T18:00:39+0300 2022-04-04T18:45:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/samusenka_w.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Актывіста і сябра рады грамадскага руху "Дзея" Кіма Самусенку асудзілі па справе "падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках" і "ўзлому камп'ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама" да шасці з паловай гадоў калоніі. Па гэтай жа справе да чатырох гадоў зняволення асуджаны яго родны брат Аляксей. У канцы красавіка чакаецца апеляцыя, а пасля іх этапуюць у калоніі. На волі Кіма чакае жонка Алеся — украінка і кандыдатка гістарычных навук — і амаль двухгадовая дачка Лада, якая апошні раз бачыла бацьку, калі ёй было толькі шэсць месяцаў. Амаль адразу пасля арышту Кіма Алеся з Ладай з'ехалі да бацькоў ва Украіну, дзе іх заспела "вялікая" вайна. Алеся з маленькай дачкой другі раз за год былі вымушаныя ў мэтах бяспекі пакінуць дом. У гэты раз — пад абстрэлы і сірэны паветранай трывогі. Жонка палітвязня Кіма Самусенкі распавяла "Вясне" пра мужа, пра тое, што ёй дапамагае спраўляцца з цяжкасцямі і як дапамагчы палітзняволенаму актывісту руху "Дзея".

Кім Самусенка і жонка Алеся
Кім Самусенка і жонка Алеся

«Для Кіма найбольш важнымі з'яўляюцца сям'я і Беларусь»

Украінка Алеся і беларус Кім пазнаёміліся падчас адной з ягоных працоўных паездак у Кіеў. Сустрэча скончылася іх вяселлем у Беларусі:

«Сышліся на аснове агульных жыццёвых каштоўнасцяў і арыенціраў, на агульных поглядах на ролю чалавека ў развіцці сваёй дзяржавы і народа. Мне здаецца, што мы вельмі падыходзім адзін аднаму, але я была апошняй з акружэння Кіма, хто зразумеў, што мы ажэнімся.

Спачатку мы ездзілі адзін да аднаго: Кіеў – Мінск, Мінск – Кіеў. Хутка я абараніла дысертацыю і стала кандыдатам гістарычных навук, і толькі потым пераехала ў Беларусь цалкам. Беларусь для жыцця мы выбралі праз рацыянальныя фактары – у Кіма была добрая праца, а ў нас у планах было вяселле і папаўненне сям'і. Лагічна было мне пераехаць, а не наадварот», – узгадвае жонка палітвязня.

Алеся адгукаецца пра мужа толькі добрымі словамі і адзначае, што Беларусь, як і сям'я, займае важнае месца ў яго жыцці:

«Мне падабаюцца ў Кіме яго розум, крэатыўнасць, пачуццё гумару, знешнасць. Я вельмі паважаю і цаню Кіма за тое, што ён – адкрыты, адказны чалавек. Я магу быць упэўненая, што, калі ён нешта паабяцаў, ён прыкладзе максімум намаганняў для рэалізацыі абяцанага. Я ўдзячная Кіму за яго клапатлівае стаўленне да мяне і да нашай дачкі Лады.

Для Кіма найбольш важнымі з'яўляюцца сям'я і Беларусь – толькі калі падымаюцца гэтыя тэмы, звычайна стрыманы, ён можа дазволіць сабе эмоцыі».

«У першым лісце Кім шкадаваў, што не можа дапамагаць клапаціцца аб Ладзе»

Дачка Кіма Лада з паштоўкай ад таты
Дачка Кіма Лада з паштоўкай ад таты

У Алесі і Кіма ў красавіку 2020 году нарадзілася дачка Лада, а праз шэсць месяцаў яго затрымалі. Ужо паўтары года дзяўчынка расце без таты:

«Кіма арыштавалі, калі ёй было ўсяго шэсць месяцаў, але і за гэты час я пераканалася, што наш тата – лепшы тата. Ён максімальна ўключаўся ў працэс дагляду за дзіцем, падмяняў мяне ноччу ў першыя бяссонныя месяцы. У першым лісце, які я атрымала пасля заключэння Кіма, ён шкадаваў, што не можа мне дапамагаць клапаціцца аб Ладзе…»

Першыя месяцы жыцця Лады супалі з пачаткам пратэстаў у Беларусі. Па словах Алесі, гэты час быў поўны эмоцый для сям'і Самусенак:

«Лета і восень 2020-га года, калі ў Беларусі разгортваліся пратэсты і калі ў лістападзе былі арыштаваныя Кім і ягоны брат Аляксей, былі поўныя для нас розных эмоцый – веры, надзеі, уздыму, неразумення, злосці, адчаю. Думаю, пра гэта абавязкова будуць мемуары. Я, як гісторык, не магу сабе дазволіць не захаваць успаміны для нашчадкаў».

«На кожнае пакаленне выпадае сваё выпрабаванне»

Кіма затрымалі 3 лістапада 2020 пасля ператрусаў у яго дома і доме ягонай маці. Следчы камітэт заявіў, што ён і яго знаёмы датычныя да ўзлома кампутарнай сістэмы Мінгарвыканкама і пратэстаў у жніўні 20-га году. Праз дзень у межах гэтай жа справы быў затрыманы брат Кіма Аляксей. Алеся распавядае, што спраўляцца з цяжкасцямі ёй і іх сям'і дапамагае салідарнасць людзей:

«Паколькі сітуацыя заключэння Кіма і Аляксея яшчэ працягваецца, то пытанне для нас не закрытае, мы ўсё да гэтага часу ў стане нявызначанасці. Мы ні ў якім разе не ўспрымаем як норму тое, што нашы родныя адарваныя ад нас. Як па мне, самым вялікім суцяшэннем у нашых умовах з'яўляецца дапамога і падтрымка многіх беларусаў, украінцаў і прадстаўнікоў іншых народаў. Гэта тое, адкуль мы кожны раз бярэм сілы і натхненне ісці далей і змагацца за нашых блізкіх.

Паштоўка Кіма жонцы Алеся
Паштоўка Кіма жонцы

Цяпер, падчас вайны, мяне падтрымлівае прыняцце абставінаў. Я раблю тое, што ад мяне залежыць – я клапачуся пра сябе, пра дачку, пра Кіма, працягваю навуковую творчасць, дапамагаю ўкраінцам, як магу. На кожнае пакаленне выпадае сваё выпрабаванне. Таму я раблю і буду рабіць усё магчымае, каб ужо маё пакаленне мела больш шчасця».

Алеся з дачкой з меркаванняў бяспекі пакінула Беларусь амаль адразу пасля арышту Кіма і Аляксея, таму яны не бачыліся ўжо паўтары гады. За гэты час яе мужа паспелі асудзіць у закрытым рэжыме да шасці з паловай гадоў калоніі: 

«За амаль паўтара года я ні разу не бачыла іх ні на судзе, ні на спатканнях. Я абавязкова перажыву. Але як адаб'ецца на Ладзе адсутнасць зносін з бацькам, родным дзядзькам, беларускімі бабуляй і дзядулем? Гэта можа выклікаць незваротныя наступствы, якія паўплываюць на ўсё яе жыццё. І вось тут сапраўды балюча».

«Мы ехалі праз палову Украіны, якую абстрэльвалі ракетамі» 

Кім Самусенка і жонка Алеся
Кім Самусенка і жонка Алеся

Падчас уварвання расейскіх войскаў ва Украіну Алеся і Лада жылі ў Крапіўніцкім – горадзе ў Цэнтральнай Украіне. Яна другі раз за год і некалькі месяцаў у мэтах бяспекі вымушаная пакінуць дом з маленькай дачкой:

«Таму 24 лютага мы сустрэлі не выбухамі, як у Кіеве, але і "добрай" тую раніцу назваць цяжка. Рашэнне з'ехаць я прыняла у той жа дзень – я ведаю, якімі бываюць людзі, якія лічаць, што яны маюць права рабіць усё. Па-першае, непрадказальнымі. Па-другое, жорсткімі. Я вельмі баялася за Ладу. Я баялася, што, калі мяне заб'юць, то ў Лады не будзе і мамы побач. Такім чынам, мы паехалі ў Польшчу.

Фактычна, мы ехалі праз палову Украіны, якую абстрэльвалі ракетамі. Калі мы ў чарговы раз хаваліся ў сховішча пад выццё сірэн, я ўпала і моцна ўдарыла локаць – ён і да гэтага часу баліць і нагадвае тыя жудасныя перажыванні пасля 24 лютага».

«Відчуваю віру у те, що ми переможемо»

«Цяпер я адчуваю смутак праз тое, што другі раз за год і некалькі месяцаў мы з дачкой экстранна пакінулі дом. 

Я відчуваю гордість за свій народ, надію на те, що у моїх рідних, друзів та знайомих в Україні все буде добре, а також віру у те, що ми переможемо», – кажа Алеся [усё інтэрв'ю Алеся давала на ўкраінскай мове, гэты выраз мы вырашылі пакінуць на яе роднай мове].

Па словах Алесі, Кім, як і большасць палітвязняў, не мае поўнай і аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ва Украіне з 24 лютага:

«Думаю, варта адзначыць, што вайна Расіі супраць Украіны пачалася яшчэ ў 2014 годзе, таму Кім пра яе дакладна ведае. А вось аб пачатку поўнамаштабнай агрэсіі 24 лютага 2022 года амаль няма інфармацыі, але дакладна ведае, што пачалося ў тую жудасную раніцу». 

«Кім цяпер падпісаў ліст "Да хуткай сустрэчы

Кім, як і большасць беларускіх палітвязняў цяпер, мае праблемы з ліставаннем:

«З сярэдзіны лютага я атрымала толькі тры лісты ад Кіма. Ён, як заўсёды, абавязкова перадае ўсім віншаванні і дзякуе за падтрымку. Вельмі непакоіцца, як справы ў нас з дачкой, у маіх бацькоў, а таксама ў нашых сяброў і знаёмых. Дае парады, як арганізаваць святкаванне Дня нараджэння дачкі, які будзе 16 красавіка. Кім увесь час зняволення настроены аптымістычна, таму і цяпер падпісаў ліст "Да хуткай сустрэчы». 

У сярэдзіне лютага 2022 стала вядома, што Кіма перавялі з СІЗА-1 у турму №4. Упершыню за доўгі час ён змог там пасмакаваць марозіва:

«Кім чалавек, які не вельмі лічыцца з бытавым дыскамфортам, а таму і скаргаў ад яго цяжка атрымаць. Мы пакуль не вельмі шмат атрымалі інфармацыі ў дачыненні да ўмоваў знаходжання ў Магілёве, але найбольш высокія балы атрымала мясцовая "атаварка", дзе мой каханы за амаль паўтара года нарэшце змог купіць сабе марозіва. Таксама ведаю, што Кім знайшоў менш цікавых кніг у мясцовай бібліятэцы».

Многія ўжо пазнаюць персанажа Кіма, якога ён прыдумаў у засценках «Валадаркі» слімака-кавамана Ёсіпа, які для палітвязня з'яўляецца сапраўдным Тайлерам Дэрдэнам. Ёсіп стаў знакамітасцю у яго нават з’явілася свая старонка ў Instagram і на Фэйсбуку.

Слімак-каваман Ёсіп, якога ў СІЗА-1 намаляваў Кім Самусенка
Слімак-каваман Ёсіп, якога ў СІЗА-1 намаляваў Кім Самусенка

Акрамя гэтага, вядомая беларуская мастачка Вольга Якубоўская нават напісала з Ёсіпам карціну. 

Праца Вольгі Якубоўскай, прысвечаная Кіму Самусенку, яго жонцы і дачцэ
Праца Вольгі Якубоўскай, прысвечаная Кіму Самусенку, яго жонцы і дачцэ "Дадому"

«За што мы да гэтага часу бясконца ўдзячныя майстру», — кажа Алеся.

Таксама з больш раннім малюнкам Кіма ініцыятыва "Вольныя паштоўкі" зрабіла паштоўку. І гэтак жа ў іх ёсць навагодняя калекцыя паштовак, дзе ёсць калядны Ёсіп. 

Лісты, грашовыя пераводы і дапамога маці з перадачамі – як дапамагчы Кіму

Ліст Кіма Самусенкі да жонкі
Ліст Кіма Самусенкі да жонкі

Алеся распавядае, як можна падтрымаць Кіма і іх сям'ю: 

«У канцы красавіка ў Кіма будзе апеляцыя, а да гэтага яшчэ можна адправіць яму на рахунак некалькі рублёў (пасля апеляцыі сродкі не будуць пералічваць). Гэтак жа яго вельмі падтрымаюць лісты. На жаль, цяпер праблема з ліставаннем, але я веру, што атрымаецца аднавіць перапіску.

Я была б вельмі ўдзячная, калі б дапамаглі маці Кіма з набыццём перадачы. Асабіста я цяпер шукаю выдаленую працу з частковай занятасцю, бо гляджу за дачкой 24/7. Таму калі вам патрэбны гісторык і кандыдат гістарычных навук гэта я». 

Падтрымаць палітвязняў Кіма і яго брата Аляксея лістамі, грашовымі пераводамі можна па адрасе:

Турма №4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Кім Андрэевіч Самусенка

Аляксей Андрэевіч Самусенка

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства