viasna on patreon

Затрыманні, звальненні, суды: хроніка пераследу 4 красавіка Дапоўнена

2022 2022-04-04T15:33:26+0300 2022-04-06T14:22:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/matyrka_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 красавіка ў Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, ціск на палітвязняў, а таксама прызнанне незалежных медыяпрадуктаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сілы Расійскай Федэрацыі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» збірае апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманы чарговы супрацоўнік чыгункі

30 сакавіка быў затрыманы работнік Баранавіцкага аддзялення БЧ і адміністратар тэматычных рэсурсаў Беларускай чыгункі ва «Укантакце» і «Аднакласніках» Валянцін Самасюк, паведамляе @belzhd_live.

Дзе ён зараз знаходзіцца і які ў яго статус — невядома.


Зноў затрыманы ксёндз Аляксандр Баран

Пра гэта паведамляе група "Хрысціянская візія". Настаяцель каталіцкай парафіі ў Лынтупах, ксёндз Аляксандр Баран быў затрыманы яшчэ ў пятніцу, 25-га сакавіка, і правёў трое сутак пад вартай. Пасля заканчэння 72-х гадзіннага тэрміну затрымання, у панядзелак, 28 сакавіка ён быў пакінуты пад вартай яшчэ на 72 гадзіны. У сераду, 30-га сакавіка святара выпусцілі, уручыўшы позву на судовае пасяджэнне на 4 красавіка.

Меркавалася, што затрыманне ксяндза было звязанае з ягоным удзелам у акцыях салідарнасці ў жніўні 2020 года, калі ён разам са сваімі парафіянамі выходзіў на вуліцу насупраць касцёла з кветкамі ў руках, Такім чынам пратэстуючы супраць гвалту.


Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «БГЭУ|ИНИЦИАТИВА» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Такое рашэнне прынята па заяве пракуратуры Заводскага раёна Мінска.


У Мінску затрымалі Анастасію Санкоўскую

27-гадовую дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарных акцыях пратэсту — нібыта яны перакрывала дарогі.

Анастасіі інкрымінуецца арт. 342 КК (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці).


Жыхар Гомельскай вобласці яшчэ да вайны сфатаграфаваў вайсковую тэхніку і загрузіў у тэлеграм-канал — супраць яго распачалі крымінальную справу

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць пра затрыманне Івана Яснікава. Паведамляецца, што мужчына быў затрыманы за падзеі жніўня 2020 года, аднак у яго тэлефоне сілавікі знайшлі фотаздымкі вайсковай тэхнікі, якія ён яшчэ 23 лютага загрузіў у тэлеграм-канал «Калинковичи для жизни».

Па папярэдняй інфармацыі, распачата крымінальная справа па арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне да 6 гадоў калоніі.


Сілавікі затрымалі стваральніка канала «Осиповичи для жизни» Яўгена Пацкевіча

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што 34-гадовы мужчына затрыманы за каментары ў інтэрнэце.

Яўген — былы спецназавец, пасля актыўнага ўдзелу ў пратэставых акцыях восені 2020 году яго звольнілі з Асіповіцкай ЖКГ.


Крымінальную справу ў дачыненні да Андрэя Аляксандрава, Ірыны Злобінай, Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай накіравалі ў суд

Палітвязняў абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч.2 арт. 342 (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) — Аляксандраў, Злобіна;
  • ч. 1 арт. 356 (Здрада дзяржаве) — Аляксандраў, Злобіна;
  • ч.1 арт. 361-1 (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні) — Аляксандраў, Наважылаў, Леўшына;
  • ч.2 арт. 243 (Ухіленні ад выплаты падаткаў і збораў) — Аляксандраў, Наважылаў.

З Інстытута мовазнаўства звольнены акадэмік

lukashanec.jpg
Аляксандр Лукашанец. Фота: tut.by

З Інстытута мовазнаўства звольнены акадэмік Аляксандр Лукашанец. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і жорсткага падаўлення пратэстаў ён выступіў у відэазвароце навукоўцаў супраць гвалту.


За ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе затрыманы, верагодна, грамадзянін Расіі

Максім Матырка. Фота: august2020.info

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Мінску 44-гадовага Максіма Матырка. Паведамляецца, што яму інкрымінуецца арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра тое, што мужчына нібыта не мае ніякага грамадзянства — толькі пасведчанне на жыхарства ў Беларусі. Аднак Максім распавядаў сваю гісторыю затрымання праекту «Август 2020» — там ен казаў, што ўжо 16 гадоў жыве ў Беларусі, але сам — грамадзянін Расіі.


Затрыманая юрыстка ААТ «Нафтан» Вераніка Бахмутава

Паведамляецца, што яе затрымалі на наўпрост працоўным месцы — надзелі кайданкі і павезлі на допыт.

Прычынай затрымання магло паслужыць фота профіля ў Facebook, на якім прысутнічае лагатып TUT.ВY. Верагодна, сёння адбудзецца суд.


У Пінску 3 красавіка затрымалі праваабаронцу і сябра Руху «За Свабоду» Алеся Рамановіча

Падрабязнасці і прычыны затрымання пакуль невядомыя. Цяпер Алесь знаходзіцца ў пінскім ІЧУ.


Міліцыя канфіскавала аргтэхніку ў віцебскага блогера, які прыдумаў «Ябацькіны новасти»

Вядомы віцебскі відэаблогер Віталь Усціновіч трое сутак адбыў у ізалятары часовага ўтрымання. Па выхадзе на волю ён паведаміў, што міліцыянты забралі ў яго ўсю аргтэхніку, таму ягоны youtube-канал, які мае больш за 45 тыс падпісчыкаў, пакуль застаецца без новых відэаролікаў. Ці выставілі яму абвінавачанне, блогер не паведамляе. І прычынаў затрымання не называе.

Віталь — стваральнік вобраза «деда Шоушенко», а таксама сатырычнага цыклу «Ябацькіны новасти», дзе аналізуе палітычныя падзеі ў Беларусі.


Будзе дапоўнена

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства